Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 лістапада стала вядома пра сьмерць Валерыя Фралова. Сын знайшоў яго мёртвым у здымнай кватэры ў Менску.

Валерыю Фралову было 67 гадоў. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, у 2004 годзе — удзельнік дэпутацкай галадоўкі пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), генэрал Валеры Фралоў абвясьціў пра свой намер змагацца за пасаду прэзыдэнта на выбарах 2015 году.

Ён вылучаўся ў прэзыдэнты ў 2006 годзе, але ня змог сабраць патрэбнай колькасьці подпісаў і падтрымаў кандыдата ад сваёй партыі Аляксандра Казуліна. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Валеры Фралоў быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Рыхтавацца да новай прэзыдэнцкай кампаніі Фралову дапамагаў паплечнік і сябра Сяргей Скрабец.

«У яго была вельмі адкрытая душа, гэта быў чалавек шчыры, сумленны, вельмі адданы працы. Усё жыцьцё ён аддаў арміі, служыў на Далёкім Усходзе, у цяжкіх умовах. Я больш яго ведаю па працы ў парлямэнце. І там яго вельмі паважалі. Было галасаваньне, каму з дэпутатаў найбольш давяраюць — Фралоў атрымаў 80%, быў на першым месцы. Заўсёды дапамагаў усім.

Гэта вельмі нечакана, бо ён быў у вельмі добрым фізычным стане. На сваё здароўе ніколі ня скардзіўся. Таму для мяне гэта шок. Апошнім часам у яго ўмовы жыцьця былі вельмі няпростыя, бо ён апошнія паўгода жыў у вёсцы каля Заслаўя ў старым вагончыку, безь сьвятла і вады. Толькі пару тыдняў таму наняў кватэру. Вельмі актыўна рыхтаваўся да прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе. Пляны былі вельмі сур’ёзныя».

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў, Сяргей Скрабец, 8 чэрвеня, 2004 году

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў, Сяргей Скрабец, 8 чэрвеня, 2004 году

Паводле Сяргея Скрабца, Фралоў застаўся без жыльля. Сваю кватэру ў Гародні ён прадаў і ўсе грошы раздаў паплечнікам, якія зьбіралі за яго галасы падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Запамятаўся ягоны ўдзел у галадоўцы пратэсту, якая праходзіла ў Менску ў дэпутацкім доме. Апроч Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча, да яе далучыліся актывісты. Галадоўнікі, між іншым, выступалі супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Згадвае Сяргей Скрабец:

«Фралоў быў чалавек, які заўсёды змагаўся за праўду. Гэта ў яго было на першым месцы. Гэты чалавек ніколі не ішоў на зьдзелку са сваім сумленьнем. Такія людзі сёньня сустракаюцца, на жаль, вельмі рэдка».

Фралоў заявіў пра намер прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду ў наступным годзе. Ці чыніліся яму нейкія перашкоды, распавядае Сяргей Скрабец:

«Перашкоды былі, нейкія папярэджаньні. Наколькі я ведаю, ён сустракаўся зь некаторымі хлопцамі зь некаторых службаў. Але, наколькі я ведаю, пагрозаў не было. А намеры былі сур’ёзныя. Трэба ж ведаць, як генэрал падыходзіць да справы. У яго там пляны, мапы. У чалавека ж ня так проста чатыры вышэйшыя адукацыі. У яго была вельмі сур’ёзная падтрымка ў Маскве. Ён напісаў зварот да Пуціна і меркаваў сустрэцца. Пляны ў яго былі вельмі сур’ёзныя, і падтрымка ў Маскве была».

Былы дэпутат, палітык Уладзімер Навасяд называе Фралова сапраўдным афіцэрам.

Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

«Ён быў сьведкам падзеяў у Літве ў тыя пераломныя гады, калі Літва здабывала незалежнасьць і сувэрэнітэт. У яго добрыя стасункі і зь літоўскімі калегамі засталіся. Ён ведаў былых кіраўнікоў Літвы. Яны ведалі яго ролю ў гэтых падзеях і з павагай да яго ставіліся. Ён быў прыхільнікам мірнага вырашэньня ўсіх пытаньняў. Ён быў з Масхадавым знаёмы. Ён заўсёды заставаўся патрыётам сваёй радзімы, быў прыстойны зь сябрамі, з адкрытым сэрцам прымаў усіх. Шкада, што сэрца ня вытрымала такіх нечалавечых нагрузак. Ён меркаваў браць удзел у выбарах, сустракаўся, праводзіў кансультацыі з усімі палітычнымі партыямі, грамадзкімі арганізацыямі і проста знакавымі фігурамі. Заўсёды казаў, што трэба ж нешта рабіць. Як чалавек зь мінулага ён заўсёды лічыў, што верыць трэба ў Бога і для перамогі трэба нешта рабіць. Гэта такое клішэ яго як сапраўднага афіцэра. І яно яго заўсёды выдзяляла з шэрагу шэрых, паркетных генэралаў цяперашняй беларускай арміі. Гэта быў чалавек надта калярытны».

Паводле Навасяда, Фралоў не хаваў сваіх сяброўскіх сувязяў зь людзьмі, якія стаялі па розныя бакі барыкад. Таму складалася ўражаньне, што ён быў чалавек, які выпадкова трапіў у палітыку. Але такія людзі палітыку ўпрыгожваюць, лічыць Навасяд.

«Зь ім можна было і пажартаваць. Ён увесь час імкнуўся прыляпіць мне лычку на мае пагоны. Пытаўся, кім я з арміі сышоў. Я казаў — малодшы сяржант. Дык ён казаў, што дае мне сяржанта. Гэта ён так любіў усім раздаваць зоркі і пагоны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG