Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяндцы хочуць рэканструяваць зьбіты «Боінг»


У Галяндыі праходзяць жалобныя цырымоніі памяці ахвяраў катастрофы малайзійскага «Боінга», які быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня. Урадавая камісія плянуе працаваць як пры расьсьледаваньні катастрофы пад Локэрбі.

Большасьць пасажыраў самалёта мелі галяндзкае грамадзянства.

У краіне сёньня — нацыянальны дзень жалобы. Больш за паўтары тысячы сваякоў пасажыраў рэйсу MH17 бяруць удзел у цырымоніі памінаньня ў Амстэрдаме. Трыццаць зь іх зачытваюць імёны загінулых, і ня толькі галяндцаў. Іншыя прамаўляюць ці чытаюць вершы. Цырымонія праходзіць у амстэрдамскім кангрэс-цэнтры і трансьлюецца па нідэрляндзкім тэлебачаньні і ў інтэрнэце. У кангрэс-цэнтры ўстаноўленыя дзьве сьцяны зь імёнамі ўсіх загінулых, тут можна ўскласьці кветкі. На цырымоніі прысутнічаюць каралеўская сям’я і сябры ўраду Нідэрляндаў. Замежных палітыкаў не запрашалі.

У мінулую суботу на ваенным аэрадроме галяндзкага Эйндховэну зноў прызямліўся самалёт з парэшткамі і асабістымі рэчамі пасажыраў малайзійскага «Боінгу». На аэрадроме прайшоў звыклы ўжо рытуал: паліцэйскія ў абсалютнай цішыні перанесьлі труны ў чорныя аўтамабілі. Парэшткі былі перавезеныя ў горад Хільвэрсум, дзе на тэрыторыі ваеннай базы праводзіцца ідэнтыфікацыя ахвяр катастрофы. Гэта быў ужо шосты падобны жалобны картэж, апошні прыбыў сюды 4 жніўня. З 298 загінулых на борце «Боінга» не ідэнтыфікаванымі застаюцца 20 чалавек. Новы міністар замежных спраў Нідэрляндаў Бэрт Кундэрс апошнія некалькі дзён правёў ва Ўкраіне. Паводле яго слоў, пакуль абстаноўка ў зоне крушэньня самалёта застаецца занадта небясьпечнай для аднаўленьня працы нідэрландзкіх экспэртаў.

У Радзе бясьпекі краіны — незалежным органе, які кіруе расьсьледаваньнем прычын катастрофы, — заявілі, што ў бліжэйшы час зьбіраюцца арганізаваць вываз абломкаў «Боінгу» і часткова рэканструяваць яго корпус. Падобная мэтодыка выкарыстоўвалася пры расьсьледаваньні прычын крушэньня самалёта авіякампаніі PanAm блізу шатляндзкага мястэчка Локэрбі ў сьнежні 1988 году. Кіраўнік расьсьледаваньня ў Локэрбі Пітэр Клэйдэн распавёў у інтэрвію нідэрляндзкай праграме Een Vandaag:

На тое, каб сабраць і вывезьці абломкі самалёта зь велізарнай тэрыторыі, у нас пайшло шмат часу. Затым усе абломкі былі сабраныя ў вельмі вялікі ангар. Потым мы адабралі тыя абломкі, якія ўяўлялі цікавасьць для расьсьледаваньня, і ўрэшце рэшт рэканструявалі тую частку авіяляйнера, дзе былі сьляды выбуховага рэчыва.

Па выніках расьсьледаваньня трагедыі ў Локэрбі ўдалося ўстанавіць, што заказ на тэракт паступіў ад тагачаснага лібійскага лідэра Муамара Кадафі, аднак спатрэбілася яшчэ 12 гадоў, каб дамагчыся ад Лібіі выдачы падазраваных тэрарыстаў, нагадвае Пітэр Клэйдэн. А былы кіраўнік нідэрляндзкай Рады бясьпекі па расьсьледаваньнях Пітэр ван Валэнховэн ў эфіры той жа тэлепраграмы заявіў, што для сваякоў загінулых важная ня столькі хуткасьць расьсьледаваньня, колькі ўсьведамленьне таго, што сьледзтва ідзе, што нехта займаецца пошукам праўды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG