Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Блізкія сутыкненьні» Расеі з Захадам балянсуюць на мяжы вайны


Швэдзкія самалёты ў небе над Літвой
Швэдзкія самалёты ў небе над Літвой

За апошнія восем месяцаў адбылося амаль 40 небясьпечных інцыдэнтаў, у якія былі замешаныя вайсковыя сілы Расеі і Захаду.

Гэтыя інцыдэнты, называючы іх «блізкімі вайсковымі сутыкненьнямі», апісвае справаздача пад назвай «Небясьпечнае балянсаваньне на мяжы вайны». Справаздача была падрыхтаваная Сеткай эўрапейскіх лідэраў (European Leadership Network), дасьледчай арганізацыяй зь Лёндану, якая засяроджвае сваю ўвагу на пытаньнях сусьветнага раззбраеньня.

Сярод гэтых інцыдэнтаў згадваюцца наступныя, якія, паводле аўтараў, пагражалі б несумненнай эскаляцыяй канфлікту паміж Расеяй і Захадам, калі б закончыліся чалавечымі ахвярамі:

1. 3 сакавіка 2014 ледзь не дайшло да сутыкненьня пасажырскага самалёта авіялініі SAS з больш чым 130 асобамі на борце (палёт Капэнгаген-Рым) з расейскім выведным самалётам, які не падаваў ніякіх сыгналаў аб сваім знаходжаньні ў паветры. Калі б дайшло да сутыкненьня, пішуць аўтары справаздачы, гэта напэўна азначала б санкцыі Захаду супраць Расеі і ўзмоцненае патруляваньне басэйну Балтыйскага мора самалётамі НАТО.

2. 5 верасьня 2014 расейскія спэцслужбы выкралі з прапускнога пункту на эстонска-расейскай мяжы афіцэра эстонскай выведкі, якога потым вывезьлі ў Маскву, дзе абвінавацілі ў шпіянажы. У апэрацыі выкарыстоўваліся дымавыя шашкі і электроннае глушэньне сувязі.

3. У чэрвені 2014 расейскі вайсковы самалёт наблізіўся да дацкага вострава Борнхальм і правёў сымуляваную атаку на востраў.

4. 16 ліпеня 2014 расейскі зьнішчальнік спрабаваў перахапіць швэдзкі выведны самалёт, які знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы паміж востравам Готланд і Латвіяй.

5. 18 ліпеня 2014 расейскія зьнішчальнікі перасьледавалі амэрыканскі выведны самалёт, які выконваў заданьне поблізу Калінінграду, ажно да швэдзкай паветранай прасторы.

6. У пачатку верасьня 2014 расейскія стратэгічныя бамбавікі ўдзельнічалі ў вучэньнях на Лябрадорскім моры, адпрацоўваючы ўдары крылатых ракетаў па мішэнях на тэрыторыі ЗША.

Паводле справаздачы, гэтыя і іншыя інцыдэнты «складаюцца ў вельмі трывожную карціну» парушэньняў паветранай прасторы і іншых небясьпечных дзеяньняў «у вельмі шырокім геаграфічным рэгіёне» ад Балтыйскага і Чорнага мораў да межаў ЗША і Канады.

Аўтары справаздачы заклікаюць Крэмль «тэрмінова перагледзець усе кошты і рызыкі», зьвязаныя з дэманстрацыяй такой вайсковай палітыкі, ды зьвяртаюцца да ўсіх бакоў з просьбай праявіць стрыманасьць і «палепшыць сувязь і празрыстасьць» у вайсковых кантактах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG