Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка дзіцячага садку пра падазронага з вуліцы Гая: Эдуард нажом не пагражаў


Менскі дзіцячы садок № 234. Тут 6 лістапада Эдуарда бачылі з нажом.
Менскі дзіцячы садок № 234. Тут 6 лістапада Эдуарда бачылі з нажом.

Менскія сьледчыя высьвятляюць абставіны, якія папярэднічалі суботняй трагедыі на сталічнай вуліцы Гая, ахвярамі якой сталі два чалавекі, а яшчэ два былі параненыя, у тым ліку трохгадовы хлопчык.

Што вядома пра асобу гэтага чалавека, пра якога Сьледчы камітэт паведамляе, што ён параніў нажом жонку і малалетніх дзяцей, а потым сеў за руль аўтамабіля і ў выніку аварыі забіў двух ні ў чым не вінаватых людзей?

Завуць затрыманага Эдуард, яму 38 гадоў. Прозьвішча ягонага сьледчыя і міліцыя не паведамляюць. Афіцыйныя крыніцы называюць яго дырэктарам закрытага акцыянэрнага таварыства. Суседзі Эдуарда па Сморгаўскім завулку пацьвярджаюць, што ён працаваў у камэрцыйнай структуры. Пра нядрэнныя заробкі Эдуарда сьведчыць і ягоны аўтамабіль «Аўдзі-А8», на якім ён і трапіў у суботу ў тое ДТЗ на вуліцы Гая, якое прывяло да сьмерці двух чалавек. Як паводзіў сябе Эдуард з суседзямі, ці быў схільны да канфліктаў?

Пытаюся ў мужчыны, які ў гаражы побач рамантуе аўтамабіль. Што ён можа сказаць пра свайго суседа?

«Толькі добрае», — адказвае сусед, але ад далейшых пытаньняў ухіляецца. Пацьвярджае толькі, што Эдуард дакладна быў прадпрымальнікам, у міліцыі ці спэцслужбах ня служыць.

«Нармальная сям’я была. Яна ветлівая, ён нікога не чапаў», — кажа жанчына з дому насупраць і зачыняе дзьверы знутры.

«Не, ня чула пра канфлікты. Але са мной ён не вітаўся. Праедзе на аўтамабілі, дый усё», — падзялілася назіраньнямі яшчэ адна суседка, Алена Іванаўна.

Вядома, што міліцыя затрымала Эдуарда 8 лістапада раніцай, неўзабаве пасьля таго, як ён кінуў свой аўтамабіль на месцы аварыі, у якой загінулі два чалавекі і былі пабітыя 5 машын, разам зь ягонай «Аўдзі». З аўтамабіля Эдуард выйшаў босы, у трусах і майцы. У той жа дзень праз інтэрнэт стала вядома, што яшчэ ў чацьвер з удзелам Эдуарда здарыўся інцыдэнт у дзіцячым садку, куды ходзіць ягоны трохгадовы сын. Нібыта бацька прыйшоў забіраць сына ў неадэкватным стане, пагражаў нажом. Ці гэта так?

Дом на 5-м Сморгаўскім завулку, дзе на другім паверсе арандавала жытло сям’я Эдуарда. На прыпаркаваным каля дому белым аўтамабілі езьдзіла жонка затрыманага
Дом на 5-м Сморгаўскім завулку, дзе на другім паверсе арандавала жытло сям’я Эдуарда. На прыпаркаваным каля дому белым аўтамабілі езьдзіла жонка затрыманага

Паводле дырэктаркі дзіцячага садку № 234 Алы Прохарчык, Эдуард не пагражаў нажом, але нож у яго супрацоўніцы садку бачылі. Дырэктарка ня лічыць, што сытуацыя была надзвычайнай.

«Ведаеце, калі б было ўсё вельмі сур’ёзна, магчыма, па-іншаму б адрэагавалі. Так, ён дастаў нож, але не пагражаў, не крычаў. Сына мы аддалі маці. Няўжо вы думаеце, што мы б аддалі дзіця тату з нажом? Не. Па сына ж прыйшла маці, і старэйшая дачка была... Прабачце, у мяне няма часу, мне яшчэ ў столькі інстанцыяў трэба адказаць».

Карэспандэнт: «А як здароўе пацярпелых?»

«Дзяўчынцы стала лепей. Жонцы таксама, але яна менш і пацярпела».

Таксама Ала Прохарчык паведаміла, што пасьля інцыдэнту з нажом у садок выклікалі міліцыю. «А што яны далей з гэтым рабілі, мне невядома», — дадала Ала Прохарчык. Яна пацьвердзіла, што падазронага завуць Эдуард, але адмовілася паведаміць ягонае прозьвішча, каб не нашкодзіць сям’і.

Чаму выкліканыя ў садок міліцыянты не паведамілі пра інцыдэнт хаця б участковаму той вуліцы, дзе жыве сям’я Эдуарда? Магчыма, трагічных наступстваў можна было б пазьбегнуць. Прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі ня стаў камэнтаваць дзеяньні міліцыі адносна інцыдэнту ў дзіцячым садку № 234.

«Усе падзеі цяпер разглядаюцца ў межах крымінальнай справы, таму камэнтары ад міліцыі цяпер проста не да месца».

Тым часам у інтэрнэце расьце колькасьць вэрсіяў таго, што магло здарыцца з пасьпяховым зьнешне чалавекам, якім выглядаў Эдуард. Экспэртыза паказала, што ён ня быў у стане алькагольнага ап’яненьня ці пад узьдзеяньнем наркотыкаў.Але знаўцы ў інтэрнэце пішуць, што каб вызначыць некаторыя сучасныя хімічныя наркотыкі, патрэбныя больш складаныя тэсты. Гучаць таксама вэрсіі пра помсту падманутага мужа, пра псыхічнае расстройства з прычыны эканамічнага банкруцтва ці пад узьдзеяньнем нейкай рэлігійнай сэкты.

У Сьледчым камітэце заяўляюць, што яшчэ не разабраліся з матывам дзеяньняў падазронага і таму прызначылі яму стацыянарную комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG