Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжарная жонка Севярынца рэклямуе курсы «Дыджэі Адраджэньня»


Фота зь вясельля Вольгі і Паўла

Фота зь вясельля Вольгі і Паўла

«Я скончыла курсы дыджэяў Адраджэньня і стала жонкай Севярынца. А што зможаш ты?», — напісана на запрашэньні на курсы, новы сэзон якіх пасьля чатырохгадовага перапынку стартуе 11 лістапада.

Вольга Севярынец стала дыджэем Адраджэньня ў 2008 годзе, на курсах яна пазнаёмілася з будучым мужам — Паўлам Севярынцам, які іх запачаткаваў і праводзіў. Цяпер сям’я чакае першынца. Вольга зьнялася для рэклямы курсаў у сацыяльных сетках. На фота яна, цяжарная, паказвае дыплём дыджэя.

Курсы «Дыджэі Адраджэньня» першы раз адбыліся ўвосень 1999 году. Тады іх зьяўленьне было зьвязанае з вострым недахопам у «Маладым фронце» людзей, здольных праводзіць імпрэзы, акцыі і віктарыны. Каб не вучыцца гэта рабіць на ўласных памылках, лідэр маладафронтаўцаў Павал Севярынец арганізаваў курсы, дзе моладзь здабывала ўменьні беларускіх «масавікоў-зацейнікаў», паралельна асвойваючы тэорыю правядзеньня шоў і аратарскае майстэрства.

З 1999 па 2010 год адбылося 9 выпускаў дыджэяў. Цяпер курсы аднаўляюцца пасьля амаль чатырохгадовага перапынку, які быў зьвязаны з Плошчай і арыштам Паўла Севярынца.

Навучаньне дагэтуль праходзіла на нэўтральных пляцоўках, на сядзібах дэмакратычнага руху. А выпрабаваньні ўжо ладзіліся па школах, ва ўнівэрсытэтах, у вучэльнях — там, дзе настаўнікі маглі даць час і памяшканьне для пазакляснай працы. Там адбываліся сотні шоў Беларушчыны, выступаў, канцэртаў.

«Беларусі зараз цяжка. Для таго каб падняць яе, уратаваць і адрадзіць у нацыянальным і духоўным плянах, мы рыхтуем людзей, якія гэта могуць і ўмеюць рабіць. Жніво вялікае, работнікаў мала. Але калі сэрца баліць за Беларусь, мы дапаможам вам падрыхтавацца і адраджаць Беларусь эфэктыўна», — так запрашае Павал Севярынец на курсы.

На першых занятках удзельнікі пройдуць тэст са ста пытаньняў і атрымаюць першапачатковы рэйтынг. Затым на кожным з заняткаў яны будуць слухаць лекцыі на пэўную тэму, зьвязаную зь беларушчынай і тэорыяй правядзеньня імпрэзаў. Будуць і практычныя заняткі. У канцы цыклю ўсе ўдзельнікі пройдуць выпрабаваньні — гэта можа быць шоў беларушчыны ў менскай навучальнай установе, беларуская па форме і хрысьціянская па зьмесьце акцыя, пра якую напішуць нацыянальныя СМІ, альбо вандроўка ў глухое беларускае мястэчка з заданьнем арганізаваць там вечарыну, віктарыну альбо іншую акцыю.

12 пераможцаў кожнага цыклю — а гэта тыя, хто атрымае найбольшую колькасьць балаў як падчас зальных імпрэзаў, так і за выпрабаваньні, — увойдуць у ордэн дыджэяў Адраджэньня. Павал Севярынец адзначае, што шматлікія выпускнікі курсаў цяпер вядомыя як журналісты, палітычныя і грамадзкія дзеячы — гэта Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Аксана Рудовіч, Вольга Данішэвіч, Алег Корбан, Алёна Чарняева-Валынец ды іншыя.

Павал Севярынец кажа, што ахвотна запрашае на курсы і тых, хто хоча знайсьці сваю другую палавінку ў коле адданых Беларусі людзей:

Людзі, якія маюць агульныя погляды, у якіх душа баліць за Беларусь, могуць знайсьці адно аднаго і рабіць Адраджэньне разам

«Гэта пытаньне вельмі важнае, я кажу гэта як шматгадовы кіраўнік „Маладога фронту“. Калі ў арганізацыі адны хлопцы і няма дзяўчат, то хлопцам робіцца нецікава. Таму курсы дыджэяў — гэта яшчэ і спосаб знайсьці сваю палову, чаму б і не. Людзі, якія маюць агульныя погляды, у якіх душа баліць за Беларусь, могуць знайсьці адно аднаго і рабіць Адраджэньне разам».

Пасьля зьяўленьня ў сацыяльных сетках рэклямы з фатаздымкам цяжарнай Вольгі Севярынец, на адрас арганізатараў прагучалі кпіны — маўляў, праводзяцца курсы для нявест і жаніхоў. Вольга Севярынец кажа, што задачай застаецца навучаньне лідэрскім і аратарскім здольнасьцям, але калі некаму падчас заняткаў удасца завесьці лёсавызначальнае, як у яе з Паўлам, знаёмства, то нічога кепскага ў гэтым ня будзе:

«Курсы дыджэяў — гэта ня толькі магчымасьць даведацца нешта новае і прыгожае пра Беларусь, навучыцца ўпэўнена пачувацца падчас размоваў пра беларускую культуру і гісторыю, але і магчымасьць сустрэць новых сяброў, а магчыма, і мужа ці жонку. Я не кажу, што Павал ладзіць курсы для нявест і жаніхоў, проста Бог зводзіць людзей у розных месцах, то чаму б і не на гэтых курсах?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG