Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыйны супраціў» адмовіўся ад кантактаў з прадстаўнікамі АБСЭ з-за справаздачы пра абстрэл данецкай школы


Дзьмітры Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Пра гэта паведаміў каардынатар групы Дзьмітры Тымчук. Сваё рашэньне ён зьвязаў з тым, што АБСЭ «вельмі часта выступае ў ролі шырмы для агрэсіўных плянаў» Расеі.

«З прычыны апошніх падзей (маецца на ўвазе справаздача назіральнікаў АБСЭ пра гібель людзей паблізу школы № 63 у Данецку ў выніку абстрэлу, як і папярэднія факты супрацоўніцтва АБСЭ з тэрарыстамі і дзейнасьць на карысьць агрэсара ў асобе Расеі) мы, група „Інфармацыйны супраціў“, вымушаныя адмовіцца ад кантактаў з прадстаўнікамі Вашай арганізацыі», — гаворыцца ў адказе групы на просьбу прадстаўнікоў АБСЭ аб сустрэчы і экспэртных кансультацыях.

«Мы высока цэнім намаганьні і дзейнасьць прадстаўнікоў АБСЭ з эўрапейскіх краін. Аднак пакуль у АБСЭ шырока прадстаўлены грамадзяне Расеі, гэтая арганізацыя, на наш глыбокі жаль, вельмі часта выступае ў ролі шырмы для агрэсіўных плянаў Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны», — дадаюць украінскія экспэрты.

У суботу, 8 лістапада, АБСЭ апублікавала справаздачу пра абстрэл 5 лістапада двара школы № 63 у Данецку. Пры абстрэле загінулі двое падлеткаў, яшчэ некалькі чалавек былі параненыя. Справаздача ня ўтрымлівае абвінавачваньняў наўпрост на адрас аднаго з бакоў канфлікту. Аднак на падставе гэтага дакумэнта сталы прадстаўнік Расеі пры АБСЭ Андрэй Келін прыйшоў да высновы, што «стрэл па дзіцячым садзе (так гэты аб’ект назваў сам Келін. — рэд.) быў ажыцьцёўлены з кірунку і дыстанцыі, якія дакладна адпавядаюць дысьлякацыі ўкраінскіх войскаў у раёне аэрапорту і населенага пункту Пяскі».

Раней блогеры ў сацсетках, журналісты, а таксама супрацоўнікі Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, прааналізаваўшы відэарэпартажы расейскіх тэлеканалаў зь месца здарэньня і фатаграфіі на сэпаратысцкіх сайтах, прыйшлі да высновы, што снарад (або міна), выбух якога забіў падлеткаў, мог быць выпушчаны толькі з усходу альбо паўночнага ўсходу — гэта значыць, з глыбіні тэрыторыяў, захопленых сэпаратыстамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG