Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ працягвае фіксаваць ваенную тэхніку каля Данецку


Грузавікі з 122-мілімэтровымі гаўбіцамі ў Макееўцы

Грузавікі з 122-мілімэтровымі гаўбіцамі ў Макееўцы

Украінскі бок «ня мае ніякіх сумневаў у тым, каму яна належыць». Сэпаратысты заявілі, што тэхніка належыць «апалчэньню ДНР».

Назіральнікі АБСЭ заўважылі на тэрыторыі, якую кантралююць сэпаратысты каля Данецку, два канвоі з 17 грузавікоў зь цяжкім узбраеньнем. Пра гэта паведамляе BBC.

Сябры маніторынгавай місіі ўжо другі дзень запар фіксуюць перамяшчэньне танкаў і іншай ваеннай тэхнікі ў падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР» раёнах.

Як гаворыцца ў справаздачы адмысловай маніторынгавай місіі АБСЭ ад 9 лістапада, у пасёлку Сьвярдлова недалёка ад Данецку назіральнікі бачылі 17 грузавікоў ЗІЛ без апазнавальных знакаў. Пяць машын везьлі на прычэпах устаноўкі залпавага агню «Град». У двух грузавіках знаходзіліся боепрыпасы. Пэрсаналу ў форме назіральнікі ў грузавіках не заўважылі.

У іншым горадзе на ўсход ад Данецку — Зугрэсе — назіральнікі зафіксавалі рух яшчэ аднаго канвою, які таксама складаўся з 17 КамАЗаў без апазнавальных знакаў. 12 машын, паводле словаў прадстаўнікоў АБСЭ, везьлі на прычэпах 122-мілімэтровыя гаўбіцы. Суправаджальнага пэрсаналу назіральнікі зноў не заўважылі.

Грузавікі, паводле сьведчаньня маніторынгавай місіі, ехалі ва ўсходнім кірунку.

У справаздачы АБСЭ ад 8 лістапада паведамляецца пра канвой з 40 грузавікоў і аўтацыстэрнаў, у тым ліку 19 КамАЗаў без маркіроўкі і нумарных знакаў, 15 КрАЗаў для перавозкі людзей, шэсьць невялікіх паліўных цыстэрнаў і адзін БТР. Машыны заўважылі ў раёнах на ўсходзе Макееўкі.

Акрамя таго, назіральнікі бачылі яшчэ адну ваенную калёну: на скрыжаваньні Ленінскай вуліцы і вуліцы Купрына, што ў сямі кілямэтрах ад цэнтру Данецку, на захад рухаліся дзевяць танкаў: чатыры Т-72 і пяць Т-64, таксама без апазнавальных знакаў.

У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі, што «ня маюць ніякіх сумневаў у іх прыналежнасьці».

Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што з Расеі на Данбас «працягваецца перакідка дадатковых фармаваньняў баевікоў, дывэрсійных груп, назапашваньне ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў». Масква адкідае абвінавачваньні ў перадачы баевікам ваеннай дапамогі.

Сэпаратысты заявілі, што заўважаная АБСЭ калёна ваеннай тэхнікі належыць так званаму «апалчэньню ДНР» і прыйшла як падмацаваньне зь іншых раёнаў.

XS
SM
MD
LG