Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску рабочыя распачалі бестэрміновую галадоўку

абноўлена

Галадоўнікі паведамілі Радыё Свабода, што цяпер іх вязуць у Гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў.

Адзін з галадоўнікаў, Мікалай Жыбуль, апавёў Радыё Свабода, што акцыя пратэсту распачалася ў Бабруйску а 10 гадзіне, а ейныя ўдзельнікі сабраліся каля будынку Бабруйскага гарвыканкаму ды чакаюць на адказ.

«Сабраліся пакуль чацьвера галадоўнікаў. Яшчэ прыйдуць тыя, хто нам спачувае. Мы прапанавалі мэру сустрэцца, але пакуль адказу няма. Будзем глядзець, што будзе адбывацца. Пакуль галадоўкі спыняць не зьбіраемся. У нас ня чуюць простых людзей, а мы хочам працаваць — гэта нашае канстытуцыйнае права», — заявіў Мікалай Жыбуль.

5 лістапада звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларусі абвесьцілі пра тое, што распачынаюць акцыю пратэсту. Прафсаюзьнікі заявілі, што будуць працягваць галадоўку два дні. Аднак папярэдзілі, што калі ніякай рэакцыі ўладаў не дачакаюцца, свой пратэст працягнуць у панядзелак. Актывісты лічаць, што іх звольнілі з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў незаконна, а сваёй галадоўкай яны намагаліся зьвярнуць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу.

Яшчэ два працаўнікі на заводзе абвясьцілі аднадзённую галадоўку ў знак салідарнасьці, — паведаміў Мікалай Жыбуль.

Удзел у галадоўцы прымаюць Мікалай Жыбуль, Міхаіл Кавалькоў, Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варонкін і Аляксандар Грамыка.

Па стане на 11:30 актывісты працягваюць акцыю пратэсту каля Бабруйскага гарвыканкаму. Паводле аднаго з галадоўнікаў, Мікалая Жыбуля, да іх з гарвыканкаму дагэтуль ніхто ня выйшаў, аднак на пляцы зьявіліся машыны ДАІ, а за акцыяй назіраюць праваахоўнікі.

Каля 12:30 усіх удзельнікаў галадоўкі ў Бабруйску затрымала міліцыя. Галадоўнікі паведамілі Радыё Свабода, што цяпер іх вязуць у Гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў.

Разам з галадоўнікамі міліцыя затрымала двух журналістаў-фрылянсэраў: Вячаслава Пяшко й Артура Бондарава. Па словах відавочцаў, міліцыя спыніла аўтамабіль, на якім журналісты ехалі разам з удзельнікамі галадоўкі. Ва ўсіх, хто знаходзіўся ў аўтамабілі, забралі дакуманты.

Галадоўніка Міхаіла Кавалькова перасадзілі ў аўтамабіль міліцыі, а журналістам загадалі рухацца за ім. Аднак, сьцвярджаюць журналісты, міліцэйскі аўтамабіль рухаўся па горадзе з перавышэньнем хуткасьці, таму выканаць загад яны адмовіліся і накіроўваюцца ў гарадзкі аддзел міліцыі самастойна.

Праз 2 гадзіны затрыманых адпусьцілі з пастарунку.

Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў паведаміў Радыё Свабода, што ў міліцыі іх папярэдзілі пра недапушчальнасьць правядзеньня акцыі. «Памахалі пальцам, папярэдзілі, што нарываемся на непрыемнасьці, штрафы і так далей». Ніякіх пратаколаў на ўдзельнікаў галадоўкі не складалі. «Зараз будзем раіцца, што рабіць далей. Я думаю, што трэба працягваць галадоўку», — сказаў Міхаіл Кавалькоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG