Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў – ужо хай і кароткая, але гісторыя. І як любая гісторыя, яны робяць не зусім пераканаўчымі спробы патлумачыць падзеі, што адбыліся за гэтыя чвэрць стагодзьдзя, выпадковасьцю ці нечыей злой воляй.

Камуністычная сыстэма была вялікім ураўнальнікам, ад Туркмэністану да Эстоніі (і нават да ГДР) сацыяльна-эканамічная і палітычная сыстэма была ў савецкія часы прыкладна аднолькавай. Аднак менавіта гэта давала падставы спадзявацца, што і далейшы шлях частак «чырвонай» імпэрыі пасьля краху камунізму можа быць аднолькавым. Напрыканцы 80-х і напачатку 90-х гіпотэзу, што незалежная Беларусь пойдзе такім жа шляхам, як незалежная Літва, нельга было даказаць, але і нельга было абвергнуць. А чаму не? Спадчына ВКЛ агульная, эканамічнае становішча падобнае.

Цяпер, праз 25 гадоў, неяк не выпадае казаць, што тады Беларусі было наканавана ісьці шляхам Літвы і Польшчы, але вось прыйшоў кепскі Лукашэнка і павёў краіну зусім іншым шляхам. Шмат што ў гісторыі незалежнай Беларусі сапраўды нясе на сабе адбітак асобы яе першага прэзыдэнта. Але ці ўсё? Ці ёсьць яе гістарычная траекторыя цалкам вынікам выбару, зробленага ў 1994 годзе?

Погляд, кінуты на найноўшую гісторыю ўсей постсавецкай прасторы, прымушае ў гэтым сумнявацца. Лукашэнка зь яго прастадушнай прагай да адзінаўладзьдзя выглядаў у сярэдзіне 90-х пэўнай экзотыкай — у іншых постсавецкіх краінах палітычны працэс быў тады як мінімум бурлівым і хаця б таму аўтарытарны спакой не нагадваў. Хаця і беларускі 1996 год спакойным не назавеш.

Ну а цяпер — якая такая экзотыка? Здаецца, што большасьць краінаў рэгіёну нібыта засвоілі ўрокі Беларусі і ў сэнсе палітычнай пабудовы ня надта ад яе адрозьніваюцца. Зразумела нібыта, досьвед Лукашэнкі тут ня варта перабольшваць, свае ўмельцы знайшліся амаль паўсюль. Але ў гэтым і справа, гэта і перашкаджае казаць пра беларускі шлях, як пра нейкую выпадковасьць ці адхіленьне.

Так, ёсьць і выключэньні — Грузія, Малдова, Ўкраіна. Праўда, пытаньне, ці ёсьць. У пэўным сэнсе там працягваецца тое самае бурленьне. Ступень дэмакратычнасьці кіраваньня Міхаіла Саакашвілі зараз уяўляецца даволі спрэчнай, ва Ўкраіне пераможцаў «аранжавай» рэвалюцыі зьмяніў Віктар Януковіч. Так, ва Ўкраіне сёлета скінулі Януковіча, так, ёсьць спадзевы, што краіна вырвецца з постсавецкай матрыцы. Але спадзевы — гэта ня пэўнасьць.

Можа, хаос — не зусім дакладная характарыстыка сытуацыі тых постсавецкіх краінаў, якія пазьбеглі аўтарытарызму, тое ж «бурленьне» ці нават «дынамічны палітычны працэс» гучыць значна прыгажэй, але кансалідаванымі дэмакратыямі не назаве іх самы зацяты іх адэпт. І гэта пры тым, што краіны Цэнтральнай Эўропы і Балтыі менавіта кансалідаванымі дэмакратыямі сталі даволі хутка.

Адно з тлумачэньняў, якое гучала і 25 гадоў таму — брак нацыянальнай сьвядомасьці. Няма, маўляў, яе ў беларусаў, таму яны і не Эўропа. Але, напрыклад, армяне, здаецца, народ з адной самых выразных нацыянальных ідэнтычнасьцяў у сьвеце. Ну і ці прынцыпова Армэнія адрозьніваецца ад Беларусі па выніках апошніх 25 гадоў? Такога аўтарытарызму, зразумела, няма, але і ад стандартаў дэмакратыі даволі далёка. Што да геапалітычнага выбару, то ня выключана, што сваім досьведам высокай нацыянальнай сьвядомасьці армяне ў хуткім часе змогуць падзяліцца зь беларусамі ў адзіным утульным Эўразійскім саюзе. Ну і таксама дарэчы прыгадаць усталяваньне кантролю над кавалкам міжнародна прызнанай тэрыторыі суседняй краіны. Расейскія паводзіны ў 2014 годзе ва Ўкраіне несумяшчальныя з эўрапейскімі правіламі. А фактычны кантроль Армэніі над Карабахам сумяшчальны? Але ж з нацыянальнай сьвядомасьцю там усё ў парадку.

Ды і ў цэнтральнаазіяцкіх краінах прынамсі этнічная ідэнтычнасьць даволі моцная і ўстойлівая. Туркмэністан і Узбэкістан — сусьветныя «чэмпіёны» рэпрэсіўнасьці. Але паводле ступені ўсьведамленьня сябе асобнымі нацыянальнымі супольнасьцямі — дык хоць зараз у Эўразьвяз. Калі гэта крытэр.

У тым-та і справа, што не крытэр. Дарэчы, як ня дзіўна, але хіба не адзіная постсавецкая краіна, чый шлях да Эўропы аказаўся больш менш пасьлядоўным, якая здолела ўсталяваць у сябе мінімальна кансалідаваную дэмакратыю, мае з нацыянальнай ідэнтычнасьцю вялікія праблемы. Праўда, у другі бок, так бы мовіць. Але калі значная частка грамадзянаў атаясамляюць сябе з суседняй краінай (Румыніяй), а іншая, і таксама немалая, лічаць сябе асобнай нацыяй — трывалай ідэнтычнасьцю гэта не назавеш.

Так што па вялікім рахунку не ў нацыянальнай сьвядомасьці справа. Ці ў ёй, калі прадугледжваць у вызначэньні ня толькі любоў да ўласнай культуры і мовы, ня толькі ўсьведамленьне калектыўнага «мы», асобнага ад любых «яны», а нагрувашчваць вызначэньне такімі выдатнымі характарыстыкамі, як здольнасьць і прага соцыюму да самаарганізацыі да самакіраваньня і ўсьведамленьне народа сябе сувэрэнам. Але тады тлумачэньне пераўтвараецца ў таўталёгію — адпаведная нацыя аказалася няздольнай да дэмакратыі, бо ня мела адпаведных дэмакратыі характарыстык. Ну так, а ў чым тлумачэньне?

Праз 25 гадоў выглядае, што Бэрлінскі мур перасунуўся на 700 кілямэтраў на ўсход, ад Бэрліну да Берасьця. Гэты новы мур усталяваны не савецкім штыхом, ён і не азначае поўнай ізаляцыі. А азначае кардынальную адрознасьць прынцыпаў пабудовы грамадзтваў па розныя бакі гэтага нябачнага муру.

І цікава, што гэтая мяжа палягае амаль дакладна па лініі, якую амэрыканскі палітоляг Самуэль Гантынгтан у сваёй кнізе «Сутыкненьне цывілізацый» абазначыў як мяжу паміж заходняй і праваслаўнай цывілізацыямі. Аргумэнты супраць трактоўкі гэтай мяжы, як наканаваньня, агульнавядомыя: а вось Баўгарыя і Румынія праваслаўныя, але ўжо ў Эўразьвязе і ў НАТА, а Беларусь цалкам праваслаўная адно ва ўяўленьні РПЦ і беларускіх афіцыйных ідэолягаў і г. д. Так, «лінія Гантынгтана» — не нуль па Цэльсію, пры якой лёд тае заўсёды і паўсюль, незалежна ад яго, лёду, жаданьня. Але вось прайшло 25 гадоў, і новы Бэрлінскі мур паўстаў амаль дакладна на лініі, можа і адвольна праведзенай навукоўцам.

Наканаванасьці сапраўды няма. Але яе няма і ў тым сэнсе, што, напрыклад, Беларусь прырэчаная да рознага кшталту Эўразійскіх саюзаў, гэтак і ў тым, што яе лёс — у сям’і эўрапейскіх народаў. Адно, што можна сказаць, што культурныя, цывілізацыйныя асаблівасьці робяць для яе магчымы, але не непазьбежны шлях у Эўропу, да эўрапейскіх прынцыпаў пабудовы жыцьця (што, дарэчы, не адно і тое ж), больш складаным і пакручастым, чым для тых яе суседзяў, якія той шлях ужо прайшлі.

І справа тут ня столькі ў дыктатарах саміх па сабе, колькі ў «тканіне» сацыяльнага быцьця, якая іх спараджае. Пры такіх варунках альтэрнатывай дыктатуры зьяўляецца хаос, што выдатна прадэманстравалі вынікі «арабскай вясны». Там гісторыя ці зрабіла поўны цыкль, як у Эгіпце, аўтарытарыя Мубарака пасьля пэрыяду бурленьня зьмяніў аўтарытарый Сісі, ці рэвалюцыя прывяла да вайны ўсіх супраць усіх, як у Лібіі. Трэцяга ня дадзена? Ну, наканаваньня сапраўды няма. Турэччына — мусульманская краіна, але там няма ані дыктатуры, ані хаосу. Ну ня Францыя, мякка кажучы, але яе адрозьненьні ад Францыі меншыя, чым, скажам, ад суседняй Сырыі. Так што асобныя краіны могуць і вырывацца з матрыцы свайго цывілізацыйнага арэалу.

Ці перасоўвацца ў межах дапушчальнага ўнутры яго. «Дагнаць Армэнію» паводле ступені дэмакратызму — мэта для Беларусі на першы погляд ня надта годная. Але зьмяняльнасьць вышэйшай улады, напрыклад, там хаця і не без эксцэсаў, але збольшага вытрымліваецца. Ізноў жа — ня Францыя, але і не сучасная Беларусь. Стаць Армэніяй ня цягне на нацыянальны праект, але такая мэта дасягальная.

Нарэшце, адсутнасьць наканаванасьці тычыцца па вялікім рахунку і цывілізацый у цэлым. Гантынгтан разглядаў Лацінскую Амэрыку як асобную цывілізацыю. Да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя краіны гэтай цывілізацыі былі пераважна аўтарытарнымі, дэмакратычныя інтэрлюдыі, як правіла, зьмяняліся прыходам ці вяртаньнем «бацькоў нацыі». І гэта амаль паўтара стагодзьдзя. Наканаваньне? Ну а зараз краіны кантынэнту пераважна дэмакратычныя. Ня Францыі, але не дыктатуры, не хаос, і ня тое, што было.

Зараз у такую трансфармацыю праваслаўнай цывілізацыі ўключна з Расеяй верыцца, па шчырасьці, слаба. Але гадоў 60 таму і цяперашні стан краінаў Лацінскай Амэрыкі, ды і Эўропы, дарэчы, выглядаў ня самым імаверным варыянтам.

Прайсьці паміж Сцылай тыраніі і Харыбдай хаосу постсавецкія краіны (акрамя краін Балтыі) пакуль ня здолелі. Але гэта ня значыць, што і ніколі ня будуць здольныя. Аднак тут няма гарантый. Ёсьць толькі нябачны, але відавочны мур, і веда, што воля людзей можа разбурыць любыя муры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG