Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Віталь Рыжкоў: Паэзія і палітыка павінны існаваць асобна, інакш творы робяцца «агіткамі»


Паэт Віталь Рыжкоў
Паэт Віталь Рыжкоў

Паэт Віталь Рыжкоў прадставіў сваім землякам, магілёўцам, зборнік вершаў, выдадзены ва Ўкраіне — «Дзьверы замкнёныя на ключы». У ім сабраныя аўтарскія творчы і пераклады. Паслухаць творцу ў антыкавярню «Чердак» у Магілёве прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Пра сябе, сваю творчасьць, пра актуальнае і спрадвечнае Віталь Рыжкоў апавёў Свабодзе перад тым, як выйсьці з творчай справаздачай да магілёўцаў.

«Не паэт, але літаратар»

«Паэт? Не, я сябе гэтак гучна не імяную. Я літаратар! Гэта вельмі адэкватнае ўспрыманьне таго, што робіць яшчэ малады чалавек не зь сівой барадою. Ён спрабуе дасягнуць нейкіх вышыняў у тым вялікім, што завецца літаратураю. Часьцей я пішу вершы і пішу іх у стол. Пакутую ад таго, што яны ня дужа добрыя, як мне хацелася б».

«Падзеі ва Ўкраіне зрабілі мае вершы актуальнымі»

Недзе гадоў пяць таму ў сваіх вершах я закранаў такі топас, як вайна, маючы на ўвазе вайну культур, якая ніколі не спыняецца. А сёньня праз падзеі, які адбыліся напачатку гэтага году гэтая вайна ўжо не расчытваецца як вайна культураў. Раптоўна празь пяць год мае вершы зрабіліся актуальнымі ня толькі тут, але і ва Ўкраіне. Мо гэта цуд, ці дзіва, але гэтак адбылося«.

«Беларускамоўнае літаратарства і палітыка — ці могуць існаваць асобна?»

Могуць і павінны існаваць асобна. Гэта адзіная магчымасьць, калі літаратура можа выжыць у прынцыпе. Палітыка павінна заставацца палітыкай, а мастацтва, якое працуе са словам павінна заставацца мастацтвам, якое працуе са словам. Усе спробы неяк сумясьціць гэтыя жанры робяцца альбо менш палітыкай, альбо менш літаратурай. Такія творы робяцца „агіткамі“, ці лёзунгамі — робяцца кепскімі вершамі, альбо кепскімі палітычнымі прамовамі.

«Мяне цікавіць чалавек, ягоныя паводзіны і ягоны выбар»

Для мяне найбольш злабадзённымі зьяўляюцца тэмы маралі і этыкі. Этычных паводзінаў у сучасным грамадзтве. Тую частку мяне, якую можна назваць мастаком, ці літаратарам цікавяць гэтыя адвечныя пытаньні, якія цікавілі ўсіх паэтаў, літаратараў ўва ўсе часы. Палітыка? — так, але ўскосна. Міжполавыя стасункі? — так, але зноў жа ўскосна. Мяне цікавіць чалавек, ягоныя паводзіны, ягоны выбар — маральны выбар, этычны выбар.

«За беларусаў іншыя робяць выбар»

У Беларусі выбар, як для мяне, то досыць складана рабіць. Мы абмежаваныя ў інфармацыі, у розных поглядах на адну і тую ж праблематыку. У нашых сем’ях вельмі часта мы ня можам вызначыцца ў стаўленьні да пытаньня агрэсіі Расеі да Ўкраіны, ці не агрэсіі. Інфармацыі ідзе толькі аднаго кшталту, то выбар, выглядае, зроблены за беларусаў.

«Насьпеў час адмовіцца ад рысы беларускага характару аддаваць выбар іншым»

П’еса „Тутэйшыя“ Янкі Купалы застаецца актуальнай як для саміх беларусаў, гэтак і жыхароў суседніх краін, магла быць дужа цікавай. Магчыма аддаваць беларусамі свой выбар іншым — гэта і ў нацыянальным характары. Але ж наш малады нацыяналізм, якому сто год, ці крыху болей, ужо дае права адмовіцца беларусам ад гэтай рысы характару. Можа быць, мы маглі б зрабіць крок да гэтага.

«Які верш дапамог бы Лукашэнку вярнуцца дамоў?»

Я добра ўсьведамляю, што ёсьць людзі з музычным слыхам, альбо без музычнага слыху. Усьведамляю, што ёсьць людзі з паэтычным слыхам і безь яго. Усё гэта кепска не характарызуе чалавека. Паэзія ніяк бы не дагрукалася да чалавека, якога вы згадалі. Ніякі верш не дапамог бы яму зразумець сытуацыі. Толькі канкрэтная сытуацыя, толькі факт, толькі неадкладнасьць выбару....

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG