Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагічны тыдзень для расейскага кіно. Пайшлі з жыцьця адразу тры акторы (ВІДЭА)


Актор Аляксей Дзявотчанка
Актор Аляксей Дзявотчанка

Учора стала вядома пра сьмерць народнага артыста Расеі Аляксандра Патапава. У аўторак актор меўся граць у прэм’ерным спэктаклі Малога тэатру. Тэлегледачы памятаюць яго зь фільмаў «Любоў зямная», «Афоня», «Сібірыяда», інш. і ў ролі Мікіты Хрушчова.

Напярэдадні мэдыі абляцела навіна пра скон ад сардэчнага прыступу заслужанага артыста Расеі Віктара Касьцецкага, які таксама рыхтаваўся да прэм’еры спэктаклю, дзе граў галоўную ролю. Шырока вядомыя і кінапрацы актора, сярод якіх фільмы «Зорка чароўнага шчасьця», «Выспа скарбаў» і сэрыялы «Бандыцкі Пецярбург» і «Забойчая сіла».

Як і Патапаў, Касьцецкі пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 73-х гадоў.

Сьледзтва вядзецца, але пытаньні застаюцца адносна сьмерці 49-гадовага актора-апазыцыянэра Аляксея Дзявотчанкі. Днямі яго знайшлі мёртвым у арандаванай кватэры ў Маскве. Паводле Сьледчага камітэту Расеі, прыкметаў гвалтоўнай сьмерці на целе артыста не знайшлі. Адна зь непацьверджаных афіцыйных вэрсіяў гучыць як сьмерць ад няшчаснага выпадку, другая — ад сардэчнага прыступу. Але шмат хто найбольш імавернай лічыць трэцюю вэрсію.

Вольга Курносава, арганізатарка антываеннага руху:

«Гэта відавочнае палітычнае забойства, і ніхто мяне ў іншым ня здолее пераканаць.

Арганізатарка антываеннага руху перакананая, што спэцслужбы хацелі выдаць забойства актора за самазабойства.

«Але гэта ў іх не атрымалася. Яны ўжо цяпер кажуць, што Алёша ў нейкім прыступе біўся галавою аб шкляныя дзьверы шафы, а пасьля аб касяк дзьвярэй. І так 13 разоў, пакуль не памёр», — Вольга Курносава.

Раней пра гвалтоўную сьмерць Дзявотчанкі напісаў ягоны расейскі калега, актор Станіслаў Садальскі.

Станіслаў Садальскі, актор:

«Мае крыніцы паведамілі, што артыста забілі. Сьледчы камітэт у Маскве традыцыйна хлусіць, што прыкметаў гвалтоўнай сьмерці няма».

Аляксея Дзявотчанку ведалі ня толькі як актора тэатру і кіно, але і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Некалькі гадоў таму актор адмовіўся ад званьня «Народны артыст Расеі» і дзьвюх дзяржаўных прэміяў, бо не хацеў атрымліваць узнагародаў з рук Уладзіміра Пуціна. Пасьля ж ініцыяванага Крамлём ваеннага канфлікту ва Ўкраіне Дзявотчанка адкрыта крытыкаваў агрэсіўную палітыку Масквы, у тым ліку беручы ўдзел у акцыях апазыцыі.

Аляксей Дзявотчанка:

«Раней ці пазьней надыдзе судны дзень і час, калі мяне запытаюць: „Лёша Дзявотчанка, дзе быў ты ў той момант?“ Я змагу хаця б адзін нейкі камень зьняць з маёй душы і сказаць, што я быў там, дзе былі мае суайчыньнікі, дзе былі людзі, якія спрабавалі спыніць вар’яцтва, спыніць вайну, людзі, якія выйшлі пратэставаць супраць паталягічна бяздарных і разам з тым паталягічна жорсткіх цяперашніх расейскіх уладаў».

У Маскве прайшла цырымонія разьвітаньня з Аляксеем Дзявотчанкам. Пахаваюць яго ў родным Санкт-Пецярбурзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG