Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Разбурэньне Бэрлінскага муру стала цьвіком у труну камунізму


25 гадоў таму ў ноч з 8 на 9 лістапада 1989 году рухнуў Бэрлінскі мур. Ён быў, бадай, самым вядомым сымбалям Халоднай вайны.

Аб’яднаньне Заходняга і Ўсходняга Бэрліна стала і сымбалям аб’яднаньня ня толькі Нямеччыны, але і ўсёй Эўропы — кантынэнту, які ў ХХ стагодзьдзі гістарычныя катаклізмы падзялілі на два лягеры.

Бэрлінскі мур называюць штучным і пачварным збудаваньнем часоў Халоднай вайны. Ён з 1961 па 1989 гады дзяліў горад на дзьве часткі: пасярэдзіне Бэрліну праходзіла мяжа з бэтоннымі сьценамi i калючым дротам. Яна падрывала чалавечую годнасьць бэрлiнцаў, бо прайшла па іх сем’ях, душах і лёсах.

Ацэнка бурэньня Бэрлінскага муру залежыць ад тых спадзяваньняў, якія былі перад пакаленьнямі,— лічыць старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк:

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

«Тады было спадзяваньне пазбавіцца Савецкага Саюзу, акупацыі, Масквы і камунізму. І таму ўсякая падзея, якая бурыла гэты мур, успрымалася станоўча.

Цяпер сытуацыя такая, што прайшоў час і зьмяніліся пакаленьні. І выявілася тое, што тады не магло выявіцца. Тады былі задачы пазбаўленьня камунізму. А зараз сытуацыя іншая. Але, калі ацэньваць гістарычна, то ў любым выпадку гэта была падзея вельмі важная, якая ўбіла цьвік у труну камунізму.

Сучаснасьць я ня буду ацэньваць, бо зараз трэба ацэньваць крытычна гэту нямецка-расейскую палітыку. Аднак гэта не мае дачыненьня да той падзеі, якая тады адбылася. Яна павінна была адбыцца. Мур павінны быў быць разбураны. Таму, як гістарычная падзея, разбурэньне Бэрлінскага муру дагэтуль устрымаецца станоўча».

На месцы Бярлінскага муру. 7 лістапада 2014
На месцы Бярлінскага муру. 7 лістапада 2014

Гэтаксама станоўча ўспрымае падзеньне Бэрлінскага муру старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Гэта цудоўная справа, якую зрабіў Гарбачоў. Ён рабіў шмат памылак і да гэтага і пасьля. Але вельмі добра, што ён на гэта пайшоў. Я лічу, што за гэта яму можна нават паставіць помнік.

Так, ён не зарыентаваўся, што можна на гэтым зрабіць для СССР. Аднак гэта быў пачатак новага жыцьця. Там загінула мноства людзей, якія пералазілі праз гэты мур. І таму так шчыра немцы яго бурылі. Я быў у многіх гарадах сьвету, напрыклад, Вашынгтоне, Рыё-дэ-Жанэйра, ды іншых, дзе ўсталяваны кавалкі Бэрлінскага муру як сымбаль таго, што зламаная жалезная заслона паміж сьветам камунізму і цывілізаваным сьветам, што людзі аб’яднаюцца і пойдуць да добрага жыцьця.

А сёньня я бачу, што пасьля былі вялікія ўпушчэньні. І тыя, хто сёньня знаходзяцца па гэты бок муру, фактычна пачынаюць будаваць новы мур. Вельмі шкада, што гэтым найперш займаецца прэзыдэнт Расеі».

Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падчас наведваньня месца Бярлінскага муру, 7 лістапада 2014
Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падчас наведваньня месца Бярлінскага муру, 7 лістапада 2014

«На-ўра» успрыняў у 1989 годзе разбурэньне Бэрлінскага муру Вячаслаў Кебіч на той час старшыня Дзяржпляну БССР, а пасьля кіраўнік беларускага ўраду:

Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч

«Але хутка высьветлілася, што гэта ўсё не так проста і адназначна. Падзея мела „падвойнае дно“. Першае — канечне, гэта правільна, што рана ці позна гэты мур мусіў быць рухнуць. А з іншага боку, мы павінны былі атрымаць вялікія дывідэнды з-за таго, што гэта адбылося. І палітычныя, і матэрыяльныя. Аднак мы нічога не атрымалі.

У выніку пайшоў яшчэ большы націск на Савецкі Саюз. І бедных салдат і афіцэраў, якія вярталіся з ГДР, мы ўладкоўвалі ў палях, стэпах пры халодным надвор’і. І нічога за гэта не атрымалі. І такіх наслаеньняў было шмат. Немцы атрымалі ўсё для сябе, а мы — нічога.

А Нямеччына мела на гэтыя мэты вялкія-вялікія грошы. І гатовая была іх заплаціць. Але мы іх не ўзялі. Вось і ўсё».

Нямеччына падзялілася ў выніку Другой усясьветнай вайны. Але калі нацыя імкнецца зноў стаць адзінай, яна рана ці позна ёй стане. І прыклад Нямеччыны гэта пацьвярджае кажа былы старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандар Вайтовіч:

Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч

«Але гісторыя паказвае нам і іншы прыклад. Вось краіна-пераможца. Вялікі магутны Савецкі Саюз. У яго агромністы ўклад у перамогу над агрэсарам-Нямеччынай. І за гэта ён атрымаў вялікую падзяку, вялікае прызнаньне ва ўсім сьвеце.

А далей, што атрымалася? Ня змог ён пабудаваць палітыку, якая была б засяроджана на разьвіцьці ўласнай краіны, на павялічэньні дабрабыту яе грамадзян, як гэта зрабіла Нямеччына. У выніку такой краіны, як СССР, ужо больш не існуе на мапе сьвету.

Больш за тое. Якая сёньня самая гарачая кропка ў Эўропе? Гэта — Украіна і Расея, гэта дзьве краіны, якія выйшлі з пераможцаў той жудаснай вайны. Яны ваююць паміж сабой. Хто б мог сказаць пра гэта, скажам, 50 гадоў таму? Ужо, не кажучы, пра дзень 9 траўня 1945 году».

Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі кажа: яшчэ ў часы, калі Нямеччына была падзеленая на дзьве часткі, немцам гэта не падабалася:

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

«У мяне быў сябра — намесьнік камэнданта Бэрлінскіх варот і муру. Ён меў званьне маёр. А прозьвішча яго было „Ganzauge“. Гэта можна перакласьці з нямецкага, як мець пільнае вока, пільна сачыць. І з гэтага ягонага прозьвішча мы часта жартавалі. Пад час ГДР я быў у Нямеччыне двойчы з Васілём Быкавым і аднойчы сам. І мы, канечне, жартавалі.

Але маёр быў на рэдкасьць душэўны чалавек. У прыватных гутарках ён вельмі перажываў за тое, што гэты мур узьвялі. Але ён быў дзяржаўны службоўца, афіцэр. Таму услых ён гэтага не гаварыў. Аднак увечары, калі мы пілі піва, ён выказваў свае адносіны да гэтага.

І калі я ўжо быў амбасадарам і прысутнічаў разам са сваімі калегамі з Расеі і Ўкраіны на цырымоніі вывядзеньня савецкіх войскаў з Бэрліну, то бачыў купку, можа чалавек 15 актывістаў з былой моладзевай ГДР-аўскай арганізацыі. Усім гэта ГДР была ненавісная зь яе штазі. Настрой быў на аб’яднаньне. І таму на іх глядзелі гэтаксама, мабыць, як мы на нядаўні з’езд камуністаў у Менску.

Розумам я разумеў, што ўсё гэта добра. Але разам з тым душа мая разрывалася. Я ўзгадваў маёра, знаёмых моладзевых актывістаў. Галава і сэрца раздвойваліся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG