Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сьлед паплечніка Пуціна — мільярдэра Цімчанкі


Генадзь Цімчанка

Генадзь Цімчанка

Амэрыканскія ўлады праводзяць расьсьледаваньне з нагоды магчымага адмываньня грошай праз фінансавую сыстэму ЗША расейскім мільярдэрам Генадзем Цімчанкам, адной з найбольш набліжаных асобы да прэзыдэнта Расеі Ўладзімеру Пуціна.

Пра гэта паведаміла амэрыканская газэта Wall Street Journal.

Фінансавыя інтарэсы Генадзя Цімчанкі ў ЗША падаюцца нязначнымі ў параўнаньні зь яго бізнэсам у Расеі, Эўропе і іншых краінах сьвету. У Злучаныя Штаты ён трапіў з дапамогай Gunvor Group, кампаніі са штаб-кватэрай у Жэнэве, якую Цімчанка заснаваў у сакавіку. Амаль адразу ён пазбавіўся гэтай фірмы — за дзень да таго, як ЗША ўвялі супраць яго санкцыі.

Чатыры рэчы, якія варта ведаць пра бізнес-сьлед Цімчанкі ў ЗША.


Castor Americas

У 2009 годзе кампанія Gunvor Group набыла фірму па гандлі нафтай Castor Americas, якой пасьля кіравалі з Нью-Ёрка і Х’юстана. Castor Americas ў 2011 годзе назвала сябе «найбуйнейшым незалежным гандляром сырой нафты на заходнім узьбярэжжы ЗША», паводле інфармацыі на заархіваваным сайце кампаніі, які сёньня не існуе.

Паводле дакумэнтаў швайцарскага рэестра ад 2009 г., іншым акцыянэрам Castor Americas была Taurus Petroleum, кампанія, якой кіруе амэрыканскі бізнэсмэн Бэн Полнэр. Вынікі расьсьледаваньня, якое ў 2005 годзе праводзіў былы кіраўнік Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Пол Волкэр, сьцьвярджаюць, што Полнэр выкарыстаў свае кампаніі, каб заплаціць адкаты на суму 18,9 мільёна долараў для атрыманьня нафтавых кантрактаў у праграме ААН «Нафта ў абмен на харчаваньне» для Іраку, паведамляе агенцтва Reuters.

Полнэр адхіліў падобныя абвінавачваньні і афіцыйна яго ні абвінавачвалі. Зяць Полнэра, Саша Морыц, зьяўляецца дырэктарам і старшынём Castor Americas, згодна з публічным рэестрам.

У мінулым годзе Gunvor Group паведаміла, што ў красавіку 2011 года Ўпраўленьне фэдэральнага пракурора Ўсходняй акругі Нью-Ёрка накіравала паведамленьне Castor Americas, тром супрацоўнікам гэтай кампаніі і аднаму супрацоўніку Gunvor Group. Пракуратура шукала дакумэнты «зьвязаныя, сярод іншага, з гандлем нафтай кампаніяй Castor Americas».

Той жа офіс пракурора ЗША цяпер расьсьледуе, ці купляла кампанія Gunvor Group нафту ў расейскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Раснафта» і затым «прадавала яе трэцім асобам», піша Wall Street Journal. Невядома, ці позвы для Castor Americas ад 2011 маюць нешта агульнае з расьсьледаваньнем справы Цімчанкі.

Спасылаючыся на мытныя дадзеныя ЗША, сабраныя кампаніяй PIERS, якая адсочвае імпарт і экспарт, агенцтва Reuters у сакавіку паведаміла, што за мінулы год Gunvor Group імпартавала, «як мінімум, чатыры мільёны барэляў нафтапрадуктаў» ў ЗША і дадатковых «1,1 мільёна барэляў сырой нафты, якія паступалі, у асноўным, з Калюмбіі».

Пакуль не ясна, ці ўсё яшчэ працуе Сastor Americas. Названыя тэлефоны кампаніі ў Нью-Ёрку і Х’юстане, відавочна, адключаныя. Морыц, кіраўнік кампаніі, не адказаў на паведамленьне, якое Радыё Свабода пакінула на нумары тэлефона, зарэгістраваным на яго.



Шахты ў Мантане

У кастрычніку 2011 Gunvor Group з дапамогай даччынага таварыства з абмежаванай адказнасьцю Pinesdale набыла 33 адсоткі вугальнай шахты Peak Signal ў заходнім амэрыканскім штаце Мантана за 400 мільёнаў даляраў. Вугальная кампанія здабыла 8,7 тоны экалягічна чыстага вугалю ў 2013 годзе, амаль 50 адсоткаў ад здабычы 2012 года.

Грамадзкі бізнэс-рээстар сьведчыць, што ТАА Pinesdale і Castor Americas падзяляюць карпаратыўную адрас у Х’юстане. Старонка былога супрацоўніка Castor Americas у сацыяльнай сетцы LinkedIn паказвае на тое, што Castor была прыцягнутая да пашырэньня дзейнасьці Gunvor Group на паўночнаамэрыканскім рынку вугалю.

На сваім сайце кампанія Gunvor Group заяўляе, што яго валоданьне шахтамі Peak Signal «ўзмацняе нашы канкурэнтныя пазыцыі на азіяцкім рынку», і шахта «служыць ўнутраным рынку ЗША і кліентам Азіі як транспартнае злучэньне з партамі амэрыканскага і канадзкага заходняга ўзьбярэжжа».

Лабісты

Цімчанка і кампанія, у якой ён зьяўляецца саўладальнікам, нанялі лабістаў, каб адстойваць свае інтарэсы ў Вашынгтоне. У мінулым годзе, паведамляе агенцтва Reuters, Цімчанка наняў вядучую юрыдычную фірму Patton Boggs, калі ён рыхтаваўся шукаць гарантыі па крэдытах ад амэрыканскага Экспартна-імпартнага банка, каб набыць некалькі самалётаў кляса люкс амэрыканскай фірмы GulfstreamAerospace.

«Мы ведаем, што ў вас ёсьць асьцярогі адносна Генадзя. Мы б хацелі з вамі пра гэта пагаварыць», - напісаў Лоўрэнс Харыс, партнёр Patton Boggs, у траўні 2013 года ў электронным лісьце з просьбай аб сустрэчы з чыноўнікам ЗША, паведамляе Reuters.

Між тым, найбуйнейшая ў Расеі незалежная газавая кампанія «Новотек» наняла вядучую PR-кампанію Qorvis, каб лабіраваць свае інтарэсы ў Вашынгтоне, паводле дадзеных лабісцкай фірмы, прадастаўленымі ўраду ЗША ў жніўні.

Qorvis заявіла аб сваіх намерах лабіраваць інтарэсы «Новотек» па распараджэньні прэзыдэнта ЗША Барака Абамы пра санкцыі, зьвязаныя з Украінай. Цімчанка належыць 23,5 адсотка «Новотэк».



«Калянаскапія»

У сваёй заяве ад 6 лістапада Gunvor Group сьцьвярджае, што Дэпартамэнт юстыцыі ЗША «ніколі не паведамляў кампаніі пра якое-небудзь расьсьледаваньне», і яны «проста апынуліся паміж палітычнымі агнямі».

«Любыя заявы аб правапарушэньнях у дачыненьні да нашай гандлёвай дзейнасьці зьяўляюцца неабгрунтаванымі і цалкам ілжывымі», — заявіла кампанія.

Холдынг Цімчанкі са штаб-кватэрай у Люксэмбургу Volga Group таксама апублікаваў заяву, што амэрыканскія ўлады не паведамілі мільярдэру «аб любым расьсьледаваньні ў дачыненьні да яго дзейнасьці».

«Цімчанка заўсёды займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў строгай адпаведнасьці з законам і высокімі стандартамі дзелавой этыкі», заявіла кампанія, дадаўшы, што Цімчанка прадаў сваю 43-працэнтную долю Gunvor Group свайму партнэру ў сакавіку.

Аднак, калі артыкул Wall Street Journal зьяўляецца праўдзівым, то тое, што Цімчанка пакінуў кампанію наўрад ці спыніць амэрыканскія ўлады ад ўважлівага расьсьледаваньня дзейнасьці Gunvor Group, кажа Крэйг Піронг, прафэсар фінансаў ва Ўнівэрсытэце Х’юстана.

Ён напісаў у сваім блогу 6 лістапада, што расьсьледаваньне можа паставіць Gunvor Group пад пагрозу «фінансавай і юрыдычнай калянаскапіі».

«Калі выказаць здагадку, што гэта праўда і яны сапраўды пачалі расьсьледаваньне, гэтыя фінансавыя расьсьледаваньні, як правіла, неверагодна назойлівыя і старанныя. Гэтыя хлопцы працуюць менавіта такім чынам », - сказаў Крэйг Піронг Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG