Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае пытаньне ў пакоі з выключаным сьвятлом


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Глядзеў калісьці перадачу пра Амазонію. Там сярод іншага жыве ўнікальны від мух.

Яны харчуюцца коркай з арганікі, якая ўтвараецца ў затоках ракі. На гэтай корцы і жывуць. Прычым, крылы ўвесь час застаюцца толькі ў маткі-каралевы. А ў астатніх нейкія прынагодныя, зьвязаныя з жыцьцёвым цыклем.

Наступае момант, калі калёнія дажырае корку-«зямлю», на якой жыве, і гэты момант супадае зь бяскрылым часам. Усе дружна тонуць, а матка зьлятае, каб заснаваць новую калёнію на «новай зямлі».

Бываюць вельмі падобныя чалавечыя супольнасьці.

У якасьці радыкальнага прыкладу можна прывесьці няшчасных пэнсіянэраў з акупаваных данецкіх тэрыторыяў, якія перад зімой апынуліся бяз сродкаў да існаваньня і сацыяльнай падтрымкі. А хацелі ж яны супрацьлеглага, калі хадзілі на мітынгі пад расейскімі сьцягамі, і ўдзельнічалі ў рэфэрэндуме «супраць Украіны».

Насамрэч, праблема «коркі», якая зьядаецца, мае большы тэрытарыяльны абсяг.

У Беларусі ня першы год ідзе барацьба за розумы людзей. Гэта апошнім часам сталі зьвяртаць увагу на расейскія сьцяжкі ў кабінах аўто, магніцікі з Пуціным у сувэнірным крамках, а ў дзіцячых аддзелах унівэрсамаў – на цацачных салдацікаў з расейскай сымболікай. Ці на клюбныя вечарыны, дзе «модна быць расейцам».

Вось цяпер загаварылі пра маральны і прававы статус беларускай мовы. Але д'ябал хаваецца ў дробязях. Разважаючы пра, напрыклад, беларускамоўныя і расейскамоўныя школы, ніхто не зьвяртае ўвагу, што і там, і там выкладаецца такая дысцыпліна як расейская літаратура.

Не беларуская і сусьветная, а беларуская і расейская. Мова мовай, але пры чым расейская літаратура да Беларусі? Сэнс выкладаньня нацыянальнай літаратуры – фармаваньне ў дзіцёнка нацыянальнай самасьвядомасьці. Спрошчана кажучы, звычкі глядзець на сьвет з уласнага, а не чужога пагорку.

А пасьля школы многіх чакае войска.

Адказны за ідэалёгію пры Міністэрстве абароны распавядае навошта хлопцам трэба служыць.

У сваім пранікнёным маналёгу палкоўнік Шубадзёраў забыўся напісаць, што з войска юнак мусіць выйсьці яшчэ і патрыётам. Бо як рызыкаваць жыцьцём у баі за Радзіму, калі ты яе ня любіш?

Ані палкоўнік, ані ў прынцыпе Міністэрства абароны не дае ўяўленьня пра маці-Беларусь.

Сьледам за расейскай літаратурай малады чалавек сутыкаецца з ідэалёгіяй супрацьстаяньня з Захадам разам з саюзьнікамі-расейцамі. «Пацаны, глядзіце, вунь яны паляцелі – расейскія зьнішчальнікі!». А супраць каго яны лётаюць? Супраць суседзяў: палякаў, літоўцаў, латышоў і цяпер ужо – украінцаў».

Цікава, беларускі генэралітэт сто працэнтаў упэўнены, што беларускія хлопцы гатовыя паміраць за расейскія інтарэсы ў баях з суседзямі?

Нядаўна я тры дні вандраваў па Беларусі і заўважыў, што ня ўбачыў расейскіх сьцяжкоў у кабінах дзяржаўных аўтобусаў і грузавікоў. Год таму сьцяжкі распладзіліся, а цяпер іх паменела. Проста разагналі распаўсюднікаў, ці людзі зьмяняюцца?

Калі чарговы раз сустракаю ў сацсетках развагі пра «большасьць» і «меншасьць» у Беларусі што да таго ці іншага грамадзкага меркаваньня, разумею, што насамрэч мы нічога ня ведаем і ведаць ня можам, бо праўду ніхто ня скажа.

Вось днямі вяртаюся дадому. Цягам паўгадзіны на двух з паловай кілямэтрах маршруту ад цэнтру Менску ў бок ускрайку.

Спачатку з адной машыны зь менскімі нумарамі чую ўкраінскія гераічныя песьні ў сучасным выкананьні, пасьля бачу аўтамабіль з б-ч-б налепкай, сьледам хлопец зьвяртаецца да мяне па-беларуску, а ў фінале чую як рабочы крамы добразычліва тлумачыць касіркам, якія бальшавікі былі вырадкі.

А ў сацсетках чытаю: «Усё прапала! Беларусы гавораць толькі словамі з русТВ!». У якасьці аргумэнтаў прыводзяцца меркаваньні «у мяне на рабоце», «у мяне ў вёсцы», «ехаў у аўтобусе, дык там усе за Пуціна» і д.п.

Зь іншага боку, арганізатар вечарыны «Расейцам быць модна» мусіць публічна апраўдвацца, і прызнаць, што не чакаў масавага абурэньня сваім «крэатывам».

Адначасова турыстычная фірма рэклямуе свае паслугі слоганам «Сьпяшайцеся! Ваша месца ў гатэлі можа заняць расеец!».

А на БТ-3 выкарыстоўваюць для ілюстрацыі праблемы функцыяваньня беларускай мовы фільм «Жыве Беларусь!», які дэманструе альтэрнатыўны афіцыйнаму погляд на праблему.

Мне падаецца, што ўсе, хто ўплывае на грамадзкія працэсы ў Беларусі, і адлюстроўвае іх, працуюць нібы пры выключаным сьвятле. Нібы і ведаеш сваё жытло, чытай – сваю краіну, але ідзеш навобмацак.

Гэта і ўлады, і грамадзянская супольнасьць, і СМІ ўсіх кшталтаў. А цяпер і камэрцыйныя структуры, якія працуюць з публікай.

Праўду пра свае перакананьні ніхто ня скажа. Бо незразумела ці ўжо можна, і ці сапраўды за гэта нічога ня будзе. Адсюль і парадоксы зь лічбамі, калі 64% апытаных беларусаў за «крым іх», але пры гэтым 75% супраць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Відаць, з-за гэтага выключанага грамадзкага «сьвятла» ніхто не наважваецца адкрыта і выразна выказвацца на канкрэтную надзённую, можа, самую надзённую, тэму – як нам быць з Расеяй цяпер, і ў варыянтах будучыні?

А што можа рабіць цяпер звычайны чалавек, пакуль лідэры думкі выбудоўваюць свае стратэгіі?

Уключаць гераічныя песьні, ляпіць б-ч-б налепкі, зьвяртацца па-беларуску, тлумачыць калегам сваё бачаньне. Яшчэ можна рабіць афіцыйныя запыты ў крамы, калі бачыш там прапаганду палітыкі і войска суседняй дзяржавы: «Гэта афіцыйная пазыцыя вашай установы?».

І яшчэ ня ныць пра ватную «большасьць» і прагрэсіўную «меншасьць».

Хоць сьвятло ў пакоі выключанае, гэта ня значыць, што не ідуць працэсы.

І думаць пра сваю пазыцыю, каб ў момант «Х» сфармуляваць яе дакладна і выразна – пры ўключаным сьвятле.

І быць гатовым прыемна зьдзівіцца, калі запаліцца лямпачка, – колькі вакол аднадумцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG