Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбурэньне 25 гадоў таму Бэрлінскага муру, які быў сымбалем камуністычнага таталітарызму, азначала канец цэлай эпохі, калі Захад супрацьстаяў савецкаму блёку.

Крах галоўнага вайсковага і ідэйна-палітычнага праціўніка заходняга сьвету выклікаў эўфарыю. Многім здавалася, што галоўная перашкода на шляху дамінаваньня ў сьвеце заходніх каштоўнасьцяў зьнікла, пачынаецца трыюмфальнае шэсьце лібэральнай дэмакратыі. Узьнікла спэцыяльная навуковая дысцыпліна — транзыталёгія, якая дасьледавала працэс пераходу краін савецкага блёку да дэмакратыі. Ніякіх іншых варыянтаў разьвіцьця гэтых дзяржаў не прадугледжвалася. Лічылі, што галоўнае — гэта навучыць кіроўныя эліты, чынавенства гэтых краін правілам функцыянаваньня рынкавай эканомікі і дэмакратычнага ладу, і працэс пойдзе. Вядомы амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма заявіў аб «канцы гісторыі», то бок, аб перамозе ў сьвеце лібэральнай ідэалёгіі.

Камунізм, як сацыяльны праект, які выклікаў у ХХ стагодзьдзі вялізарныя ўсясьветныя забурэньні, сапраўды пацярпеў крах. І няхай ня ўводзіць у зман паўстаньне новага гіганта Кітая пад кіраўніцтвам Кампартыі. Камуністычнай там (а таксама ў Віетнаме) засталася толькі сымболіка, вонкавыя атрыбуты. Насамрэч у Кітаі разьвіваецца нармальная рынкавая эканоміка зь вялікімі элемэнтамі дзяржаўнага капіталізму. У гэтым сэнсе прайшоўшы нядаўна ў Менску чарговы «зьезд КПСС» справядліва назвалі «палітычнай нэкрафіліяй».

Але празь нейкі час высьветлілася, што хоць камунізм як уплывовая палітычная зьява зьнік, аднак дэмакратычны транзыт на постсавецкай прасторы працуе дрэнна. Фэномэн «каляровых рэвалюцый», — гэта, дарэчы, рэакцыя на ступар працэсу трансфармацыі. І цяперашні міжнародны крызыс, выкліканы дзеяньнямі Расеі супраць Украіны, стаў кульмінацыяй гэтай тэндэнцыі, формай антыдэмакратычнага рэваншу. Масква акрэсьліла тэрыторыю, на якую дэмакратычны транзыт не павінен распаўсюджвацца. Ва ўвесь рост паўстала пагроза паўстаньня новага «Бэрлінскага муру».

Чаму ж ня спраўдзіліся мары аб свабодзе, надзеі, прагнозы і чаканьні 20-гадовай даўніны? Ёсьць спакуса ўсё зваліць на аўтарытарных лідэраў, мясцовыя карысьлівыя эліты. Маўляў, гэта Пуцін, Лукашэнка, Аліеў, Назарбаеў, Карымаў і іншыя кіраўнікі ўстанавілі дыктатуры і не дазваляюць сваім свабодалюбівым народам рухацца да сьветлай дэмакратычнай будучыні. Але насамрэч гэта толькі невялікая частка праўды.

Праблема ў тым, што дэмакратычны транзыт на постсавецкай прасторы спатыкнуўся аб чалавечую прыроду. Дарэчы, аб гэтую перашкоду разьбіліся спробы ЗША падчас прэзыдэнцтва Буша-малодшага дэмакратызаваць мусульманскі Ўсход. Вынікі амэрыканскай апэрацыі ў Аўганістане і Іраку (як дарэчы і вынікі народных рэвалюцый, што атрымалі назву «Арабская вясна»), мякка кажучы, непераканаўчыя.

Калі ж вяртацца да постсавецкай прасторы, то высьветлілася, што з крахам камуністычнай сыстэмы чалавек таталітарнага тыпу, чалавек савецкі нікуды ня дзеўся. Ён адраджаецца як птушка фэнікс у новым выглядзе. І трэба было здарыцца ўкраінскаму крызысу, каб гэты фэномэн вылез на паверхню ва ўсім сваім непрыглядным выглядзе. Яго можна вызначыць нават арытмэтычна. 84% расейцаў, 2/3 беларусаў падтрымалі дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

Прычым, чалавек таталітарнага тыпу можа выяўляцца ў рознай ідэалягічнай афарбоўцы. У Расеі гэтая частка насельніцтва аб’яднаная імпэрскай ідэяй вялікадзяржаўнага шавінізму. У Беларусі, як вядома, нацыянальная ідэя слабая, лічыць гэтыя 2/3 прыхільнікамі адраджэньня расейскай імпэрыі ня варта.

Галоўнае, што аб’ядноўвае гэтых людзей — гэта прыхільнасьць да патэрналісцкай дзяржавы, «моцнай рукі», цьвёрдай улады, адмаўленьне ідэі ролі асобы, як асновы, на якой будуецца супольнасьць, дзяржава, непрыманьне такой каштоўнасьці, як правы чалавека. Тут мінімальны ўзровень самаарганізацыі грамадзтва, фактычна адсутнічае грамадзянская супольнасьць у заходнім разуменьні гэтага тэрміну. У выніку атрымоўваецца, што дзяржава — гэта адзіны інстытут, які аб’ядноўвае насельніцтва ў соцыюм.

Вось, напрыклад, што ў Расеі аб’ядноўвае жыхароў Смаленскай вобласьці і Далёкага Ўсходу? Няма нават паўнавартаснага эканамічнага адзінства, агульнанацыянальнага рынку, дзякуючы якому ў Эўропе сфармаваліся нацыі. Цікавы факт: пасьля таго, як расейскі ўрад увёў эмбарга на пастаўкі нарвэскага ласося, высьветлілася, што везьці рыбу ў эўрапейскую частку Расеі з Далёкага Ўсходу проста нерэнтабэльна. Што застаецца? Агульная міталёгія? Гэта ня вельмі надзейная скрэпа. Высьвятляецца, што толькі дзяржава з усімі яе атрыбутамі і аб’ядноўвае расейскае грамадзтва. І калі дзяржаўныя інстытуты слабеюць, часткова разбураюцца, пачынаецца распад імпэрыі. Гэта мы назіралі і ў 1917, і ў 1991 гадах.

Атрымоўвацца, што Расейскую імпэрыю можа выратаваць толькі пагроза звонку (рэальная ці ўяўная), мабілізацыя супраць зьнешняга ворагу. Зьвярніце ўвагу, як хутка і радыкальна ўкраінскі крызыс кансалідаваў расейскі соцыюм. Упершыню з 1991 году Расея пераадолела агульнанацыянальны раскол. Зьнікла праблема легітымізацыі прыватызацыі агульнанароднай маёмасьці купкай алігархаў, якая паўтара дзесяцігодзьдзя зьяўлялася нацыянальнай траўмай. Партыя «Адзіная Расея» больш ня лічыцца «партыяй жулікаў і злодзеяў». То бок гэтыя апошнія падзеі паказваюць, што канфлікт з усім сьветам — гэта форма самазахаваньня Расейскай імпэрыі.

У гэты мур і ўткнуўся дэмакратычны транзыт. Што лішні раз пацьвярджае вядомую ісьціну, што самая непрыступная крэпасьць — гэта чалавечая галава.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG