Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што і як сьвяткуюць «верныя ленінцы»


Цэнтральная плошча пасёлка – бяз помніка Леніна і бязьлюдная
Цэнтральная плошча пасёлка – бяз помніка Леніна і бязьлюдная

У Беларусі восем паселішчаў названыя ў гонар Леніна. Адно зь іх на Магілёўшчыне ў Горацкім раёне. Пасёлак — за два дзясяткі кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы. Гістарычная назва мястэчка — Раманава. Старэйшыя жыхары так яго між сабой і называць.

Як адзначаюць гадавіну кастрычніцкага перавароту 1917 году ў Раксеі жыхары Леніна? Як жывецца ім — на што наракаюць і з чаго цешацца?

У дзень кастрычніцкай рэвалюцыі Леніна сустрэла бязьлюднымі вуліцамі. Пра тое, што сёньня дзяржаўнае сьвята, нагадвалі толькі невялікія афіцыйныя сьцягі на слупах цэнтральнай вуліцы пасёлку. Людзі сталага веку згадвалі сваю маладосьць з настальгіяй:

«Вось калі былі маладыя, дык на дэманстрацыю хадзілі. Божухна, гэта ж такое было сьвята. Неяк цяпер ня так усё. Стаў гэты дзень звычайным абыдзенным», наракае адна з жыхарак пасёлка.

На пытаньне, як жывецца цяпер у Леніне суразмоўніца заяўляе, што добра. Узровень жыцьця яна параўноўвае з дабрабытам вяскоўцаў:

«Калі туды далей, то людзі жывуць значна горш. У нас жа тут, бачыце, і асфальт, і гасьцініца, і пэдвучылішча. Нейкі рух ёсьць. Наш пасёлак — як маленькі гарадок. У нас жа і вада падведзеная і амаль у кожнага ёсьць каналізацыя ў доме. А ў вёсках жа яшчэ горш.

Схаваны бок жыцьця пасёлка – збудаваныя ў дварах хлявы. Усе розныя і ўзьведзеныя насьпех
Схаваны бок жыцьця пасёлка – збудаваныя ў дварах хлявы. Усе розныя і ўзьведзеныя насьпех

А з чаго людзі жывуць? У саўгасе працуюць, сваё нешта вырошчваюць. Вось толькі кепска са сьвіньнямі з-за той хваробы. У Расею нашы людзі езьдзяць. У Смаленск па прадукты, па рыбку».

Пра сьвіней, якіх летась загадалі людзям забіць з-за пагрозы афрыканскай чумы, казаў амаль кожны пераняты журналістам пасялковец. Скардзіліся, што цяпер засталіся толькі куры ды качкі. Кароў амаль не трымаюць.

Яшчэ гадоў дзесяць таму тут было 220 кароў.

«Цяпер засталося толькі дзьве... У нас памежная зона, дык маладыя хлопцы езьдзяць усе ў Расею. Ніхто ня хоча ісьці ў саўгас працаваць за два мільёны».

Разабраны трактар – нібыта пэрсанаж з далёкай і такой блізкай савецкай мінуўшчыны
Разабраны трактар – нібыта пэрсанаж з далёкай і такой блізкай савецкай мінуўшчыны

Бальшыня тых, з кім удалося пагутарыць, адзначалі, што ім даспадобы, што іхны пасёлак адзіны ў Беларусі названы ў гонар правадыра ўсясьветнага пралетарыяту, аднак разважаючы, кожны вяртаўся да цяперашняга жыцьця:

«Раней жа Леніна наша дужа славілася, але цяпер яно відаць зачахне — як паўсюль усё. Калі добры саўгас, дык у ім людзі зацікаўленыя ў працы. А заробкаў жа няма. Ідзе цяпер усё да заняпаду», кажа сталага веку жыхарка Леніна.

Ёсьць пасялкоўцы якія б хацелі вярнуць гістарычную назву мястэчку. Адзін з іх гэтак тлумачыць чаму:

«Назву населенага пункта памянялі, бо гучала Раманава, але ніякага дачыненьня да расейскай царскай сям’і назва паселішча ня мела. З імем правадыра ўсясьветнага пралетарыяту тут нічога не зьвязана. Ніводнага памятніка Леніну ў нас няма, акрамя назвы паселішча і цэнтральнай вуліцы. Нават бюст Леніна прыбралі са школы. Ён доўга пыліўся на складзе. Але наўрад ці мы дажывём, калі назад у Раманава пераймянуюць пасёлак».

Суразмоўца на разьвітаньне адзначыў, што знакаў, якія б сьведчылі пра даўнюю гісторыю пасёлка не засталося. Панскі маёнтак зруйнавалі дашчэнту. На ягоным месцы ўзьвялі мэмарыял у гонар палеглым у 1943 годзе жаўнерам першай польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі. Велічны з мармуру мэмарыял з каталіцкімі, праваслаўнымі крыжамі і зоркай Давіда ўзвышаецца на ўзгорку, зь якога штурмавала дывізія недалёкую высотку. На ёй — музэй Савецка-польскай вайсковай садружнасьці. Сярод палеглым шмат беларускіх прозьвішчаў зь беларускіх мясьцін.

Мэмарыял палеглым жаўнерам польскай дывізіі імя Касьцюшкі
Мэмарыял палеглым жаўнерам польскай дывізіі імя Касьцюшкі

Пытаньне: «Як сябе называюць жыхары Леніна — ці ня ленінцамі?» пасялкоўцаў бянтэжыла. Многія прызнаваліся, што над падобнымі пытаньнямі ня думалі. Некаторыя пагаджаліся, што яны ленінцы. Некаторыя ж казалі, што называем сябе людзьмі зь Леніна.

Прыкметы беларушчыны, бо ў пасёлку пэдагагічны каледж
Прыкметы беларушчыны, бо ў пасёлку пэдагагічны каледж

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG