Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвійскую паэзію па-беларуску прэзэнтавалі ў Менску


 Прэзэнтацыя анталёгіі латвійскай паэзіі. Паэт Улдыс Бэрзыньш і перакладчык Андрэй Гуцаў.

Прэзэнтацыя анталёгіі латвійскай паэзіі. Паэт Улдыс Бэрзыньш і перакладчык Андрэй Гуцаў.

Выдавецтва «Галіяфы» апублікавала Анталёгію латвійскай паэзіі, гэта ўнікальны кніжны праект, які аб’яднаў на сваіх старонках беларускіх і латвійскіх паэтаў і літаратараў.

Вечарына прайшла ў сталічным Доме сяброўства ды сабрала поўную залю. Сярод прысутных былі амбасадар Латвіі Міхаіл Попкаўс, амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус, культуроляг Максім Жбанкоў, паэтка Марыйка Мартысевіч, а таксама знакаміты аўтар латыскай паэзіі, перакладчык на латыскую мову Бібліі і Карану Ўлдыс Бэрзыньш.

Куратарамі праекту сталі беларускія паэты Зьміцер Вішнёў і Вольга Гапеева, якія гэтаксама сталіся перакладчыкамі латвійскай паэзіі. Апроч іх, удзел у праекце ўзялі і іншыя беларускія літаратары: Альгерд Бахарэвіч, Павал Надольскі, Арцём Кавалеўскі і Ірына Хадарэнка. Куратарам з латвійскага боку выступіў Сяргей Марэйна, расейскамоўны латвійскі паэт, перакладзеныя творы якога гэтаксама ўвайшлі ў «Анталёгію».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Галіяфы». У яе ўвайшлі творы сучасных латвійскіх паэтаў ХХ і ХХІ стагодзьдзя. Адметнасьцю ёсьць тое, што аўтары як латыскамоўныя, гэтак і расейскамоўныя. Адзін з куратараў праекту Зьміцер Вішнёў у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што галоўная мэта — пазнаёміць беларускіх чытачоў з сучаснай латвійскай паэзіяй, пра якую мала ведаюць нават у асяродзьдзі беларускіх літаратараў:

«Варта падкрэсьліць, што менавіта латвійскай, а не латыскай. Бо мы пераклалі дзесяць аўтараў — пяцёра латыскамоўных і пяцёра расейскамоўных. Прычым апошнія ўвайшлі ў „Анталёгію“ з той прычыны, што ў Латвіі традыцыйна склалася вельмі моцная расейскамоўная літаратура, якая друкавалася ў часопісе „Родник“ яшчэ ў савецкія часы».

Паэтка Вольга Гапеева, якая выступіла ў ролі куратаркі і перакладчыцы вершаў для «Анталёгіі» таксама адзначыла, што гэтым праектам беларускія літаратары і выдаўцы спрабуюць запоўніць прабел у веданьні літаратуры суседняй краіны. І хоць кніга была прэзэнтаваная ўпершыню, яна ўжо мела немалы посьпех, што зьдзівіла і ейных аўтараў.

«Зборнікі паэзіі, асабліва перакладной, звычайна надта вялікім посьпехам не карыстаюцца. Але я бачу, што людзі сапраўды набываюць „Анталёгію латвійскай паэзіі“, і гэта ня можа ня цешыць», — распавяла Вольга Гапеева.

Для саміх жа аўтараў выданьне гэтай кнігі было справаю абавязку, як адзначыў Зьміцер Вішнёў. Паводле літаратара, гэткі культурны здабытак тым больш неабходны, што латвійская анталёгія выходзіць па-беларуску ўпершыню.

«Калі мы выдавалі нашу кнігу, мы думалі, што прынамсі ў савецкія часы была такая анталёгія. Але высьветлілася, што мы першыя. І гэта вар’яцкая сытуацыя, бо такі культурны абмен з суседняй краінай надта патрэбны», — адзначыў Зьміцер Вішнёў.

Паводле спадара Вішнёва, прыклад, які беларускія аўтары падалі латвійцам, можа натхніць іх на стварэньне сваёй анталёгіі, але ўжо беларускай паэзіі ў перакладзе на латыскую мову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG