Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка ў Бабруйску: «Нас падтрымае калектыў, калі яго не запалохаюць»


У Бабруйску другія суткі галадаюць звольненыя з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Сёньняшні дзень акцыі пратэсту Мікалай Жыбуль, Аляксандар Варанкін, Алег Шаўчэнка і Аляксандар Грамыка правялі ля заводзкай прахадной. Калі ўчора галадоўнікаў двойчы выганялі з будынку гарвыканкаму, пагражаючы адміністрацыйным арыштам, то сёньня дзень у іх прайшоў без канфліктаў. Да галадоўкі далучыўся і адзін працаўнік заводу — Генадзь Лабачоў. Ён таксама сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Актывісты-прафсаюзьнікі прастаялі ля прахадной увесь працоўны дзень. Ніхто з адміністрацыі прадпрыемства да іх не падыходзіў. Галадоўнікі адзначаюць, што кіраўніцтва заводу бачыла, хто стаіць ля прахадной, але ўвагі не зьвярнула. Тым ня менш акцыя пратэсту, запэўніваюць актывісты, адміністрацыю трымала ў напружаньні.

«Праяжджаў міма нас дырэктар, па выразе яго твару было відаць, што ён незадаволены тым, што мы стаім ля прахадной», — адзначае галадоўнік Мікалай Жыбуль.

«Сёньня на завод прыехала больш за сто дылераў з Расеі, Прыбалтыкі. На заводзе вялікая колькасьць непрададзеных трактароў. І цяпер адміністрацыя спрабуе іх кудысьці расьпіхнуць».

Яшчэ адзін галадоўнік Аляксандар Грамыка адзначае, што на заводзе ўзмоцненыя меры бясьпекі, асабліва на прахадной: «Звычайна два-тры стаяць ля прахадной ахоўнікі, а сёньня і начальнік каравулу разам зь імі, і яшчэ некалькі чалавек. Мы хадзілі ад адной прахадной да другой. І ахоўнікі за намі. Відаць, думалі, што мы зьбіраемся прарвацца праз прахадную на завод».

Калі адміністрацыя, са слоў актывістаў, рабіла выгляд, што не заўважае акцыі, то працоўныя падыходзілі і выказвалі падтрымку. На пытаньне, ці гатовы калектыў заводу выступіць у абарону звольненых, галадоўнік Аляксандар Варанкін адказаў:

«Чалавек дваццаць-трыццаць павінны далучыцца да нашай акцыі. Але ўсё будзе залежаць ад рэакцыі адміністрацыі. Што там творыцца на самім прадпрыемстве — нас жа туды не пускаюць. Калі людзей загоняць у кабінэты і пачнуць палохаць звальненьнямі, то пра падтрымку казаць не выпадае. Чыста па-чалавечы нас калектыў падтрымлівае».

Паводле галадоўніка, ён і ягоныя калегі па акцыі пратэсту атрымліваюць шмат тэлефанаваньняў. «Мне званілі незнаёмыя мне людзі і выказвалі з намі сваю салідарнасьць. Казалі, што знайшліся людзі, якія яшчэ могуць змагацца. Наша акцыя дойдзе і да Менску. Там убачаць, што ёсьць людзі, якія хочуць жыць па законах Рэспублікі Беларусь».

«Я не магу бязьдзейна назіраць, як мае калегі галадаюць», — тлумачыць сваё далучэньне да акцыі пратэсту Генадзь Лабачоў.

«Гэта хлопцы, зь якімі я не адзін год разам працаваў. Я іх выдатна ведаю. Сярод іх мой зьменшчык. Яны наладчыкі, і я наладчык. Завадчане між сабой абмяркоўваюць акцыю пратэсту. Зь яе патрабаваньнямі згодныя. Але публічна сваёй думкі не выказваюць. Толькі ў групах правераных людзей. Але ніхто галадоўнікаў не асуджае», — кажа пра настроі працоўных на заводзе Генадзь Лабачоў.

Прафсаюзьнікі заяўляюць, што акцыяй пратэсту прыцягваюць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу адміністрацыяй прадпрыемства. Патрабуюць актывісты і аднавіць іх саміх на працы, бо лічаць, што звольнілі іх незаконна. Прычынай непадаўжэньня зь імі кантракту лічаць сваё сяброўства ў Свабодным прафсаюзе.

На пратэст прафсаюзьнікі наважыліся пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У лісьце прэзыдэнту яны даводзілі, што з заводу звальняюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, шкодзячы вытворчасьці. У сваім звальненьні яны вінавацяць кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясьціў вайну свабоднаму прафсаюзу».

Сёньня галадоўка будзе прыпыненая. У панядзелак, заяўляюць актывісты, акцыя пратэсту пачнецца зноў і працягнецца, пакуль галадоўнікаў «не пачуе прэзыдэнт». Актывісты кажуць, што будуць дамагацца сустрэч з кіраўніцтвам Бабруйску і Магілёўскай вобласьці, каб данесьці да чыноўнікаў, што творыцца на заводзе.

XS
SM
MD
LG