Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 лістапада: адкрыцьцё фэстывалю «Лістапад» і гадавіна кастрычніцкага перавароту ў Расеі


Крэйсэр "Аўрора" ў Пецярбурзе, сымбаль кастрычніцкага перавароту 1917 году.

Крэйсэр "Аўрора" ў Пецярбурзе, сымбаль кастрычніцкага перавароту 1917 году.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Гомель. Актывіст Гомельскага аддзяленьня незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Эдуард Нелюбовіч праводзіць вулічнае шэсьце супраць падтрымкі кіраўніцтвам Расеі сэпаратызму ва Ўкраіне. Месца правядзеньня — вуліца Савецкая, ад плошчы Леніна да плошчы Паўстаньня.

Менск (па 14 лістапада). У кінатэатры «Масква» адкрываецца XXI Менскі міжнародны кінафэстываль «Лістапад». Пачатак аб 11.30. Горадня (па 9 лістапада). На базе адпачынку «Купалінка» адкрываецца штогадовы міжнародны інтэлектуальны форум праваслаўнай моладзі Quo Vadis.

Віцебск. У Цэнтры сучаснага мастацтва (вуліца Белабародава, 5) адбудзецца публічная лекцыя Андэрса Крэйгера «Куратарства ў эўрапейскім музэі сучаснага мастацтва: мастацтва пасьля палітыкі ідэнтычнасьці». Пачатак а 19.00.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1917 — пачалася Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі. Цяпер гэтая дата афіцыйна адзначаецца ў Беларусі. А ў Расеі, дзе рэвалюцыя адбылася, сёньня адзначапецца Дзень згоды і прымірэньня. Гэта значыць, дзень пераадоленьня наступстваў кастрычніцкага перавароту.

1919 — у Ізяславе УНР і Польская Рэспубліка падпісалі пратакол пра ўсталяваньне дэмаркацыйнай лініі паміж украінскімі і польскімі войскамі.

1921 — у Італіі створаная Фашысцкая партыя на чале з Бэніта Мусаліні.

1933 — у Менску адкрыўся Дом Ураду.

1967 — ААН прыняла Дэклярацыю супраць дыскрымінацыі жанчын.

2004 — пачала трансьляцыі Беларуская служба «Радыё Швэцыя». У гэты дзень нарадзіліся:

1790 — беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў — ад Напалеона і графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы.

1867 — Марыя Складоўская-Кюры, польскі фізык і хімік.

1879 — Леў Троцкі, расейскі рэвалюцыянэр.

1896 — Міхась Чарот, беларускі паэт і пісьменьнік. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.

Поле ціха шаптала калосьсем,

Як находзіла ворагаў раць.

Гэта ты у чырвоную восень

Сонны край свой пачаў вартаваць.

На шляху, на прыбітым гасьцінцы,

На здратованых коньмі палёх

Гучны кліч твой, як водбліск зарніцы,

Адгалоскам жывучым разьлёг...

Кургану не пяяліся песьні.

Кім насыпаны, хто там ляжыць, —

У зямлі спачываць ім не цесна,

Не гнятуць іх гнілыя крыжы.

Ты вярбою шумеў пры дарозе,

Гольлем вабячы неба блакіт,

Да тых гоней хіліўся бярозай,

Дзе прастор быў крывёю заліт.

Шмат разоў ты у полымі жыцьця

Захліпнуцца зьбіраўся бяз сьлёз,

Калі вецер пажоўклае лісьце

Па загонах спустошаных нёс.

І на хвалях вады ружаватай

Човен твой пераплыў ужо мель.

Разагнаў ты штандарам узьнятым

Над балотам туманную бель.

Міхась Чарот, «Цішку Гартнаму»

1897 — Міхась Каршук, дзяяч беларускага нацыянальна-культурнага руху, краязнавец і публіцыст.

1913 — Альбэр Камю, францускі раманіст і філёзаф, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. На беларускай выдаваліся яго «Выбраныя творы» ў перакладзе Зьмітра Коласа з прадмовай Сяргея Дубаўца.

1923 — Аляксандар Дракахруст, беларускі паэт, перакладчык і мэмуарыст.

1966 — Піт Паўлаў, беларускі музыка. У гэты дзень памерлі:

1948 — Хведар Ільляшэвіч, беларускі паэт, журналіст і гісторык.

1975 — Ісак Любан, беларускі савецкі кампазытар.

1992 — Аляксандар Дубчак, адзін з ідэолягаў «Праскай вясны», першы сакратар ЦК кампартыі Чэхаславаччыны. У жніўні 1968 году быў затрыманы савецкімі вайскоўцамі і прымусова дастаўлены ў Маскву. У 1989 быў абраны старшынём Фэдэральнага сходу Чэхаславаччыны. Загінуў у выніку аўтакатастрофы.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Горад А. 7 лістапада 1990 памёр Лорэнс Дарэл

XS
SM
MD
LG