Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харэўскі: Ладуцька правёў чэмпіянат і зьнішчыў мастацкасьць Менску


Мікалай Ладуцька падчас міліцэйскай эстафэты
Мікалай Ладуцька падчас міліцэйскай эстафэты

Мастацтвазнаўца і дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі лічыць, што адстаўка старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі ня стане важнай падзеяй для менчукоў.

«Уся сыстэма ўлады ў нашым горадзе — безаблічная. Я перакананы, што 99% жыхароў Менску не ўяўляюць, хто кіруе раёнамі гораду, хоць гэта выбарныя пасады. А „мэраў“ мы і не выбіраем, таму і асаблівай цікавасьці да іх не выяўляем».

Што да зьменаў у горадзе, то Сяргей Харэўскі лічыць Мікалая Ладуцьку пераемнікам той палітыкі, якую вялі яго папярэднікі.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Ладуцька — проста крэпкі гаспадарнік. Зрабіў усё для прыёму чэмпіянату сьвету па хакеі. Але важныя для жыхароў гораду задачы не былі вырашаныя. Ён так і не стварыў пешаходныя зоны, засталося пытаньне транспартнага каляпсу ў гістарычным цэнтры гораду, моцна пагоршылася экалягічная абстаноўка, нібыта на дровы сталі пілаваць старыя ладныя дрэвы. У той жа час ад Ладуцькі ніколі не сыходзіла ініцыятыва ствараць знакавыя помнікі манумэнтальнага мастацтва, мэмарыяльныя знакі-ўшанаваньні выбітных асобаў. Караценькая эпоха Ладуцькі запомніцца брутальным парушэньнем заканадаўства ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пабудовай пачварных будынкаў гэтак званага „Кемпінскага“, які насамрэч ніякі не „Кемпінскі“, пабудовай у паркавай зоне кітайскага гатэля, нягледзячы на ўсе пратэсты», — кажа культуроляг.

Найбольшую заклапочанасьць, на думку Сяргея Харэўскага, выклікае наступ на водна-зялёную зону, высечка паркаў і зялёных насаджэньняў, зьнішчэньне старых дрэваў, працяг разбурэньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і поўнае ігнараваньне мастацкасьці на фоне катэгарычнага непрыманьня ідэі гуманізацыі гарадзкой прасторы зь безбар’ерным асяродзьдзем і пешаходнымі зонамі, ідэі, што горад павінен належаць усім жыхарам, а ня ўласьнікам невядома якім чынам здабытай нерухомасьці.

«Гэтых рэчаў не разумеў Мікалай Ладуцька. Ён не прыслухоўваўся да думкі людзей. Яно ігнаравалася ў прынцыпе. Таму эпоха яго кіраваньня Менскам — гэта проста працяг той валюнтарыскай палітыкі, якая была даўно запачаткаваная. Таму я перакананы, што на яго адстаўку абсалютная большасьць менчукоў проста ня зьверне ўвагі», — падсумаваў Сяргей Харэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG