Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў Ладуцьку. Менгарвыканкамам будзе кіраваць былы міністар ЖКГ


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Андрэя Шораца старшынём Менскага гарвыканкаму.

Андрэй Шорац aд чэрвеня 2011 года быў на пасадзе міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

Дагэтуль працаваў намесьнікам міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Пачатак ягонай кар’еры зьвязы з Віцебшчынай, дзе ён займаў розныя пасады ў Беларускім патрыятычным саюзе моладзі, у аблспажыўсаюзе і аблвыканкаме. У Менску жыве з 2010 году, калі быў прызначаны намесьнікам міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Шорац скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1973 годзе ў Віцебску.

Харэўскі: Ладуцька правёў чэмпіянат і зьнішчыў мастацкасьць Менску

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Мастацтвазнаўца і дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі лічыць, што адстаўка старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі ня стане важнай падзеяй для менчукоў.

«Уся сыстэма ўлады ў нашым горадзе — безаблічная. Я перакананы, што 99% жыхароў Менску не ўяўляюць, хто кіруе раёнамі гораду, хоць гэта выбарныя пасады. А „мэраў“ мы і не выбіраем, таму і асаблівай цікавасьці да іх не выяўляем».

Што да зьменаў у горадзе, то Сяргей Харэўскі лічыць Мікалая Ладуцьку пераемнікам той палітыкі, якую вялі яго папярэднікі.

«Ладуцька — проста крэпкі гаспадарнік. Зрабіў усё для прыёму чэмпіянату сьвету па хакеі. Але важныя для жыхароў гораду задачы не былі вырашаныя. Ён так і не стварыў пешаходныя зоны, засталося пытаньне транспартнага каляпсу ў гістарычным цэнтры гораду, моцна пагоршылася экалягічная абстаноўка, нібыта на дровы сталі пілаваць старыя ладныя дрэвы. У той жа час ад Ладуцькі ніколі не сыходзіла ініцыятыва ствараць знакавыя помнікі манумэнтальнага мастацтва, мэмарыяльныя знакі-ўшанаваньні выбітных асобаў. Караценькая эпоха Ладуцькі запомніцца брутальным парушэньнем заканадаўства ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пабудовай пачварных будынкаў гэтак званага „Кемпінскага“, які насамрэч ніякі не „Кемпінскі“, пабудовай у паркавай зоне кітайскага гатэля, нягледзячы на ўсе пратэсты», — кажа культуроляг.

Найбольшую заклапочанасьць, на думку Сяргея Харэўскага, выклікае наступ на водна-зялёную зону, высечка паркаў і зялёных насаджэньняў, зьнішчэньне старых дрэваў, працяг разбурэньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і поўнае ігнараваньне мастацкасьці на фоне катэгарычнага непрыманьня ідэі гуманізацыі гарадзкой прасторы зь безбар’ерным асяродзьдзем і пешаходнымі зонамі, ідэі, што горад павінен належаць усім жыхарам, а ня ўласьнікам невядома якім чынам здабытай нерухомасьці.

Мікалай Ладуцька пасьля выбуху ў менскім мэтро

Мікалай Ладуцька пасьля выбуху ў менскім мэтро

XS
SM
MD
LG