Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Прессбола»: Чэмпіянат зьбяднеў на моцных беларускіх гульцоў


 Анры Хагуш (зьлева) згуляў толькі палову матча

Анры Хагуш (зьлева) згуляў толькі палову матча

Футбольная каманда БАТЭ зноў зьдзівіла і спэцыялістаў, і заўзятараў.

Учора на «Львоў Арэне» выхаванцы Аляксандра Ермаковіча прапусьцілі пяць галоў ад «Шахтара», які на час ваенных дзеяньняў пераехаў на захад з Данецку. У двухматчавым супрацьстаяньні, такім чынам, БАТЭ давяла лік да ганебнага — 12:0. Агулам за чатыры стартавыя гульні на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў у вароты барысаўцаў уляцела 19 мячоў — амаль па 5 у кожным паядынку. Куды коціцца беларускі футбол на чале са сваім флягманам?

Хоць напярэдадні матчу і трэнэры, і гульцы барысаўскага клюбу абяцалі «рэабілітавацца» перад сваімі прыхільнікамі, цуду ня здарылася. Зь лепшай камандай беларускага чэмпіянату данецкі «Шахтар» разабраўся, як кажуць у такіх выпадках, з асаблівым цынізмам. Не пасьпелі астыць жарсьці ад нядаўняй сустрэчы ў Барысаве, калі «гарнякі» «адгрузілі» ў вароты Чэрніка 7 галоў на самы розны густ, як узьнікла дэжавю — яшчэ пяцёрка галявых удараў. Да таго ж пры канцы першага тайму здалі нэрвы ў Анры Хагуша, і БАТЭ дагульвала ў меншасьці.

Дзякуючы дзіравай БАТЭшнай абароне дадаў сабе славы бразыльскі форвард Луіс Адрыяна, на рахунку якога ажно 8 мячоў у двух паядынках. Пасьля чарговага сэансу публічнага прыніжэньня Аляксандар Ермаковіч паспрабаваў апраўдацца на пасьляматчавай прэсавай канфэрэнцыі — маўляў, для калектыву цяпер важна засяродзіцца на ўнутраным першынстве, а Ліга чэмпіёнаў — пляцоўка, дзе можна паднабрацца досьведу:

«У прынцыпе, мы стараемся аднолькава сур’ёзна ставіцца да двух турніраў. Але пасьля таго як мы трапілі ў групу Лігі чэмпіёнаў, зразумела, што на першым месцы ў нас усё роўна ўнутраны чэмпіянат. А Ліга чэмпіёнаў? Ня тое што другасная, аднак

А Ліга чэмпіёнаў? Ня тое што другасная, аднак мы разумеем, дзе знаходзімся

мы разумеем, дзе знаходзімся, і наша задача — набірацца вопыту, атрымліваць той неацэнны досьвед, які маем у такіх сустрэчах. І „Шахтар“, і „Порту“, я думаю, — гэта фаварыты групы, і, напэўна, пасьля тых гульняў, якія мы згулялі, неяк не з рукі нам гаварыць, хто мацнейшы. Зразумела, што вельмі высокага ўзроўню дзьве каманды, і менавіта яны будуць змагацца за першае месца, і ўжо відавочна, што менавіта яны і выйдуць далей».

Такія прызнаньні выклікалі хвалю незадаволенасьці сярод камэнтатараў на форумах, якія нагадваюць: па-першае, дзякуючы эўракубкам БАТЭ пабагацела на мільёны эўра; па-другое, калі абмяжоўвацца чэмпіянатам Беларусі, навошта рваць жылы, намагаючыся трапіць у групу?

Галоўны рэдактар газэты «Прессбол» Сяргей Кайко лічыць, што заявы Ермаковіча, выкліканыя чарговым балючым правалам на міжнароднай арэне, зробленыя на эмоцыях. Але прыярытэт Лігі чэмпіёнаў ніхто не адмяняў:

«Я прачытаў, так. Але, шчыра кажучы, не надаваў бы гэтаму вялікага значэньня. БАТЭ вельмі буйна і балюча прайграў, і Ермаковіч гаварыў адразу па гарачых сьлядах. Думаю, што гэта была ўвогуле адна з самых цяжкіх прэс-канфэрэнцыяў у ягонай пакуль яшчэ нядоўгай трэнэрскай кар’еры. Трэба ўлічваць, што ён казаў гэта ў стрэсавай сытуацыі, пасьля вялікага расчараваньня. Якія словы прыйшлі ў галаву, тыя і вылецелі. Магчыма, так бы не гаварыў, каб быў у іншай сытуацыі. Чаго людзі толькі не гавораць? І з гарачкі гавораць, і ад вялікага расчараваньня. Асабіста ў мяне няма сумневу, што Ліга чэмпіёнаў для БАТЭ — турнір, дзеля якога яны, уласна кажучы, і гуляюць».

А вось румынскі настаўнік «Шахтара» Мірчэ Лучэску проста выказаў удзячнасьць за падтрымку шматлікай публіцы — падтрымаць каманду на львоўскай арэне сабралася блізу 30 тысяч чалавек. Актыўнічалі і беларускія заўзятары, некаторыя зь якіх прывезьлі з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі. У другім тайме яны далучыліся да звыклай пераклічкі трыбунаў: «Слава Ўкраіне!» — «Героям слава!», за што былі аддзячаныя салідарным воклічам «Жыве Беларусь!».

У сваю чаргу, капітан «Шахтара», аўтар аднаго з галоў харват Дарыё Срна сказаў, што хацеў бы прысьвяціць перамогу дзецям Данецку і іхнім бацькам — 5 лістапада ў выніку абстрэлу пасёлку Северны Куйбышаўскага раёну Данецку на футбольнай пляцоўцы загінулі двое дзяцей, яшчэ чацьвёра цяжка параненыя:

«Літаральна перад гульнёй мы даведаліся вельмі страшную навіну — пра трагедыю, якая здарылася ў Данецку. З аднаго боку, гэта для нас было дадатковай матывацыяй, а з другога — неверагодным шокам. Бо гэта жахліва, калі пакутуюць дзеці. Дзеці — гэта будучыня Ўкраіны, будучыня Данецку і Данбасу. Гэта новыя футбалісты, гэта новыя людзі, якія павінны мець будучыню. Таму гэтую перамогу я б падарыў ім, іх бацькам, бо сёньняшні дзень выдаўся вельмі цяжкім для ўсіх. Ім складана, але мы будзем дапамагаць ім і далей».

Які рэцэпт выпісаць камандзе, якая зьняверылася ва ўласных здольнасьцях? Што можа ўратаваць калектыў БАТЭ ад спаўзаньня ў маральна-псыхалягічную бездань? Спартовы экспэрт Сяргей Кайко кажа, што паколькі стаўка на айчынныя кадры сябе яўна не апраўдала, трэба шукаць годную альтэрнатыву за мяжой. Прыкладам, у тым жа данецкім «Шахтары» 13 чалавек — бразыльцы, зь іх 10 заяўленыя ў асноўным складзе і на замену. І менавіта яны вядуць рэй у камандзе:

«Яшчэ некалькі гадоў таму я пісаў, што БАТЭ патрэбныя легіянэры. Хай сабе ня тры, можа два, але бязь іх не абысьціся. Ужо ўсім відавочна, што на моцных беларускіх гульцоў наша вышэйшая ліга зьбяднела вельмі моцна. І зразумела, што выйсьце з гэтага клясычнае — узяць легіянэра. Але, па-першае, легіянэра яшчэ паспрабуй знайдзі. Па-другое, легіянэры каштуюць вялікіх грошай, і мы памятаем, што БАТЭ ўжо праколваўся з тым жа Кежманам, зь іншымі. Таму як бы і рашэньне, але ж гэта ня проста — пайшоў, купіў, і яны загулялі. Гэта цэлы сэгмэнт напружанай працы. Так, яе трэба неяк пачынаць, але імгненнай аддачы, пэўна, можа і ня быць. Адным словам, ёсьць выйсьце, але патрэбная вельмі сыстэмная праца. Таму што на кожнага ўмоўнага Брэсана прыпадае некалькі футбалістаў, якія проста нічога не паказваюць. А за іх плацяць немалыя грошы».

Сёньня чарговы эўракубкавы матч правядзе яшчэ адзін беларускі клюб — менскае «Дынама». У дэбютным паядынку Лігі Эўропы сталічныя гульцы паўтарылі «подзьвіг» БАТЭ, зь лікам 1:6 прайграўшы ПАОКу з Грэцыі. Потым былі параза ад італьянскай «Фіярэнтыны» і нічыя з францускім «Генгамам». Позна ўвечары шляхі «Дынама» і «Генгама» перакрыжуюцца яшчэ раз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG