Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народны суд" у Луганску


Камандзір мэханізаванай брыгады сэпаратыстаў «Прывід» Аляксей Мазгавой

Камандзір мэханізаванай брыгады сэпаратыстаў «Прывід» Аляксей Мазгавой

340 жыхароў занятага сэпаратыстамі гораду Алчэўску вынесьлі першы сьмяротны прысуд. І апладзіравалі адзін аднаму.

У занятым сэпаратыстамі горадзе Алчэўску Луганскай вобласьці Ўкраіны «народны суд» у канцы кастрычніка вынес першы сьмяротны прысуд: аднаго з байцоў батальёну «ЛНР» прысудзілі да расстрэлу. Яшчэ аднаго чалавека, якога жыхары Алчэўску таксама судзілі за згвалтаваньне, адправілі на перадавую, каб той «памёр з гонарам». У 50-хвілінным «пасяджэньні суду» ўдзельнічалі 340 чалавек. На гэтым самым судзе ўсім жанчынам «ЛНР» хацелі забараніць наведваць кавярні і начныя клюбы пад пагрозай арышту.

Першым перад «судом» паўстаў 37-гадовы ўдзельнік «народнага апалчэньня», былы міліцыянт Ігар Ананьеў. Камандзір мэханізаванай брыгады сэпаратыстаў «Прывід» Аляксей Мазгавой з паплечнікамі, якая кантралюе Алчэўск, выступіў «вядучым» і «абвінаваўчым» бокам гэтага «народнага суду». Раней Ананьеў адбываў рэальны тэрмін — 3 гады — паводле рашэньня суду Ўкраіны. На апублікаваным штабам Мазгавога 30 кастрычніка відэа жыхары Алчэўску вырашалі прысудзіць Ананьева да расстрэлу за згвалтаваньне непаўналетняй дзяўчыны.

Прычым, спачатку 29 кастрычнік быў апублікаваны «трэйлер», які паведамляе аб тым, што рашэньне ў дачыненьні да Ананьева прынята.

На наступны дзень відэазапіс суду быў апублікаваны цалкам.

Мужчына быў затрыманы 14 верасьня. «Народнае сьледзтва» справілася за паўтара месяца — «народны суд» у актавай зале аднаго з дамоў культуры Алчэўску вынес рашэньне за адзін дзень пад канец кастрычніка — дакладней за паўгадзіны. У Ананьева ёсьць сын таго ж ўзросту, што і згвалтаваная дзяўчына, зьвярнуў увагу «абвінаваўчы бок».

«Згодна з законам ваеннага часу, рашэньне прапануецца вынесьці народу Наваросіі шляхам галасаваньня — простай большасьцю галасоў», — заявілі ў пачатку пасяджэньня. Удзельнікам прапаноўвалася падняць руку. Мазгавы растлумачыў, у чым сутнасьць і плюсы такога «суду»:

«Я хачу, каб вы зразумелі, навошта мы праводзім гэты суд. Няхай нават юрыдычная грамадзкасьць заявіць, што гэта недасканалая форма з пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі, але затое гэта дасканалая форма народаўладзьдзя. Сёньня ў вас ёсьць першы шанец сапраўды праявіць сябе як актыўная грамадзянская супольнасьць з актыўнай пазыцыяй і правам слова. У вас ёсьць шанец скарыстацца гэтым і разьдзяліць паўнату адказнасьці за ўсё, што адбываецца... Нас прымушалі ўсё жыцьцё маўчаць. Кожны з вас можа выказаць сваё меркаваньне па гэтым пытаньні. Для гэтага тут мікрафон.

Нягледзячы на тое, што ў Ігара Ананьева не было ні грамадзкага абаронцы, ні адваката, яму ўсё ж далі слова:

«Я прашу прабачэньня, мая віна, вядома, ёсьць. На той момант, калі гэта адбылося, мы ехалі да мяне дадому ўжо другі раз. Першы раз супрацоўнікі выцягнулі яе з машыны, яна сама сказала: „Паехалі да цябе дадому“. Другі раз яна спытала, ці ёсьць сьпіртное, я даў. Траву паліў, але не прадаваў. Падараваў мабільны тэлефон. Трошкі, вядома, падмануў яе, і яна ўступіла ў сувязь. У гэтым раскайваюся і прашу дазволіць сваю віну загладзіць крывёю на фронце».

У Алчэўску пражывае больш за 110 тысяч чалавек. На «судзе» ў актавай зале аднаго з дамоў культуры прысутнічала крыху больш за тры сотні. Дарэчы, на заўвагу аб тым, што Ананьеў таксама ўваходзіў у батальён, абвінаваўчы бок адказаў:

«Вы нас папракнулі ў тым, што ён быў сярод нас, апалчэнцаў. У мяне сустрэчнае пытаньне. А дзе ж вы былі, калі ён сярод вас жыў? Калі ён трапіў да нас, мы яго пасадзілі на лаву падсудных. Дзе былі вы, грамадзянская супольнасьць? Пры ранейшай сыстэме ён змог бы вырашыць гэтую праблему?»

За расстрэл з 340 чалавек прагаласавала 164, супраць — 37. За альтэрнатыўную меру пакараньня — адправіць на перадавую, каб Ананьеў памёр ад рукі праціўніка — усе астатнія. У выніку яму захавалі жыцьцё, каб ён мог «загінуць з гонарам».

На гэтым пасяджэньні Аляксей Мазгавой, паміж справай, забараніў жанчынам «ЛНР» хадзіць у клюбы і кавярні, каб жанчыны не правакавалі мужчын:

«Калі я заўтра ўбачу ў кавярні, у шынку хоць адну паненку, яна будзе арыштаваная. Сачыце за сваімі дзецьмі самі. Жанчына павінна быць захавальніцай агмяню, маці. А якімі маці яны становяцца пасьля шынкоў? Што яны могуць выхаваць? Які прыклад даць? Ня трэба казаць, што яна такая-сякая. Усе шынкі і начныя клюбы забітыя жаночым насельніцтвам... Хочаш застацца сумленнай і адданай свайму мужу — сядзі дома і вышывай крыжыкам. Таму яшчэ раз паўтараю: патрулю будзе дадзены адмысловы загад — усіх дзяўчат арыштоўваць, якія будуць знаходзіцца ў шынках. Усіх, я сказаў. Дома села, піражкоў напякла, адзначыла 8 сакавіка... Час успомніць, што вы рускія. Час успомніць аб сваёй духоўнасьці», — заявіў Мазгавы. Яго рашэньне было прынята воплескамі і задаволенымі выкрыкамі, зрэшты, пазьней Мазгавы удакладніў, што пакуль ніхто мясцовых жанчын перасьледаваць ня будзе, гэта было толькі папярэджаньне.

Пасьля гэтага народны суд прыступіў да разгляду другой «справы» аб згвалтаваньні, і абвінавачанага ўсё ж прысудзілі да расстрэлу большасьцю галасоў. Віталь Краўцоў, 1979 году нараджэньня, як і Ананьеў, даў «паказаньні» і прызнаў сваю віну. Яго злачынства яшчэ цяжэйшае: на працягу двух тыдняў Краўцоў са змоўшчыкам гвалтавалі дзяўчыну, утрымліваючы яе ў кватэры, тая зьбегла, але яе зноў злавілі.

Камандзір «Прывіду» паабяцаў праводзіць падобныя суды пастаянна, каб рэспубліка стала сапраўды «народнай».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Поступ» Луганскай вобласьці Канстанцін Равуцкі сказаў Радыё Свабода пра гэтыя «суды»:

«Гэта дзікунства, гэта вяртаньне ў Сярэднявечча. Гэта супярэчыць усім стандартам правоў чалавека, выпрацаваным у ХХ стагодзьдзі. Я, з аднаго боку, разумею гэтых людзей, якія ўжо на працягу некалькіх месяцаў знаходзяцца ў вельмі складанай сытуацыі, у пастаянным страху, бяз доступу да асноўных выгод цывілізацыі, пад пагрозай расправы з боку баевікоў. Але гэта яшчэ раз паказвае: наколькі б цывілізаваным ні было грамадзтва, такая экстрэмальная сытуацыя вельмі хутка можа адкінуць грамадзтва на некалькі стагодзьдзяў у мінулае. Гэтую тэму цяпер абмяркоўваюць усе і, напэўна, па-рознаму ацэньваюць. На вызваленых тэрыторыях мы чуем, у асноўным, абурэньне з гэтай нагоды, на акупаваных тэрыторыях абурэньне выказваць небясьпечна. Разумееце, цяпер, нават зьвязваючыся зь людзьмі на акупаваных тэрыторыях, мы ня можам нармальна і адкрыта пагаварыць па тэлефоне. У кожнай тэлефоннай размове мы чуем страх чалавека, боязь сказаць нешта лішняе. Усе баяцца, што тэлефоны праслухоўваюцца, што за любую выказаную ўголас нязгоду чалавек можа падпасьці пад перасьлед, расправу без суду».

Раней у самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР» было ўведзенае сьмяротнае пакараньне (расстрэльваць жанчын, непаўналетніх і мужчын, старэйшых за 60 гадоў — забаронена). Ва Ўкраіне сьмяротнае пакараньне адмененае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG