Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга пра жыцьцё


Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца. Фота Альгерда Бахарэвіча.
Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца. Фота Альгерда Бахарэвіча.

Юля Цімафеева

Нядаўна я была на сустрэчы беларускіх дзіцячых пісьменьнікаў і перакладчыкаў са швэдам Ульфам Нільсанам. Ульф — аўтар кнігі «Найлепшы сьпявак у сьвеце», якая сёлета выйшла па-беларуску.

Дзьве думкі, якімі падзяліўся Ульф, мяне моцна зачапілі. Па-першае, ён сказаў, што з таго часу, як быў малы і хадзіў з бабуляй у кнігарню (Ульфу цяпер 66), сьвет прыкметна зьмяніўся. Сёньня аўтар мусіць думаць і пісаць так, каб нікога не пакрыўдзіць, бо ў адзін садок ходзяць самыя розныя дзеці: дзеці-мусульмане і дзеці-грэкі, і нават хлопчык з гомасэксуальнай сям’і жанчын-пастыраў, зь якім сябруе маленькі сын Ульфа. А кніжку ж выхавацелька ў садку будзе чытаць адну для ўсіх. А другое выказваньне Ульфа, якое мяне ўразіла, было пра тое, што сваімі кнігамі ён хоча дапамагчы маленькаму чытачу перамагчы страх перад вялікім і незразумелым сьветам. І нездарма Ульф хацеў абмеркаваць з беларускімі дзіцячымі пісьменьнікамі, як пісаць на складаныя і табуяваныя тэмы. Ён сам аўтар кнігі пра маленькага хлопчыка, які дапамагае бабулі з хваробай Альцгеймэра: адшуквае для яе забытыя рэчы, нагадвае пра мінулыя падзеі...

Пэрніла Стальфэльт
Пэрніла Стальфэльт

І менавіта тады, на нашай сустрэчы, я ўпершыню пачула пра Пэрнілу Стальфэльт і яе «Кнігу пра сьмерць». Праўда, у перакладзе на расейскую мову.

Напрыканцы кастрычніка на радасьць многім бацькам (а я ўжо бачыла задаволеныя водгукі ў інтэрнэце) гэтая кніга ў перакладзе са швэдзкай на беларускую выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа. Перакладчыкам пазначаны Казімер Сольц.


«Часам мы задумваемся пра сьмерць...

І тады нам здаецца, што сьмерць —
гэта вялікая таямніца.

Зразумець, што такое сьмерць, цяжка...
цяжка не толькі маленькім, але і вялікім...

Нават агромністым гэта
таксама цяжка».


І на акварэльных малюнках — дзяўчынка зь лялькай, старэнькі дзядуля і слон. Так пачынаецца гэтая кніга на адну з самых загадкавых тэмаў у жыцьці любога чалавека, бо рана ці позна пытаньні пра сьмерць задае сабе кожны.

Для чаго паміраць? Як выглядаюць памерлыя? Ад чаго паміраюць? А куды накіроўваюцца людзі пасьля сьмерці? Што будзе, калі нехта ператворыцца ў духа? Як праходзяць хаўтуры?



Усе гэтыя пытаньні гучаць у кнізе і на ўсе гэтыя пытаньні аўтарка спрабуе даць простыя і сур’ёзныя адказы — аднак ня мэнтарскім, павучальным тонам, а тонам няхай і крыху старэйшага, але сябра, які разумее, што табе можа быць непрыемна і страшна, але разам вы пераадолееце і страх, і боль.

Калі я была маленькая, я таксама думала пра сьмерць, баялася, распытвала ў бацькоў і пасьля прынамсі на некаторы час зьмірылася. Аднойчы, калі маці, кіруючыся вясковымі прымхамі, заўважыла мне: «Не хадзі ў адным боце, а то мама памрэ», я шчыра зьдзівілася, бо ўжо ведала, што рана ці позна маме і так давядзецца памерці. Але я вырасла, і мне зноў трэба ўсьведамляць, што нехта з маіх блізкіх можа сысьці. Прыняцьце сьмерці заўжды часовае. Ты зьмяняесься і мусіш наноў правяраць сваё ўменьне яе прымаць. Таму гэтая кніга ня толькі для дзяцей, але і для дарослых.

На той сустрэчы з Ульфам Нільсанам беларускія дзіцячыя пісьменьнікі казалі, што нам не трэба турбавацца, ці можам мы некага пакрыўдзіць, бо сем’і, у якіх гадуюцца беларускія дзеці, «аднолькавыя», то бок гетэрасэксуальныя і монаэтнічныя. А яшчэ пра даўнія традыцыі духоўнасьці і цнатлівасьці беларусаў, пра абразы на покуці ў беларускага селяніна ХІХ стагодзьдзя. Апэляцыя да апошняга факту вельмі зьдзівіла швэда, бо прыкладна ў тую самую эпоху Швэцыя таксама была сельскагаспадарчай краінай і нават пакутавала ад голаду і галечы, але ж часы зьмяніліся...

Я думаю, аматараў таго, што ў нас любяць называць «духоўнасьцю», гэтая кніга можа напалохаць. Тут ёсьць анёлы-сланы, анёлы-леапарды і нават анёлы-мухі. Тут скачуць шкілеты, а душы лётаюць на ракетах. Але няма ў гэтым ані каліва зьнявагі, толькі спроба нефармальнай мовай тэксту і малюнкаў пагаварыць пра страшнае так, каб яно перастала быць страшным.

Мне падаецца, адно з кардынальных адрозьненьняў паміж большасьцю беларускіх і швэдзкіх пісьменьнікаў у пункце погляду. Неяк так павялося, што, пачынаючы з Астрыд Ліндгрэн, швэдзкія пісьменьнікі імкнуцца глядзець вачыма дзіцяці і хутчэй расказваць пра сьвет, знаёміць з ім, вучыць, як у ім жыць — чым адкрыта выхоўваць і настаўляць. У нас збольшага гэта падыход дарослага, які з вышыні свайго веліканскага росту ўглядаецца ў сьвет маленькіх.

А пакуль мы толькі чакаем, калі нашы дзіцячыя пісьменьнікі адчуюць праблемы і пачуюць пытаньні маленькага СУЧАСНАГА чалавека, трэба сказаць дзякуй перакладчыкам, якія прыносяць у беларускую літаратуру кнігі пра іншае і дапамагаюць беларускамоўным бацькам гаварыць зь дзецьмі пра важнае.

«Усе жывёлы і ўсе людзі паміраюць, у гэтым няма ніякае навіны. Паміраюць у зямлі чарвячкі, паміраюць камарыкі і нават зьмеі. Кветка, вянучы, ператвараецца ў перагной. Трава робіцца сенам дзеля каровы. Так і людзі: яны старэюць і тады нават самі ўжо хочуць памерці — можа, таму што стаміліся ці, можа, таму што сумуюць па памерлых раней... Пасьля лета заўжды выпадае сьнег, пасьля жыцьця заўсёды прыходзіць сьмерць. І ўсім страхам тады настае канец, толькі мёртвых робіцца ўсё больш і больш».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG