Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры пра санкцыі супраць Расеі: «Выбар за Масквою»


Калі «менскія дамоўленасьці» будуць выкананыя цалкам, санкцыі супраць Расеі могуць быць скарочаныя, а калі гэтага не адбудзецца і парушэньне дамоўленасьцяў будзе працягвацца, «ціск будзе толькі расьці», паўтарыў сёньня пазыцыю ЗША дзяржаўны сакратар Джон Кэры.

«Выбар за Расеяй», — дадаў ён на прэсавай канфэрэнцыі ў Парыжы, дзе ён сустракаўся зь міністрам замежных спраў Францыі Ларанам Фабіюсам.

Кэры нагадаў, што ЗША і Францыя далей глыбока адданыя захаваньню сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і вітаюць парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка. Яны сталі «вельмі адважнай і вельмі выразнай заявай аб выбары на карысьць пераменаў, які зрабіў народ Украіны», на карысьць падсправаздачнай улады з удзелам розных палітычных сілаў, на карысьць будучыні, што зьвязаная з Эўропай.

Затое незаконныя «выбары» сэпаратыстаў у частцы ўсходу Ўкраіны 2 лістапада дзяржсакратар ЗША назваў «абуральным парушэньнем сувэрэнітэту Ўкраіны і «менскіх дамоўленасьцей», ён нагадаў, што ні ЗША, ні сусьветная супольнасьць не прызнаюць іх.

«Адзінымі законнымі мясцовымі выбарамі ў Данецкай і Луганскай абласьцях будуць тыя, якія адбудуцца згодна з украінскім заканадаўствам і „менскімі дамоўленасьцямі“, і менавіта на гэтым павінны засяродзіцца і ўкраінцы, і расейцы, і сусьветная супольнасьць», — заявіў ён.

Кэры таксама дадаў, што ЗША заклікаюць Расею і яе марыянэтак на ўсходзе Ўкраіны спыніць баявыя дзеяньні вакол Марыюпаля і Данецкага аэрапорту і выканаць умовы спыненьня агню і пачаць шчыра працаваць для аднаўленьня кантролю Ўкраіны за яе мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG