Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў сьмяротнае пакараньне Грунова


Аляксандар Груноў на судовым працэсе.

Аляксандар Груноў на судовым працэсе.

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы выступіў з асуджэньнем выкананьня ў Беларусі сьмяротнага прысуду Аляксандру Грунову, асуджанаму за забойства.

«Мы рашуча асуджаем нядаўняе пакараньне Аляксандра Грунова, які быў прысуджаны да сьмерці Вярхоўным судом Беларусі ў красавіку 2014 года», — гаворыцца ў камюнікэ, распаўсюджаным вечарам у сераду ў Брусэлі.

Жыхар Гомеля Груноў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзяўчыны з асаблівай жорсткасьцю. 20 верасьня 2012 года ён нанёс студэнтцы больш за 100 нажавых раненьняў. 4 лістапада 2014 года праваабаронцы са спасылкай на маці Грунова паведамілі аб яго расстрэле.

У дакумэнце Эўразьвязу нагадваецца, што гэта трэцяе ў гэтым годзе выкананьне сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

Прадстаўнік Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы адзначае, што ў Эўразьвязе ўсьведамляюць сур’ёзны характар злачынства, за якое быў асуджаны Груноў.

«Тым не менш, Эўрапейскі зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня, якое не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах», — падкрэсьліваецца ў камюнікэ.

На думку Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы, сьмяротнае пакараньне зьяўляецца «жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое не ў стане дзейнічаць у якасьці стрымліваючага фактару і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці».

«Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Эўропе, дзе па-ранейшаму ўжываецца сьмяротнае пакараньне, далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яе ўсеагульнай адмены», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы.

Сьмяротны прысуд Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года. У лістападзе 2013 года Вярхоўны суд адмяніў вырак, справа была накіравана ў Гомельскі абласны суд на паўторны разгляд. Разгледзеўшы новым складам суда справу Грунова, калегія Гомельскага абласнога суда зноў вынесла яму выключную меру пакараньня, пасьля чаго ён абскардзіў прысуд.

8 красавіка 2014 судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адхіліла касацыю Грунова. Сьмяротны прысуд быў пакінуты ў сіле, нагадвае Інтэрфакс.

XS
SM
MD
LG