Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс расейскага рубля за апошнія два месяцы ўпаў на 20 працэнтаў і дасягнуў узроўню 44 рублёў за амэрыканскі даляр. Якія наступствы для беларускай эканомікі можа мець падзеньне расейскага рубля? Ці трэба беларускім уладам больш актыўна дэвальваваць нацыянальную валюту ўсьлед за расейскай?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Леў Марголін.

Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Эканамісты кажуць, што падзеньне расейскага рубля можа не спыніцца на гэтай лічбе і дасягнуць новых рэкордаў. Як гэты працэс можа паўплываць на беларуска-расейскі таваразварот? Перш за ўсё, што чакае беларускіх экспартэраў?

«Беларускі экспарт робіцца даражэйшы для расейцаў»

Леў Марголін

Леў Марголін

Марголін: Для беларускай эканомікі, якая моцна арыентаваная на Расею, вельмі важна, каб гэты галоўны гандлёвы партнэр добра сябе адчуваў. Тады можна павялічваць экспарт, прапаноўваць на продаж новыя тавары. А калі асноўнага партнэра трасе, то і нам цяжка.

Тым больш што дэвальвацыя расейскага рубля апярэджвае дэвальвацыю беларускага. А гэта азначае, што беларускі экспарт робіцца даражэйшы для расейцаў. У іх і так эканамічная сытуацыя з розных прычынаў пагаршаецца, а цяпер рынак звужаецца яшчэ больш з-за таго, што імпартная прадукцыя ў пераліку на расейскія рублі даражэе. У любым выпадку гэтая сытуацыя небясьпечная для беларускай эканомікі.

Цыганкоў: Ужо ёсьць статыстыка, што беларускі экспарт у Расею павялічваецца ў таварным выглядзе, але не расьце ў грашовым вымярэньні якраз з-за падзеньня расейскага рубля. Што могуць зрабіць беларускія ўлады, каб не дапусьціць зьніжэньня экспарту?

Злотнікаў: Нашы экспартэры страчваюць, па-іншаму быць ня можа. Але нашы спажыўцы знаходзяць, бо расейскія тавары ў адносных цэнах не павінны расьці, і гэта плюс для спажыўца.

Што рабіць? Гэта відавочна. Трэба беларускі рубель дэвальваваць у адносінах да даляра і расейскага рубля. Гэтага ўжо патрабуе ад Нацбанку і прэм’ер-міністар Мясьніковіч. На самой справе, беларускі рубель вельмі пераацэнены, рэальная пакупная здольнасьць даляра не зьмянілася, а рубель застаецца мацнейшы, чым гэта адпавядае стану нашай эканомікі.

Цыганкоў: Вы кажаце, спажыўцы выйграюць ад таго, што цэны могуць зьнізіцца. Але мы бачым, што цэны на беларускія і расейскія тавары нідзе не зьмяншаюцца.

Злотнікаў: Цэны на расейскія тавары ня будуць зьмяняцца, працягнуць заставацца на адным узроўні. Але намінальны заробак беларусаў расьце, і таму пакупніцкая здольнасьць насельніцтва ў адносінах да расейскіх тавараў павялічваецца.

«Такія сьцежкі даўно пратаптаныя ў Літву, Польшчу — будуць і ў Расею»

Цыганкоў: Але гэты працэс нараджае патэнцыйную пагрозу прыходу расейскіх тавараў у Беларусь. Наколькі гэта можа быць пагрозьлівым для беларускіх тавараў і ці пачнуць улады прымяняць нейкія неэканамічныя мэтады?

Марголін: Перш за ўсё, варта адзначыць, што асноўныя артыкулы нашага імпарту з Расеі — гэта нафта і газ. Там аплата ідзе ў далярах, таму яны ня сталі для нас таньнейшыя.

Што тычыцца спажывецкіх тавараў, то наўрад ці яны стануць нашмат таньнейшыя за беларускія. Імпартэры, якія іх сюды завозяць, ня будуць рабіць рэзкіх захадаў, бо могуць нарвацца на адказ з боку беларускай дзяржавы.

Але ж зьезьдзіць у Смаленск, каб набыць там лядоўню ці тэлевізар, якія будуць там значна таньнейшыя, чым у Беларусі, — гэта ж няцяжка. Такія сьцежкі даўно пратаптаныя ў Літву, Польшчу — будуць і ў Расею. І гэта вялікая пагроза для беларускіх вытворцаў. Па-першае, яны ня здолеюць нарошчваць экспарт у Расею, па-другое, яны будуць сутыкацца з моцнай канкурэнцыяй расейскіх тавараў на беларускім рынку.

Цыганкоў: Ці не прывядзе падзеньне расейскага рубля да таго, што Расея ўжо ня будзе ўспрымацца для беларусаў краінай, прывабнай для таго, каб езьдзіць туды працаваць? Ці можа ўзровень даходаў зраўняцца?

Я думаю, не. Бо для гэтага трэба, каб расейскі рубель упаў напалову, бо заробкі там прыкладна ўдвая большыя. Гэтага не адбудзецца. А па-другое, адбудзецца дэвальвацыя беларускага рубля, я ў гэтым упэўнены. Мяркую, што гэта непазьбежна.

«Пра плюсы і мінусы дэвальвацыі я не разважаю, проста няма іншага выйсьця»

Цыганкоў: Беларусь за сваю гісторыю ўжо перажыла некалькі дэвальвацыяў, і мы пасьпелі вывучыць усе плюсы і мінусы гэтага працэсу. На дадзены момант чаго больш, станоўчага ці нэгатыўнага, у будучай дэвальвацыі? Ці проста няма іншага выйсьця?

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Злотнікаў: Пра плюсы і мінусы я не разважаю. Як вы сказалі, проста няма іншага выйсьця. Пакупная здольнасьць беларускага рубля падтрымлівалася за кошт таго, што прыток валюты на наш рынак быў даволі значны. Сёлета гэтая тэндэнцыя апошніх трох гадоў скончылася. Калі апошнія гады колькасьць валюты павялічвалася на 2–3 мільярды, то ў другой палове году мы маем нават адток валюты з нашага рынку.

Тут я маю на ўвазе ня толькі сальда замежнага гандлю, але і інвэстыцыі, крэдыты, пазыкі прадпрыемствам, статутныя фонды банкаў і гэтак далей.

Марголін: Няма ніякай таямніцы ў лічбах інфляцыі. Калі няма інфляцыі, то не патрэбная і дэвальвацыя. Але калі ўрад ня можа альбо ня хоча даць рады інфляцыі, то яны вымушаныя зьніжаць курс нацыянальнай валюты. Гэта непазьбежна, і калі гэтага не рабіць, то рана ці позна будзе абвал, які мы зьведалі ў 2011 годзе.

Цыганкоў: А на колькі працэнтаў трэба дэвальваваць беларускі рубель?

Марголін: Сёлета мы чакаем інфляцыі ня менш як 20 працэнтаў, а дэвальвацыя была толькі на 12 працэнтаў. Вось вам і разрыў толькі за адзін год. А гэта такая зьява, якая назапашваецца за некалькі гадоў.

Злотнікаў: Лічбы, якія прывёў спадар Марголін, азначаюць, што мы мелі працэс дэвальвацыі даляра. Ён страчваў сваю пакупную здольнасьць. І калі паглядзець стратэгічна на нашу эканоміку, то можна прыйсьці да высновы, што рубель пераацэнены на 20–30 працэнтаў. На столькі ж працэнтаў павінна быць і дэвальвацыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG