Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гібрыдная вайна» прыдуманая ня Пуціным і ўпершыню апрабаваная зусім не ў Крыме.

Пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму і разьвязваньня вайны ў Данбасе вельмі шмат кажуць аб так званай «гібрыднай вайне» Крамля. Якая, на думку тэарэтыкаў, спалучае ў сабе элемэнты «звычайных» баявых апэрацый зь дзеяньнямі выведвальна-дывэрсійных падразьдзяленьняў, з вайной інфармацыйнай і «кібэрвайной».

Тыя ж тэарэтыкі і аналітыкі сьцьвярджаюць, што гэта абсалютна новы від вайны. Нічога звышновага ў «гібрыднай вайне» няма. Усё гэта, у той ці іншай ступені, той ці іншай камбінацыі элемэнтаў, практыкавалася задоўга да зьяўленьня «зялёных чалавечкаў» Пуціна ў Крыме і ў Данбасе.

Але паколькі такіх тэрмінаў тады не было, у закрытых дакумэнтах яе называлі «актыўнай выведкай», у адкрытых — партызанскімі дзеяньнямі, паўстанцкім рухам ці, пазьней, народна-вызваленчай барацьбой і нацыянальна-вызваленчым рухам.

Такія апэрацыі СССР часоў кіраўніцтва Сталіна праводзіў у розных кутках сьвету, ад Кітаю да Ірляндыі.

Была ў полі дзеяньняў гібрыдных войнаў Сталіна і Заходняя Беларусь.

З красавіка 1921 года па красавік 1924-га польскія ўлады зафіксавалі 259 пераходаў дзяржаўнай мяжы, учыненых атрадамі баевікоў «Разведупра» (Выведвальнай управы) Чырвонай арміі. З красавіка па лістапад 1924 года гэтыя атрады «актыўнай выведкі» правялі ў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, не менш за 89 буйнамаштабных баявых апэрацый па дэстабілізацыі абстаноўкі.

Як лічылі аналітыкі «Двуйкі», Другога (выведвальнага) адзьдзела Генэральнага штаба Войска Польскага, на Палесьсі, у Налібоцкай, Белавескай і Гарадзенскай пушчах, а таксама на тэрыторыі Віленшчыны ў той пэрыяд дзейнічала не меней за пяць-шэсьць тысяч баевікоў «актыўнай выведкі» з СССР.

Прычым апэрацыі «спэцназу» «Разведупра» не спыніліся нават пасьля скандальнага інцыдэнту ў Ямпалі, калі пераапранутыя ў польскую форму зялёныя чалавечкі Сталіна напалі на савецкую памежную заставу, і рашэньня Палітбюро аб ліквідацыі гэтай самай «актыўнай выведкі ў сучасным яе выглядзе».

З сакавіка па травень 1925 года савецкія баевікі правялі ў Заходняй Беларусі 59 баявых апэрацый, з чэрвеня па жнівень таго ж года — яшчэ 50 баявых апэрацый, усяго ж са сьнежня 1924 года па жнівень 1925 года савецкія дывэрсанты правялі там 199 баявых апэрацый.

Праўда, сваю асноўную задачу дывэрсанты і тэрарысты «актыўнай выведкі» ня выканалі — «народнага паўстаньня» ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне так і не выйшла.

Больш падрабязна пра антыпольскія апэрацыі «зялёных чалавечкаў» Сталіна, а таксама аб дывэрсійных апэрацыях СССР супраць іншых краін можна пачытаць у вялікім гістарычным дасьледаваньні, апублікаваным на сайце расейскай службы нашага радыё.

XS
SM
MD
LG