Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню пасьля 2006 года рэспубліканцы заваявалі кантроль над абедзьвюма палатамі амэрыканскага Кангрэсу.

Дэмакраты таксама страцілі шэраг пасадаў губэрнатараў. Такія вынікі прамежкавых выбараў, якія адбыліся ў краіне 4 лістапада.

Партыя Абамы прайграла нават у ягоным родным штаце

Прамежкавыя выбары ў ЗША праводзяцца ў сярэдзіне выбарчага цыклю, праз два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і за два гады да наступных. І на гэты раз абіраліся ўсе сябры Палаты прадстаўнікоў (435) і траціна сэнатараў (36).

У гэты ж дзень праводзіліся выбары губэрнатараў многіх штатаў, а ў некаторых штатах мясцовыя рэфэрэндумы (напрыклад, аб легалізацыі марыхуаны ці павышэньні мінімальнай зарплаты).

Паводле вынікаў, у рэспубліканцаў цяпер 52 месцы ў Сэнаце і 243 у Палаце прадстаўнікоў. Дэмакраты таксама страцілі шэраг пасад губэрнатараў, напрыклад, у такіх густанаселеных штатах як Флорыда, Мічыган, Агаё. Яны перайшлі рэспубліканцам нават на традыцыйна «дэмакратычных тэрыторыях», такіх як штаты Мэрылэнд, Масачусэтс ці Ілінойс — родным штаце Абамы.

Белы дом не пагаджаўся з заявамі пра тое, што гэтыя прамежкавыя выбары зьяўляюцца свайго роду рэфэрэндумам пра давер прэзыдэнту Абаме. Але менавіта такія заявы гучалі ў часе большасьці выбарчых баталій. Вось што ў прыватнасьці сказаў на сваім мітынгу ў Дэнвэры адразу пасьля абраньня сэнатар-рэспубліканец ад штату Калярада Коры Гарднэр:

«Галасы выбарцаў гэтага штату былі пачутыя. Яны не чырвоныя, яны ня сінія. Яны зусім празрыстыя. Яны крышталёва чыстыя ў сваім пасланьні Вашынгтону: сканчайце сваю працу і вымятайцеся к чорту. Заўтра мы ідзем на працу, каб адрамантаваць Вашынгтон, які ідзе не ў нагу, не па курсе, які выпаў з часу».

Назіральнікі адзначаюць, што традыцыйна прамежкавыя выбары пасярэдзіне другога тэрміну прэзыдэнта зьяўляюцца нявыгаднымі для яго і ягонай партыі: на шостым годзе кіраваньня адной асобы выбарцы здольныя ацаніць ня толькі заявы і абяцаньні кіраўніка, але і тое, як мяняецца рэальны стан рэчаў у краіне.

Менавіта ў такой сытуацыі і знаходзіцца цяпер прэзыдэнт-дэмакрат Абама, які ўжо ня будзе балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году (па законе адна асоба можа быць прэзыдэнтам ЗША ня больш як два тэрміны).

Абаму чакае абструкцыя ў Кангрэсе

Прагназуецца, што рэспубліканская большасьць будзе надалей падвяргаць абструкцыі найбольш буйныя ініцыятывы прэзыдэнта Абамы. У галіне ўнутранай палітыкі гэта перш за ўсё іміграцыйная рэформа, якая прадугледжвала легалізацыю мільёнаў нелегальных мігрантаў або падатковая рэформа. Рэспубліканцам будзе прасьцей праводзіць выгадныя ім законапраекты, і прэзыдэнту або прыйдзецца прыймаць іх варыянты, або накладваць вета.

Гэтаксама павялічыцца ўплыў рэспубліканцаў на ключавыя кадравыя прызначэньні — фэдэральных судзьдзяў, міністраў, паслоў.

У зьнешняй палітыцы прыярытэты ЗША ня зьменяцца

У галіне зьнешняй палітыкі прыярытэты наўрад ці зьменяцца. Гэта будуць накірункі Іран, Сырыя і расейска-ўкраінскі канфлікт. Дагэтуль у гэтым канфлікце абедзьве партыі — як дэмакраты, так і рэспубліканцы,— у асноўным падтрымлівалі курс Белага дому.

ЗША не прызналі анэксіі Крыму і ўвялі санкцыі супраць Расеі. У Кангрэсе разглядаюцца далейшыя прапановы іх узмацненьня. Сэнатары Карл Левін і Джым Інхоф прапаноўваюць пастаўляць зброю Ўкраіне для абароны ад расейскай агрэсіі.

Застаецца пытаньнем, ці будзе цалкам забытая колішняя ініцыятыва партыйнай калегі Абамы былога дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан пра «перазагрузку» дачыненьняў з Масквой. Ва ўсякім разе дагэтуль Вашынгтон і Масква мелі прыклады пасьпяховага дыпляматычнага супрацоўніцтва вакол Ірану і Сырыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG