Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці расстралянага Аляксандра Грунова прыслалі турэмную робу сына


Вольга Грунова паказвае турэмную вопратку сына

Вольга Грунова паказвае турэмную вопратку сына

Другі дзень Вольга Грунова, маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня Аляксандра Грунова, не знаходзіць сабе месца. Сьлёзы, рыданьні, гістэрыка.

Напярэдадні Вольга Міхайлаўна атрымала на пошце ў кардонных скрынках адзеньне сына, у якім ён знаходзіўся ў камэры сьмяротнікаў у менскай турме на вуліцы Валадарскага.

13 кастрычніка яна мела спатканьне ў турме, а 29 кастрычніка нехта «Пятровіч В.В.» адаслаў ёй у Гомель зь менскага паштовага аддзяленьня 220115 тры кардонныя скрынкі. Адрас адпраўшчыка не пазначаны, напісана толькі «Да запатрабаваньня».

Пасылка ад Пятровіча В.В.

Пасылка ад Пятровіча В.В.

У скрынках, апрача звычайнай адзежы, ляжала і турэмная роба з намаляваным белым кругам, у сярэдзіне якога — літары «ИМН». Усё гэта й паказвае з плачам Вольга Грунова, якую раз-пораз перабівае не зусім цьвярозая сяброўка Валянціна:

Валянціна: «Няправільна! Тваё пісьмо да яго не дайшло. Сакратару дайшло, дык сакратара трэба караць, а не Лукашэнку».

Грунова: «Ён памілаваньня не зрабіў. Не зрабіў. Усё. Ад яго ўсё залежала».

Маці выцягвае з кучы адзеньня турэмную робу сына і цяпер ужо жорстка лаецца на тых, хто даслаў ёй вопратку:

«Яшчэ адно хачу сказаць: я такога сыну не пасылала. Яны, жывёліны, сунулі тое, у чым ён знаходзіўся там — і мне кінулі. Яно мне наагул не патрэбнае. Я яму не пасылала такога. Ён хадзіў у мяне ў лепшым. Гэта не яго, гэта іхняе. Жывёліны, сукі — каб іх пранцы зжэрлі... Вось, можаце сфатаграфаваць».

Вольга Грунова з партрэтам малалетняга сына

Вольга Грунова з партрэтам малалетняга сына

Вольга Міхайлаўна хацела ўжо сёньня ісьці ў царкву, каб паставіць сьвечку і заказаць памінальную малітву. Але ня мае на тое сілы. Да таго ж мяркуе так: калі лічыць, што Аляксандра ня стала 29 кастрычніка, то дзявяты, памінальны дзень будзе толькі заўтра.

На думку праваабаронцаў, сам факт, што маці атрымала асабістыя рэчы сына, хутчэй за ўсё, азначае, што Аляксандра Грунова ўжо расстралялі — у пэрыяд паміж 13 і 29 кастрычніка. Такая практыка склалася ў сыстэме выкананьня пакараньняў Беларусі: рэчы асуджанага да расстрэлу адсылаюць родным пасьля таго, як прысуд выкананы.

Афіцыйнага паведамленьня пра кару сына Вольга Грунова пакуль не атрымала. Не выдаюць у Беларусі родным і блізкім і цела пакаранага, а месца яго пахаваньня трымаецца ў сакрэце.

Грунова: «Далі б мне хаця труну зь ім, каб пахаваць. Дзевяць дзён... яны калі яго, 29-га? Я ўжо нікога і нічога не хачу чуць і бачыць — Богам прашу».

Пакуль Аляксандар Груноў знаходзіўся ў менскай турме, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які, як і многія іншыя актывісты, выступае за мараторый на сьмяротнае пакараньне, накіраваў па даверанасьці Грунова ў Камітэт ААН па правах чалавека ягоную індывідуальную скаргу — на шматлікія парушэньні падчас вядзеньня сьледзтва па справе забойства студэнткі Емяльянчыкавай.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Судаленка: «Камітэт ААН зарэгістраваў гэтую скаргу і ў той жа дзень накіраваў ураду Беларусі просьбу не выконваць сьмяротны прысуд да таго часу, пакуль скарга ня будзе разгледжаная па сутнасьці. Але, на жаль, мы бачым, што ўрад зноў праігнараваў свае міжнародныя абавязкі. Выконваючы прысуд, улады як бы паказваюць, што ніякая ААН ім ня ўказ. Напэўна, беларускае кіраўніцтва, якое вядзе цяпер дыялёг наконт мараторыю на сьмяротнае пакараньне, падвышае стаўкі: каб даражэй прадаць тэму сьмяротнай кары і ўвядзеньня на яе мараторыю ў краіне».

Нагадаем, што Гомельскі абласны суд двойчы выносіў сьмяротнае пакараньне Аляксандру Грунову за асабліва жорсткае забойства студэнткі Наташы Емяльянчыкавай. Сваёй ахвяры забойца нанёс больш за сотню нажавых раненьняў. Першы прысуд Грунову быў адменены Вярхоўным судом з прычыны працэдурных парушэньняў. Летась у сьнежні абласны суд паўторна прысудзіў Грунову вышэйшую меру — расстрэл.

Пра рэзананснае забойства ў Гомелі выказаўся і Аляксандар Лукашэнка:

«Калі ты нягоднік і падонак і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінны быць адпаведнымі. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG