Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Львове а 23-й гадзіне па менскім часе пачнецца матч Лігі чэмпіёнаў паміж данецкім «Шахтарам» і барысаўскім БАТЭ.

З-за баявых дзеяньняў у Данбасе ўкраінскі клюб ня можа гуляць на сваім полі ў Данецку, але вымушаны пераезд ня надта адбіваецца на выніках — у нацыянальным першынстве калектыў Мірчэ Лучэску ідзе на трэцяй пазыцыі, а два тыдні таму на «Барысаў Арэне» «гарнякі» разьбілі беларусаў з ганебным лікам 7:0. Раней барысаўцы разгромна прайгралі партугальскаму «Порту» (0:6).

Напярэдадні сустрэчы галоўныя трэнэры камандаў-суперніц правялі прэсавыя канфэрэнцыі, на якіх кожны з настаўнікаў акрэсьліў шэраг задачаў, якія давядзецца вырашаць у гэтым матчы. Так, Аляксандар Ермаковіч прызнаў, што складана спаборнічаць з «мацёрымі супернікамі па групе» ў розных кампанэнтах, таму галоўная задача ў турніры зводзіцца збольшага да таго, каб атрымаць досьвед і пастарацца быць канкурэнтаздольнымі надалей.

А вось румынскі трэнэр «Шахтара» Мірчэ Лучэску акцэнтаваўся на яднальнай сіле спорту ў няпросты для ўкраінскага народу час. Пашкадаваў, што на ўсходзе Ўкраіны заўзятары адрэзаныя ад вялікага футболу, ускосна паскардзіўся на няроўныя ўмовы для ўдзельнікаў нацыянальнага першынства і заклікаў прыхільнікаў падтрымліваць каманду карэктна, каб не нарвацца на санкцыі з боку УЭФА і не давялося гуляць пры пустых трыбунах:

«Ненармальна, як праходзіць чэмпіянат. Ён праводзіцца, скажам так, некарэктна. Існуе нармальная прафэсійная этыка: усе каманды павінны мець аднолькавыя шанцы. На жаль, цяпер такога няма, але мы мусім прайсьці праз гэты цяжкі момант. Менавіта таму мы так сканцэнтраваныя на Лізе чэмпіёнаў. Адзіная просьба, каб на гульні адсутнічалі фаеры, банэры, каб не дыскваліфікавалі стадыён. Каб заўзятары прыйшлі нас падтрымаць і мы дамагліся перамогі, заваявалі тры ачкі, якія падвысяць шанцы на выхад з групы. Апошнія інцыдэнты, якія мелі месца, вымусілі УЭФА больш уважліва глядзець на нас, на наш стадыён, на тое, як паводзяць сябе гледачы. Хацелася б, каб заўзятары паказалі, што могуць перажываць цывілізавана, спартыўна і ў рамках правілаў, нягледзячы нават на тое, што гэта ня наш родны стадыён».

Падчас папярэдняй гульні ў Барысаве заўзятараў «Шахтара» было цяжка разгледзець на трыбунах. Нягледзячы на дзьве сотні выкупленых квіткоў, у Беларусь адважыліся выправіцца менш за паўсотні чалавек — усяго адзін аўтобус. Перадусім адбілі ахвоту паводзіны мясцовых міліцыянтаў. За тыдзень да таго на «Барысаў Арэне» сустракаліся нацыянальныя зборныя Беларусі і Ўкраіны. Падчас і пасьля матчу дзясяткі людзей былі затрыманыя, 12 беларусаў і столькі ж украінцаў раённы суд Барысава асудзіў на штрафы і адміністрацыйныя арышты нібыта за хуліганства. Насамрэч падставай стала дэклямаваньне лёзунгаў, якія сілавікі ацанілі як «экстрэмісцкія», а таксама выкарыстаньне беларускай гістарычнай і ўкраінскай дзяржаўнай сымболікі. Як кажа менскі заўзятар Аркадзь Чарноў, украінскіх сяброў якога таксама затрымлівалі, гаварыць пасьля гэтага пра беларускую гасьціннасьць — як мінімум двурушнічаць:

«Вядома, прадметны ўрок атрымалі і тыя, і другія. Украінцы — што міліцыя зусім не з народам, а сілавікі — што супрацьстаяць колькасьці складана. Я такіх разгубленых амапаўцаў пасьля гульні зборных у Барысаве ня бачыў. Ну, а што рабіць? Што можна супрацьпаставіць, калі хорам скандуюць дзьве трыбуны? Прыйсьці туды і сказаць: хлопцы, спыніцеся, а то здымем вам штаны, усыплем рэменя? Але факт, што беларуская праваахоўная сыстэма атрымала спаўна. І я так думаю, што надалей у гэтых сэктарах, перадусім на дзьвюх фанацкіх трыбунах, будуць сядзець палова курсантаў МУС, палова курсантаў міліцэйскай акадэміі. Карацей, замест заўзятараў — сілавыя структуры. Усё, такой вольніцы больш ня будзе, скончылася».

Па дарозе з львоўскага аэрапорту.

Па дарозе з львоўскага аэрапорту.

Барысаўскія заўзятары ў Львоў выпраўляюцца заўважна большым дэсантам — пад дзьве сотні чалавек. Як паказвае практыка, украінскія памежнікі не такія прыдзірлівыя і, адрозна ад беларускіх калегаў, якія без тлумачэньня прычыны высаджваюць фанатаў ня толькі па дарозе ў Беларусь, але нават на зваротным шляху, гатовыя спрыяць своечасоваму даезду да «Львоў Арэны».

У фанацкіх колах удалося высьветліць, што адмысловых акцыяў салідарнасьці, як падчас згаданага матчу Беларусь — Украіна, не плянуецца. Заўзятары БАТЭ абмяжуюцца звыклымі каманднымі лёзунгамі, каб паддаць настрою гульцам на полі. Калі ад каго і можна чакаць неспадзяванак, дык хутчэй ад украінскіх аматараў футболу. На знак удзячнасьці за беларускую падтрымку ў змаганьні супраць расейскай агрэсіі трыбуны і падчас клюбных турніраў, і ў часе гульні зборнай Украіны неаднойчы выбухалі воклічамі «Жыве Беларусь!».

Кіеўскі футбольны аматар Саша «Мічман», якога беларускія памежнікі зьнялі зь цягніка па вяртаньні з Барысава, канстатуе, што патрыятычны ўздым у краіне надзвычай высокі, чаму тыя ж беларусы могуць толькі пазайздросьціць:

«Зразумела, што грамадзтва жыве ня толькі навінамі пра падзеі на ўсходзе Ўкраіны, але і тым, што можа спрыяць нашай агульнай салідарнасьці. Футбол — адзін з такіх інструмэнтаў. Усе нашы фаны зь любога руху цяпер разглядаюць адзін аднаго не як ворага, а як саюзьніка. Я ня нейкі ультрас ці апантаны фанат, але ў часы, калі Ўкраіна змагаецца за сваю незалежнасьць, усе спосабы, праявы кансалідацыі добрыя. Бадай, галоўны зь іх — супольнае выкананьне дзяржаўнага гімну Ўкраіны перад матчам і пасьля яго».

Вечаровая трэніроўка на «Львоў Арэне».

Вечаровая трэніроўка на «Львоў Арэне».

Нягледзячы на дзьве разгромныя паразы ад «Порту» і «Шахтара», БАТЭ яшчэ захоўвае тэарэтычныя шанцы трапіць у плэй-оф. Варта нагадаць, што паміж гэтымі гульнямі была хатняя перамога (2:1) над гішпанскім «Атлетыкам».

XS
SM
MD
LG