Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцы абодвух сімфэропальскіх супэрмаркетаў «Сільпо» пусьцеюць дзень ада дня. Работнікі старанна ствараюць бачнасьць асартымэнту, застаўляючы прылаўкі ліманадам і мінэралкай.

У аддзеле дзіцячага харчаваньня — некалькі пачкаў кашы і пара дзясяткаў слоічкаў фруктовага пюрэ. Акварыюм для жывой рыбы часьцей сухі, халадзільнікі для астуджанай і салёнай — пустыя. Украінскіх сыроў няма. Выбар мясных прадуктаў абмежаваны ўсяго парай вытворцаў. У малочным аддзеле — то густа, то пуста. Некалі самы папулярны супэрмаркет ў цэнтры Сімфэропаля пакупнікоў сёньня ня радуе.

«Раней толькі ў гэтым магазіне і атаварваліся, — расказвае жыхарка Сімфэропаля Вольга. — Мы побач жывем, зручна было. Але зараз езьдзім у іншыя крамы. Тут выбару зусім няма. А тыя прадукты, што яшчэ засталіся, даражэй, чым у іншых супэрмаркетах ».

«Я ў шоку, — прызнаецца студэнтка Святлана, якая вучыцца ў Чэхіі і ў родны Крым пасьля анэксіі прыехала ўпершыню. — Зайшла ў „Сільпо“ па сок. А там стаіць толькі нейкі расейскі. Прычым толькі адной фірмы. Пайду шукаць сок, да якога прывыкла ».

«Калі такое было? — абураецца пакупнік Андрэй. — Халадзільнікі амаль пустыя! Раней даверху былі забітыя морапрадуктамі, зараз хіба што крабавыя палачкі на дне ляжаць ».

Пакупнікі сьпяшаюцца скупіць рэшткі імпартнага алькаголю, баючыся, што з-за расейскіх контрсанкцый эўрапейскія віны хутка зусім зьнікнуць з продажу. Затое поўна вінаў севастопальскага заводу «Інкерман», які сьпешна перайшоў на расейскія рэйкі. На корках няма ўжо звыклых ўкраінскіх акцызных марак. Замест іх — расейскія на самой бутэльцы. І красамоўныя этыкеткі з новым адрасам прадпрыемства: Расея, Севастопаль...

Пастаянныя пакупнікі, якія па звычцы яшчэ прыходзяць у «Сільпо», адзначаюць, што ў супэрмаркеце сталі часта мяняцца работнікі. Прадаўцоў і касіраў стала менш. З 17 касаў працуюць 2-3. «Частку людзей скарацілі, частка — самі звольніліся, — распавядае касірка. — Гандляваць няма чым. Спадзяваліся, што ўсё наладзіцца, але штосьці ўжо ня верыцца. Начальства нам нічога не кажа. Чуткі ходзяць, што зачыняць. Вось сяджу і думаю — чакаць, пакуль і мяне скароцяць або звольніцца самой ».


Пасьля анэксіі Крыму кіраўніцтва сеткі «Сільпо» папярэджвала пра магчымае закрыцьцё супэрмаркетаў на паўвостраве — з-за складанасьцяў дастаўкі тавару на акупаваную тэрыторыю і павышэньня выдаткаў на транспарціроўку. Аднак пазьней камэрцыйны дырэктар сеткі «Сільпо» у Крыме Сьвятлана Дзіюк паведаміла, што прадпрыемства зарэгістравала новае юрыдычная асоба ў расейскім рэестры.

«Мы не зачыняемся, а наадварот, стараемся прыцягваць як мага больш крымскіх вытворцаў і прадстаўляць іх асартымэнт у поўным аб’ёме», — сказала яна ў чэрвені.

Аднак за некалькі месяцаў пасьля гэтай заявы наладзіць паўнавартасную працу «Сільпо» у Крыме і аднавіць ранейшыя аб’ёмы продажаў так і не ўдалося. Звыклыя акцыі крамы для крымчан больш не праводзяцца. Праграма бонусаў, у рамках якой назапашаныя балы можна было абмяняць на тавары, на паўвостраве не працуе. Што будзе з крымскай сеткай супэрмаркетаў — невядома. Аднак пакуль ніводзін зь іх не зачынены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG