Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем тысяч чалавек падпісалі хадайніцтвы ў падтрымку праваабаронцы Алены Танкачовай (ФОТА)


Прыняцьце рашэньня наконт дэпартацыі Алены Танкачовай было прызначанае на 12 гадзінаў 5 лістапада. Каля чатырох дзясяткаў чалавек, сярод якіх былыя палітвязьні, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, сабраліся каля будынку Першамайскага РУУС, каб падтрымаць Танкачову.

Кіраўнік аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС разгледзеў пытаньне аб задавальненьні хадайніцтваў не прымаць рашэньня аб высылцы. Пад такімі хадайніцтвамі падпісалася каля 7 тысяч чалавек.

Спачатку прызнаваць іх адмаўляліся, спасылаючыся на неадпаведнае афармленьне. Урэшце ўсё ж пастанавілі далучыць хадайніцтвы да справы.

Усе прысутныя каля будынку Першамайскага РУУС напісалі калектыўную заяву з просьбай не прымаць рашэньня аб дэпартацыі Танкачовай. Заяву меркавалася падаць у выпадку, калі аддзел па грамадзянстве і міграцыі адмовіцца задаволіць хадайніцтвы.

Рашэньне ў справе аб дэпартацыі Алены Танкачовай будзе абвешчана а 16-й гадзіне.

Вядомай праваабаронцы Алене Танкачовай, якая ўжо 30 гадоў жыве ў Беларусі, анулявалі від на жыхарства, а 5 лістапада будзе разгледжанае пытаньне аб высылцы яе з краіны.

Кіраўніцтва «Цэнтру прававой трансфармацыі» заклікала беларускіх грамадзян зьвяртацца ў дзяржаўныя структуры з просьбай прыняць рашэньне на карысьць Алены Танкачовай.

XS
SM
MD
LG