Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі, якім не далі намаляваць Быкава, зрабілі вышыванкавую лінію тавараў для Snoop Dogg’а


Канцэрт Snoop Dogg’а ў Сыэтле гэтым летам
Канцэрт Snoop Dogg’а ў Сыэтле гэтым летам

«Беларускую» лінейку адзеньня для Snoop Dogg зрабілі мастакі, якім не далі намаляваць у Менску Быкава

Віцебская каманда вулічных мастакоў HoodGraff зрабіла «вышыванкавую» лінейку адзеньня і аксэсуараў для сусьветна вядомага амэрыканскага рэпэра Snoop Dogg пад слоганам Snoop loves Belarus.

Футболкі, заплечнікі, чахлы для макбука і айфона зь беларускім арнамэнтам ёсьць у брэндавай краме рэпэра. Каманда даўно вядомая ў Беларусі адмысловым стылем вулічнага мастацтва. Сёлета хлопцы ў межах праекту Signal зьбіраліся намаляваць у Менску партрэт Васіля Быкава, што скончылася для іх 18-мільённым штрафам і зьнішчэньнем працы.

Цяпер HoodGraff пераехалі ў Санкт-Пецярбург.

Арцём (Boorj) распавёў Радыё Свабода, як амэрыканскі рэпэр палюбіў Беларусь:

«Snoop даўно сочыць за нашай творчасьцю. Мы пачыналі ў Віцебску, малявалі яго таксама. Я адзначыў на адным партрэце ягонага старога сябра Bishop Don Juan у Інстаграме. Ён гэтае фота апублікаваў у сябе. І тады Snoop выйшаў на нас, спачатку дадаўся ў сябры, а пасьля напісаў. Было гэта недзе ў лістападзе ці сьнежні 2013-га.

Пры канцы лета ўжо пайшла размова пра лінейку. Ён хацеў атрымаць свой брэнд Westfestmall і прапанаваў нам паспрабаваць. Мы працавалі зь ягоным мэнэджэрам, а ён толькі ўхваляў дызайн. Яму лінейка зь Беларусі спадабалася.

Snoop любіць вельмі ўсялякія арнамэнты, узоры. Калі паглядзець на ягоны Інстаграм, то відаць, што ён абавязкова сфотае нейкі цікавы ўзор на дыване ці на футболцы. Яму такое падабаецца, і ён быў вельмі зьдзіўлены, што ў Беларусі такі незвычайны арнамэнт. І сказаў — „давайце робім“. Ну, і мы пачалі».

Boorj распавядае, што ўсяляк спрабуе прапагандаваць беларускі і рускі дух. «Гэта такое ўмацаваньне патрыятызму», — кажа ён.

«Арнамэнт — гэта вынік мазгавога штурму. Я разумеў, што па-іншаму ўпісаць Беларусь у лінейку Snoop у мяне не атрымалася б. А ён любіць усялякія ўзоры, я гэта ведаў».

Слоган лінейкі «Снуп любіць Беларусь» таксама прапанавалі хлопцы з HoodGraff. «Вырашылі нічога не прыдумляць, а проста выразіць сваю любоў. Ён пагадзіўся».

Камэрцыйнай часткі супрацоўніцтва з рэпэрам хлопцы закранаць ня хочуць. «Гэта камэрцыйная тайна. Да таго ж мы працуем над новай ідэяй. Пакуль нічога казаць ня будзем», — кажа Арцём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG