Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ня ведае, атакаваць Украіну далей ці не, — экспэрты


Расейскія ўлады ня вызначылася, працягваць наступ на ўкраінскі Данбас ці замарозіць канфлікт, канстатуюць украінскія палітолягі і вайсковыя экспэрты. На іх думку, прычына такіх ваганьняў у тым, што цяпер нэгатыўныя наступствы чакаюць Крэмль у абодвух выпадках.

Вайсковыя аналітыкі і ўлады Ўкраіны апошнім часам фіксуюць зьяўленьне ў зоне канфлікту расейскіх ракетных комплексаў з далёкасьцю дзеяньня ў некалькі соцень кілямэтраў. А частка лідэраў сэпаратыстаў кажа пра гатоўнасьць да перамоваў з Кіевам і да аднаўленьня эканамічных сувязяў з астатняй Украінай, ажно да продажу вугалю ў ацяпляльны сэзон.

Расейскія войскі і сэпаратысты працягваюць нарошчваць свае сілы ў кантраляваных імі частках Данбасу, пра заявілі сёньня ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, працягваецца перакідваньне розных відаў ваеннай тэхнікі праз некантралюемыя Ўкраінай участкі мяжы з Расеяй.

Раней аб перакідцы да ўкраінскай мяжы ракетных комплексаў «Іскандэр» з радыюсам дзеяньня да 500 кілямэтраў паведамляў, спасылаючыся на сваіх інфарматараў на акупаваных тэрыторыях і ў Расеі, лідэр арганізацыі «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітрый Тымчук. Паводле яго слоў, адбываецца назапашваньне падразьдзяленьняў расейскай арміі і баевікоў у напрамках Алчэўск, Стаханаў, Енакіева, Макееўка, Новаазоўск і ў заходніх раёнах горада Данецка.

Падобная гульня цягліцамі адначасова з прапановамі супрацоўніцтва зьяўляецца формай шантажу Расеяй украінскай улады і краін Эўропы ў цэлым, заявіў Радыё Свабода дырэктар праграм міжнароднай бясьпекі кіеўскага Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік:

Аляксей Мельнік.

Аляксей Мельнік.

«Гэта новая хваля шантажу. Расейская ўлада рукамі падкантрольных ёй баевікоў спрабуе паўплываць на рашэньні ў Кіеве наўпрост або апасродкавана, пагражаючы далейшай эскаляцыяй канфлікту на Данбасе. Што тычыцца рэальнай эскаляцыі канфлікту — гэта менш рэальна, але выключаць гэтага ня варта. Цяжка палічыць войскі, засяроджаныя на межах і на падкантрольнай сэпаратыстам частцы Данбасу. Пачатак лістапада — ня самы ўдалы час для наступу, у прыватнасьці таму, што ў Расеі гэта самы час дэмабілізацыі. Але колькасная перавага ўсё роўна застаецца на баку Расеі, — канстатуе экспэрт. — Ракетныя комплексы „Іскандэр“, якія Расея разьмясьціла ля ўкраінскай мяжы, здольныя паражаць цэлі на адлегласьці да 500 кілямэтраў, і ўкраінская армія можа апынуцца ў той жа сытуацыі, што і летам, калі расейская артылерыя страляла з-за мяжы, але адказваць ёй было нельга».

Няма нічога дзіўнага ў тым, што, з аднаго боку, лідэры сэпаратыстаў кажуць пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва з Кіевам, а з другога, баевікі і расейскія войскі засяроджваюцца ў напрамках магчымых нападаў супраць ўкраінскай арміі, тлумачыць Радыё Свабода палітоляг, экспэрт па ўкраінска-расейскіх адносінах Алеся Яхно:

Алеся Яхно.

Алеся Яхно.

«Гэта два паралельныя працэсы, і так яны будуць разьвівацца і ў далейшым. Арганізацыі „ДНР“ і „ЛНР“ не зьяўляюцца цэласнымі структурамі, асобныя іх часткі канкуруюць паміж сабой. Кіраўнікі гэтых утварэньняў імкнуцца да незалежнасьці, але разумеюць, што эканамічна яны не самастойныя, і што нават ва ўмовах вайсковага і матэрыяльнага падсілкоўваньня Расеяй, яны інфраструктурна зьвязаныя з Украінай. Так званыя „ДНР“ і „ЛНР“ будуць спрабаваць даказаць мясцовым жыхарам, што яны могуць задаволіць на той тэрыторыі досыць камфортнае жыцьцё. Аднак гэта наўрад ці ўдасца, паколькі ні на адной з захопленых Расеяй тэрыторый мы ня бачылі і ня бачым павышэньня ўзроўню дабрабыту », — прагназуе палітоляг.

Алеся Яхно лічыць назапашваньне расейскіх войскаў і ўзбраеньняў псыхалягічным ціскам, які не абавязкова азначае далейшае ўварваньне:

«Тут ёсьць псыхалягічны і інфармацыйны ціск на Ўкраіну, на Захад. А з другога боку, маральна-псыхалягічная падтрымка сэпаратыстаў, дэманстрацыя таго, што іх ня кінулі. Ці будзе працяг ўварваньня ці не — рашэньне, хутчэй за ўсё, яшчэ не прынятае », — мяркуе Алеся Яхно.

Паводле яе слоў, цяпер сытуацыя стала патавай, паколькі наступствы для расейскай улады і для Пуціна асабіста будуць адмоўнымі і ў выпадку, калі ён працягне спробы захопліваць ўкраінскія тэрыторыі, і ў выпадку, калі ён адмовіцца ад гэтага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG