Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 лістапада: Дні Вэйцмана, вучэньні супраць Эболы, праводзіны палярнікаў


Дом бацькоў першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана ў Моталі.

Дом бацькоў першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана ў Моталі.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня

У Нацыянальнай акадэміі навук — праводзіны ўдзельнікаў сёмай беларускай антарктычнай экспэдыцыі. У яе накіроўваюцца пяць палярнікаў, мэта — падрыхтаваць пляцоўку для ўсталяваньня ў 2015-м годзе першых модуляў беларускай антарктычнай станцыі. (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 66, пачатак у 14:00).

У офісе Партыі БНФ пасяджэньне Камітэту салідарнасьці з Украінай (вул. Чарнышэўскага, 3-а, 18:00).

Ізраільскі культурны цэнтар пры пасольстве Ізраіля прадстаўляе Дні Хаіма Вэйцмана ў Беларусі, прымеркаваныя да 140-годзьдзя з дня яго нараджэньня. Хаім Вэйцман — першы прэзыдэнт Ізраіля родам зь беларускага мястэчка Моталь.

«Дзівосы часам здараюцца, але над гэтым прыходзіцца вельмі шмат працаваць».

Хаім Вейцман.

Сталічны ЦУМ адзначае паўвекавы юбілей і запрашае на зьніжкі, пачастункі, сымбалічнае вяртаньне ў 1964 год.

У Музэі гісторыі Магілёва адкрыцьцё выставы Алены Кіш, народнай мастачкі са Случчыны, якая праславілася сваімі маляванымі дыванамі. (пачатак а 17:00).

У Гомелі — паказальныя трэніровачныя вучэньні па змаганьні з ліхарадкай Эбола ( на базе абласной клінічнай інфэкцыйнай бальніцы).

Гэты дзень у гісторыі

1794 — расейскія войскі пад кіраўніцтвам Аляксандра Суворава ўзялі штурмам Варшаву і ўчынілі там расправу над паўстанцамі. Такім чынам вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, якое адбывалася і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, было канчаткова здушанае.

1923 — створанае літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Яно адгуляла важную ролю ў станаўленьні беларускай савецкай літаратуры, але праіснавала нядоўга. Празь 5 гадоў «Маладняк» быў расфармаваны, а ягоныя арганізатары — або расстраляныя, або сасланыя ў ГУЛАГ.

1958 — на заводзе ў Жодзіне пачалі выпускаць першыя аўтасамазвалы.

1964 — у Менску адкрыўся ЦУМ.

У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Кастусь Езавітаў, беларускі палітык, гісторык і публіцыст, удзельнік абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай рэспублікі 25 сакавіка 1918 году, сябра Рады БНР, міністар вайсковых справаў БНР (расстраляны НКВД у 1946 годзе).

1907 — Міхал Вітушка, арганізатар пасьляваеннай антысавецкай партызанкі.

У гэты дзень памерлі:

1916 — паэтка Алаіза Пашкевіч (Цётка).

1954 — паэт Міхась Клімковіч, аўтар гімну БССР.

1996 — беларускі кінарэжысэр Віктар Тураў.

1997 — Сьвятаслаў Коўш, беларускі рэлігійна-грамадзкі дзяяч, сьвятар.

Грашовыя тэндэнцыі

2004 — курс даляра быў 2175 рублёў. За 10 гадоў рубель патаньнеў адносна даляра амаль у 5 разоў.

Каляндар Бахарэвіча

5 лістапада 1930 Сынклер Льюіс зьдзекуецца са швэдзкага журналіста, які паведамляе пісьменьніку пра ўзнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй.

XS
SM
MD
LG