Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Літва разумее, што ёсьць пагроза з боку Беларусі


Аўдронюс Ажубаліс, экс-міністар замежных спраў Літвы і экс-кіраўнік АБСЭ, дэпутат Сэйму Літвы і намесьнік старшыні камітэту літоўскага парлямэнту па замежных справах, называе Аляксандра Лукашэнку «голубам у галубятні» і сьцьвярджае, што Беларусь ужо «страціла сваё неба».

«Межы вашы ахоўваюцца ня толькі вашымі войскамі, але і расейскімі, ня кажучы ўжо пра вайсковыя базы. Я бачу вашага прэзыдэнта як голуба, але які сядзіць у галубятні. Час ад часу яму дазваляюць лятаць. А пасьля сьвіст — і ён вяртаецца», — сказаў Ажубаліс у інтэрвію Радыё Свабода.

— Спадар Ажубаліс, сёньня ранкам вы запыталі ў сваім Твітэры, ці будзе закранутае падчас візыту літоўскага прэм’ера Альгірдаса Буткявічуса ў Беларусь пытаньне будоўлі Беларускай АЭС недалёка ад тэрыторыі Літвы. Якая ваша пазыцыя па гэтым пытаньні?

— Я думаю, што гэта наўпроставы выклік добрасуседзкім дачыненьням. Гэта праект, які па сутнасьці сваёй належыць да «Расатама», то бок Расеі. Будоўля АЭС парушае ўсе нормы, пачынаючы ад падбору месца — гэта амаль 30–40 кілямэтраў ад нашай мяжы. Таму ніяк інакш, як пагрозай для Літвы, я назваць гэта не магу. Пытаньні, хто колькі прадаў каўбасы ці якія трактары экспартуе празь літоўскі порт Клайпеды — гэта ўсё другасна.

— Ці было ў выніку закранутае гэтае пытаньне сёньня на форуме ў Магілёве?

— Пакуль ня ведаю, бо не атрымаў дакладнай інфармацыі.

— Візыт прэм’ер-міністра Літвы ў Беларусь, а таксама паездкі беларускага прэм’ера ў Вашынгтон ці кіраўніка МЗС Беларусі ў Варшаву сьведчаць, што цяпер ёсьць пацяпленьне ў дачыненьнях Захаду і Беларусі. Як вы лічыце, з чым гэта можа быць зьвязана?

— Вядома, ёсьць некалькі прычынаў. Гэта і выбары прэзыдэнта Беларусі ў наступным годзе, і сытуацыя, якая склалася пасьля расейскай агрэсіі і акупацыі ў рэгіёне. Бо ўлады Беларусі намагаюцца выкарыстаць гэта па максымуме і спрабуюць, скажам так, есьці зь дзьвюх талерак. А грунтоўных зьменаў недэмакратычнага рэжыму я ня бачу. Мне самому цікава, чаму і на якой падставе зьнялі санкцыі зь Пефціева і іншых.

— Як вы ацэньваеце пазыцыю Лукашэнкі па ўкраінскім пытаньні?

— Тое, што Лукашэнка не прызнае акупацыі часткі Ўкраіны, — гэта ўхвальна. Але гэта таксама абумоўлена тым, што ён вельмі добра разумее, што настане дзень — і ўсе гэтыя «ветлівыя людзі» ягонага сябра Пуціна могуць прыйсьці і ў Беларусь.

— Але, зь іншага боку, Лукашэнка працягвае падтрымліваць Пуціна.

— Так, таму я сказаў пра дзьве талеркі, зь якіх, папераменна ці адным захадам, хоча есьці лідэр вашага рэжыму. Дзьве талеркі — гэта Захад і Расея. Такі ў яго прынцып вядзеньня палітыкі. Але такая палітыка беспэрспэктыўная, гэта толькі пытаньне часу.

— Выходзіць, пацяпленьне ў дачыненьні да Лукашэнкі азначае, што яго ўспрымаюць як меншае зло, чым Пуціна?

— Што да агрэсіі і выкліку ўсёй сусьветнай грамадзкасьці, у сьвятле ўсіх міжнародных дамоўленасьцяў, якія перакрэсьліў Крэмль, — вядома, гэтага не параўнаць. Прэзыдэнт Беларусі выглядае як голуб.

— Зь іншага боку, у Беларусі дагэтуль застаюцца палітвязьні.

— Гэта я і маю на ўвазе. Ня толькі палітвязьні. Бо неба вам ужо не належыць. Межы вашы ахоўваюцца ня толькі вашымі войскамі, але і расейскімі, ня кажучы ўжо пра вайсковыя базы. Я бачу вашага прэзыдэнта як голуба, але які сядзіць у галубятні. Час ад часу яму дазваляюць лятаць. А пасьля сьвіст — і ён вяртаецца.

— Як вы лічыце, куды ўсё ж такі Лукашэнка будзе схіляцца, калі, з аднаго боку, ёсьць пагроза, што «ветлівыя людзі» прыйдуць у Беларусь, а зь іншага — ёсьць Эўропа, якая патрабуе рэформаў?

— Мяркую, што Лукашэнка будзе канцэнтравацца на захаваньні сваёй улады і свайго рэжыму. А з кім пайсьці — гэта ўжо іншая справа, гэта ня так істотна. Лукашэнку галоўнае — выжыць.

— Вы сказалі наконт межаў. Ці разглядае Літва нашу краіну як пагрозу для сваёй бясьпекі?

— Так, Літва разумее, што ёсьць пагроза для краіны з боку Беларусі. Гэтаксама як і для Польшчы. Таму што ўсе вайсковыя манэўры «Захад», якія праводзяцца супольна Беларусьсю і Расеяй на беларускай тэрыторыі, маюць вельмі агрэсіўны характар. У іх бяруць удзел беларускія вайскоўцы — гэта кажа само за сябе. Таму што калі пачнецца што-небудзь, Беларусь будзе выкарыстаная як пляцдарм.

— То ці магчымая больш жорсткая пазыцыя Эўропы адносна Беларусі?

— У Беларусі санкцыі прымяняюцца ў белых пальчатках. Я б нават не назваў іх санкцыямі. Што да Расеі, посьпех гэтых санкцыяў бачны цяпер, але самае галоўнае, што ён будзе бачны праз год. Ня думаю, што гэтыя санкцыі будуць зьмякчацца. Пытаньне толькі, наколькі яшчэ трэба будзе прыкруціць гаечкі. Амэрыканцы пры цяперашнім лідэрстве ня хочуць браць ініцыятывы на сябе і хочуць дзейнічаць супольна з Эўропай. А з Эўропай ці зь некаторымі эўрапейскімі краінамі вельмі цяжка дамовіцца. Нават тое, што ёсьць цяпер, — гэта ўжо пэўны вынік.

— Год таму ў Вільні прайшоў саміт краін-удзельніц «Усходняга партнэрства», пасьля якога адбыліся значныя зьмены ў рэгіёне. Дзе на тле ўсіх гэтых падзеяў Беларусь?

— Яна тамсама, дзе і была. Нічога не зьмянілася. Пасьля таго як Расея распачала вайну супраць Украіны, ваш рэжым, ваша кіраўніцтва атрымала больш цьвярозы погляд на Крэмль.

— У Беларусі бязь зьменаў, аднак пацяпленьне з боку Эўропы ёсьць. Ці азначае гэта, што зьнешняя палітыка Эўропы пацярпела крах?

— Не, які ж крах? Расейскі рубель падае, мы ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі, расейскія банкі на мяжы банкруцтва. Украіна вяртаецца да Эўропы, эўрапейскі кірунак абралі Малдова, Грузія.

— А Беларусь?

— Беларусь заўсёды была такім слабенькім дзіцем у шасьцёрцы краінаў «Усходняга партнэрства». Па ўзроўні правоў чалавека, каб сказаць мякчэй, стаяла далей ад іншых краінаў. Пакуль ня пройдуць пэўныя зьмены ў самой Расеі, у Беларусі нічога не адбудзецца. Таму што Расея — гарант Лукашэнкі. Для вас, мяркую, вельмі важна, каб апазыцыя не дыскутавала ў сацыяльных сетках, а аб’ядналася. Не абмяркоўваць прыезд эўрапейскіх прадстаўнікоў у Менск, а выбраць адзінага кандыдата.

— Ці будзе Эўропа заплюшчваць вочы на наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі?

— У Эўропы заўсёды была пэўная мяккацеласьць. З аднаго боку, яны кажуць пра палітвязьняў, але тут трэба прымаць нейкія рашэньні. Зь іншага боку, бізнэс зь Менскам ці той жа Масквой мае пэўную практыку, навыкі, як трэба разбэшчваць пэўных прадстаўнікоў Эўропы і яе істэблішмэнт.

XS
SM
MD
LG