Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная беларуская дэлегацыя едзе ў Брусэль дамаўляцца наконт спрашчэньня візавага рэжыму


Другі раўнд перамоваў паміж экспэртамі Беларусі і Эўразьвязу аб спрашчэньні візавага рэжыму адбудзецца напрыканцы лістапада.

Другі раўнд перамоваў паміж экспэртамі Беларусі і Эўразьвязу аб спрашчэньні візавага рэжыму адбудзецца напрыканцы лістапада.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміла намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына:

«Афіцыйна канкрэтная дата перамоваў яшчэ не прызначаная. Але ўжо можна казаць, што экспэрты зьбяруцца ў Брусэлі напрыканцы лістапада».

Першы раўнд перамоваў праходзіў у Менску ў сярэдзіне чэрвеня. Пасьля гэтага ўсе прапановы накіравалі ў Брусэль.

На сёньняшні дзень грамадзяне Беларусі параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведваньня краін Эўрапейскага Зьвязу. Калі нашы суседзі плацяць за візу 35 эўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць за яе 60 эўра.

Пазыцыю беларускага боку Свабодзе агучыў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Беларускі бок не хацеў бы, каб спрашчэньне візавага рэжыму зводзілася толькі да зьніжэньня кошту візаў. Мы будзем прапаноўваць нашым эўрапейскім партнэрам, каб, па-першае, быў складзены вычарпальны сьпіс дакумэнтаў, якія грамадзяне павінны накіроўваць у амбасаду для атрыманьня візы. Каб нашым грамадзянам ня трэба было зьвяртацца ў амбасаду па некалькі разоў, несьці нейкія дадатковыя даведкі зь месца працы, банкаў і г.д., як гэта цяпер даволі часта здараецца.

Па-другое, мы б хацелі прапаноўваць эўрапейскім партнэрам такі падыход, каб візавая палітыка заахвочвала законапаслухмяныя паводзіны. Што я маю на ўвазе? Калі чалавек атрымаў аднаразовую шэнгенскую візу і скарыстаў яе згодна зь візавай мэтай, то наступным разам было б лепей, каб ён атрымаў візу шматразовую і на больш працяглы тэрмін. Напрыклад, другая віза выдавалася б на год і была шматразовая. Трэцяя віза (калі, зноў-такі, чалавек паводзіў сябе законапаслухмяна і не парушаў законаў краіны, якую наведваў) каб выдавалася ўжо на два гады і таксама была шматразовая. І гэтак далей.

З нашага пункту гледжаньня, гэта значныя моманты, якія мы б хацелі пакласьці разам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі на паперу і прытрымлівацца іх у будучыні».

Беларусь застаецца адзінай з шасьці краін праграмы «Ўсходняе партнэрства», якая дагэтуль не падпісала пагадненьня з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG