Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскі прэм’ер Буткявічус: «Беларусь не сьпяшаецца інвэставаць у эканоміку Літвы»


Савецкая плошча, Магілёў

Савецкая плошча, Магілёў

4 лістапада ў Магілёве адкрыўся Х Беларуска-літоўскі эканамічны форум, у якім бяруць удзел больш за 200 прадстаўнікоў дзелавых колаў дзьвюх краінаў.

На адкрыцьці форуму выступілі прэм’ер-міністры абедзьвюх дзяржаваў — кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Мясьніковіч і ягоны літоўскі калега Альгірдас Буткявічус. І хоць за апошнія некалькі месяцаў Беларусь наведвае ўжо другі высокапастаўлены літоўскі ўрадовец (пры канцы ліпеня ў Менску з двухдзённым візытам пабываў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус), экспэрты адзначаюць, што тут дамінуюць выключна эканамічныя інтарэсы.

Выступаючы на адкрыцьці юбілейнага, Х Беларуска-літоўскага форуму, прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч найперш адзначыў, што Беларусь разьлічвае на далейшую нармалізацыю адносінаў з Эўразьвязам:

«Мы разглядаем пытаньні беларуска-літоўскіх адносінаў у тым ліку і праз пашырэньне супрацоўніцтва з аб’яднанай Эўропай».

Па выніках 2013 году Літва займае 8-е месца па таваразвароце зь Беларусьсю — больш за 1,5 мільярда даляраў. Для Беларусі сальда зьнешняга гандлю станоўчае.

Беларусь чакае ад форуму вялікага прарыву, і беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч вылучыў некалькі асноўных пэрспэктыўных напрамкаў супрацоўніцтва зь Літвой: транспарт і лягістыка; аграпрамысловая каапэрацыя; прамысловая інтэграцыя, стварэньне сумесных прадпрыемстваў. І запрасіў літоўскі бізнэс інвэставаць у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Эканаміст Яўген Прэйгерман перакананы, што ад аднаго эканамічнага форуму кардынальна сытуацыя не памяняецца ні па інвэстыцыях, ні па каапэрацыі, ні па іншых праектах зь Літвой. Сьведчаньне таму — шматлікія іншыя інвэстыцыйныя форумы. Да таго ж ня трэба перабольшваць магчымасьці эканомікі Літвы, гэта малая эканоміка:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Але ж ёсьць тут невялічкая дэталь. З-за тых санкцыяў, якія ўведзеныя супраць Расеі, сёньня шмат хто зь бізнэсоўцаў і нават урадоўцаў у нашым рэгіёне, уключна зь літоўскім бізнэсам, літоўскім урадам, разглядаюць магчымасьці перанакіроўваць тыя гандлёвыя патокі, якія раней ішлі наўпрост у Расею, празь Беларусь. Менавіта ў гэтым напрамку тут ёсьць пра што размаўляць, ёсьць якія праекты абмяркоўваць і разьвіваць. І гэта, у першую чаргу, аграпрамысловы комплекс, ну, і некаторыя іншыя. Што тычыцца Кітайска-беларускага парку, тут вельмі шмат пытаньняў, і ўвогуле пэрспэктывы гэтага парку пакуль цьмяныя. Туды нават самі кітайцы пакуль не ідуць».

Беларусь займае 9-е месца па аб’ёме літоўскіх інвэстыцыяў за мяжой. Але аб’ём інвэстыцыяў летась зьнізіўся з абодвух бакоў: беларускіх у эканоміку Літвы — на 33%, а літоўскіх у Беларусь — на 64%, сьцьвярджае літоўскі прэм’ер Альгірдас Буткявічус:

«Беларусь не сьпяшаецца інвэставаць у эканоміку Літвы. Найбольшая частка беларускіх інвэстыцыяў укладзена ў прадукты і продаж прыватнай нерухомасьці і аптовы і розьнічны гандаль. Інвэстыцыі літоўскіх прадпрыемстваў у Беларусь склалі 38 мільёнаў эўра. У параўнаньні зь мінулым годам іх аб’ём таксама зьменшыўся на 64%. Найбольшая частка інвэстыцыяў была ўкладзена літоўскімі прадпрыемствамі таксама ў аптовы і розьнічны гандаль, апрацоўчую вытворчасьць».

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс прывёў прыклад сур’ёзнага інвэставаньня літоўскай кампаніі ARVI ў Беларусь — нядаўна ў Лідзе адкрылі вялікае прадпрыемства па ўтылізацыі і перапрацоўцы адкідаў «Біяваст», пачалася будоўля аналягічнага прадпрыемства ў Магілёве. У той жа час беларускія інвэстары не сьпяшаюцца разьвіваць свой бізнэс у Літве, лічыць Віціс Юрконіс:

Віціс Юрконіс

Віціс Юрконіс

«А цяпер гэта сканчаецца лягістыкай, Клайпэдзкім портам. Ды яшчэ шмат беларусаў прыяжджае на закупы ў Літву. Але калі мець на ўвазе, што бальшыня беларусаў вяртае сабе падатак на дададзеную вартасьць, то прыбытак атрымліваюць гандлёвыя цэнтры, а эканоміка Літвы, калі глядзець па падатках, ня вельмі істотна атрымлівае. Так што трэба глядзець крыху глыбей».

Х Беларуска-літоўскі эканамічны форум працягнецца 5 лістапада, і пасьля яго завяршэньня чакаецца падпісаньне некалькіх інвэстыцыйных праектаў.

XS
SM
MD
LG