Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Сураў з Горадні стаў сёлета ўдзельнікам трох салідных агульнабеларускіх выставаў у Менску. Апошняя, «Пастулят», адкрылася напярэдадні, «Разумны мэтал» — раней, у кастрычніку. А самай першай і буйной была — «Сто год беларускаму авангарду».

Для майстра, які не належыць да Саюзу мастакоў (ён сябра Саюзу тэатральных дзеячаў), гэта вялікая ўдача, сьведчаньне прызнаньня сваіх творчых пошукаў.

Рыдлёўка і сярпы

Алесь Сураў прызнаецца, што для яго было нечаканасьцю, калі патэлефанавалі са сталіцы і сказалі, што хочуць выставіць яго даўнейшую працу, прычым гэта будзе вялікая прэстыжная выстава «Сто год беларускага авангарду». Гэта выкапнёвая рыба, зробленая з рыдлёўкі і калекцыі старых сярпоў (рэбры, сярпы больш выцягнутыя). "Я да яе стаўлюся спакойна, але яна зацікавіла менскіх мастацтвазнаўцаў«,— кажа мастак.

У жыцьці творцы бываюць радасныя хвіліны. Сураў успамінае:

«Заходжу ў кнігарню, а там важкі каталёг выставы „Сто год беларускага авангарду“. Пачынаецца з Марка Шагала, сярод прац вядомых майстроў прыемна было ўбачыць дзесь на васьмідзесятай старонцы і сваю рыбу». Пасьля гэтай быў запрошаны ўдзельнічаць яшчэ ў дзьвюх рэспубліканскіх выставах.

Зброя для паўстанцаў Караткевіча

Цяпер Сураў удзельнічае ў «Разумным мэтале», зрабіў для гэтай выставы трыптых паводле твораў Уладзімера Караткевіча «Зброя», «Сівая легенда» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Інсталяцыі зробленыя з мэталу. Мастак не хавае пачуцьцяў:

«Для мяне самога зьдзіўленьне: я ўсё жыцьцё працаваў у тэатры, у жывапісе, а ўвагу на мяне зьвярнулі з нагоды маіх інсталяцыйных прац».

Калі мастак прывёз свае працы па Караткевічу на выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы, то ня змог туды трапіць: якраз ішла прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі для расейскіх журналістаў, і яго туды не пусьцілі.

Я думаю, каб Караткевіч убачыў мой трыптых, яму б спадабалася

Добра што хоць не правяралі: праца «Зброя» уяўляе зь сябе бел-чырвона-белы сьцяг з саматканага льну і пасу медзі на ім, а зьверху прымацаваныя каваныя лёзы кінжалаў. Сураў дадае:

«Я думаю, каб Караткевіч убачыў мой трыптых, яму б спадабалася, маю надзею. А „Зброя“ (дзе мова магла быць пра рушніцы) зробленая не паводле тэксту, выкарыстаны вобраз, мае ўяўленьні на тэму караткевічавых твораў».

Гарэлка пад сядушкай

Біенале «Пастулят» падрыхтаваў Саюз дызайнэраў. Тэма выставы: усё, што датычыць крэслаў, «стулаў» па-расейску, табурэтаў. Сураў стаяў перад дылемай, што выстаўляць. Першая натуральная думка: дэкарацыі да апошняга спэктаклю «Шынель» у пастаноўцы беластоцкага рэжысёра Пятра Дамброўскага. Яны складаюцца з шасьці — ад маленькага да вялікага крэслаў.

Каб мы жылі ў краіне больш крэатыўнай, дык я думаю, што менскі „Крышталь“ купіў бы ў мяне „тара-табурэт“

Можа, гэта было б лепшай прапановай з боку гарадзенскага мастака, але яму захацелася зрабіць новую працу. Як ён кажа: нешта іншае, рэальнае, аб’ёмнае. І зрабіў павялічаных памераў табурэт, якіх не бывае. Сам называе яго «тара-табурэтам»: века падымаецца, унутры скрынка для бутэлек — на дзевяць штук па 0,7 літру. Алесь Сураў жартуе:

«Каб мы жылі ў краіне больш крэатыўнай, дык я думаю, што менскі „Крышталь“ купіў бы ў мяне „тара-табурэт“. Гэта два ў адным: скрынка гарэлкі і мэбля».

Табурэткі ад вэрмахту

Зрабіць выставачную працу Алеся Сурава натхнілі сваёй надзейнасьцю вырабы часоў рэйху, нямецкая якасьць: «У дзяцінстве былі старыя нямецкія табурэткі ў бабці, ад вэрмахту, з апошняй вайны, з клеймамі. Немцы ўцяклі, табурэткі на складах засталіся. Яны былі масіўныя, капітальныя. Я параўноўваў іх з савецкімі, кволымі і хісткімі. Для каго яны? Для балерыны прысесьці? Ці проста „дзеля мэблі“ толькі? Яны рассыпаліся, калі на іх салідна прысесьці, некалькі камплектаў дык давялося выкінуць. А тры нямецкія ў вёсцы і пад дождж траплялі, але ўсё роўна працягвалі спраўна служыць, „няўбойныя“ былі», — зазначае Сураў. Ён такі і зрабіў для выставы: акуратны, моцны, высокі, шырокі. Такія можна было б экспартаваць хоць у Амэрыку, упэўнены ён...

Майстэрня XVII стагодзьдзя

У Горадні мала засталося старых камяніц, а вось палац Сангушкаў XVII стагодзьдзя яшчэ стаіць. І ў ім у Алеся Сурава майстэрня. Якія пачуцьці гэта выклікае?

Былы палац Сангушкі ў Горадні.

Былы палац Сангушкі ў Горадні.

Мастак распавядае, што нават у самых фантастычных снах ня мог сабе ўявіць, што калі-небудзь буду мець майстэрню ў гэтым доме (зь відам на цэнтральную плошчу). Ён зазначае:

Адно слова: Баторый тут жыў. Тады ўсе хацелі трапіць на гэты пляц

«Вось якраз гэта я лічу верхам сваёй мастацкай кар’еры. Гэта неверагодная правакацыя для творчасьці, можа новы штуршок да творчасьці ў нейкім гістарычным накірунку ці няхай нават у фантастычным. Я прачытаў, што за дом, каму належаў, неверагодная гісторыя. Па-першае, гэта быў палац Сангушкаў, вядомага беларускага роду, якія адны зь першых пабудавалі тут, на былым рынкавым пляцы, свой дом. А потым насупраць будаваліся Радзівілы, Пацы. А за вокнамі перш была ратуша. Адно слова: Баторый тут жыў. Тады ўсе хацелі трапіць на гэты пляц».

Сам дом выглядае пасьля пажараў і рамонтаў, можа, і не зусім так, як некалі, разважае мастак, а вось у лёхах мала што магло зьмяніцца: «Сама таўшчыня сьценаў значная, сутарэньні, якія я аблазіў. Я адчуў, які гэта магутны дом, зь якой гісторыяй, што можна ў лёхах натрапіць на прывід...»

Карчма ў палацы

Пасьля паўстаньняў маёмасьць у Сангушкаў была адабраная, самі яны зьбяднелі, расказвае Сураў, першы паверх быў аддадзены габрэям пад карчму. У плянах гарадзкога начальства было зрабіць добры рэстаран. Прапаноўвалі зрабіць інтэр’ер у гістарычным стылі, назваць, напрыклад, «Магістрат». Насупраць у ратушы некалі была сапраўды гарадзкая ўлада... Каб прыходзілі «паслы і радныя» і засядалі з куфлямі і келіхамі, марыць мастак.

Дарэчы, сёньня першы паверх камяніцы займае крама «Ратушная». Наконт рэстарану пакуль ня выйшла. Але спадзяваньні засталіся, кажа Сураў: дом трэба рамантаваць, таму праз два-тры гады за яго возьмуцца рэстаўратары і будаўнікі. А месца для рэстарану самае выгоднае, турыстычнае: на рагу плошчы Савецкай і вуліцы Савецкай, пешаходнай.

А пакуль Алесю Сураву ўдалося свае творчыя задумы ўвасобіць побач —прайсьці праз пляц, дзе на вуліцы Стэфана Баторыя ў краме «Баторыя» (што праўда, у звычайнай савецкай хрушчоўцы) стварыць інтэр’ер бара ў стылі часоў Вялікага княства Літоўскага. Начальства адно прасіла, каб ніякіх арлоў і рыцараў на конях. Давялося выкарыстаць іншыя гербы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG