Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макееўка на Данбасе: «Адчуваньне, што будучыні няма»


Пратэст у Макееўцы 3 лістапада.
Пратэст у Макееўцы 3 лістапада.

У кантраляванай сэпаратыстамі Макееўцы пачаліся пратэсты з-за недахопу талёнаў на ежу.

У панядзелак жыхары гораду Макееўка Данецкай вобласьці Ўкраіны, які знаходзіцца пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў, выйшлі на мітынг да будынка адміністрацыі аднаго з раёнаў з патрабаваньнем выдаць ім талёны на атрыманьне бясплатнай ежы. Дэманстранты перакрылі дарогу.

Ад кастрычніка ў Макееўцы і іншых гарадах, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў, Кіеў спыніў бюджэтныя і датацыйныя выплаты. І калі пэнсіянэры маюць магчымасьць атрымаць належныя ім сродкі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі Данецкай вобласьці, то супрацоўнікі дзяржаўных устаноў цяпер залежныя ад талёнаў на гуманітарную дапамогу. Іх выдаюць ня ўсім дарослым, якія не атрымліваюць зарплату, а толькі тым, у каго ў сям’і ёсьць непаўналетнія дзеці. На ўсіх гэтай дапамогі не хапае, што і выклікала незадаволенасьць грамадзян.

Супрацоўнікам адміністрацыі Гарняцкага раёну Макееўкі ў панядзелак ўдалося супакоіць грамадзян, якія выйшлі на мітынг, але калі ім выдадуць талёны на ежу, дакладна сказаць не змаглі. Праблему з харчаваньнем у суседняй з Макееўкай Горлаўцы нядаўна вырашалі так: прывезьлі ў горад грузавік з жывымі птушкамі, і ў выніку ў чарзе завязалася бойка.

Жыхарка Макееўкі Ірына, прозьвішча якой Радыё Свабода не публікуе па яе просьбе — зь меркаваньняў бясьпекі — кажа, што насельніцтва гораду вельмі залежыць ад гуманітарнай дапамогі:

Ірына: Заробкі перасталі выплачваць. Выхавальнікі, настаўнікі і лекары атрымалі ў верасьні аднаразовую выплату — 3000 грыўняў [прыблізна 230 долараў ЗША — РС], і ўсё! Выплат няма, таму што ўся сацыяльная сфэра Украінай не фінансуецца з-за блякаваньня нашага казначэйства. Гэта значыць, бюджэтнікі ніякіх выплат не атрымліваюць, таму яны і спрабуюць атрымаць гуманітарную дапамогу. Спачатку яе падавала Украіна, а цяпер увогуле незразумела хто. Быццам бы напачатку яе забясьпечвала «ДНР», але тады яны казалі, што бясплатную ежу будуць выдаваць адзін раз на 10 дзён, а цяпер ужо наогул няма ніякай і нічыёй.

Радыё Свабода: А на якой падставе выдаюць талёны на харчаваньне?

Ірына: Трэба напісаць заяву, падаць асабістыя дадзеныя, ксэракопіі дакумэнтаў.

РС: І што ўваходзіць у паёк?

Ірына: Звычайна па кіляграме грэчкі, рысу, цукру, мукі, паўлітра сланечнікавага алею, банка тушонкі, банка сардынаў. Вельмі рэдка бывае банка згушчонкі, пачак гарбаты.

РС: На які тэрмін гэта разьлічана?

Ірына: Казалі, што кожныя 10 дзён можна будзе атрымліваць дапамогу, але гэта не выконваецца. Раз на месяц.

РС: У сеціве былі паведамленьні аб арганізацыі бясплатных сталовых, дзе людзям раздаюць ежу.

Ірына: Гэта было ў самым пачатку верасьня. Былі дзьве сталовыя на ўвесь горад [насельніцтва Макееўкі — амаль 400 тысяч чалавек — РС]. Цяпер ніхто пра гэта ня ведае, рэклямы нідзе няма. У пачатку верасьня два тыдні сталовыя працавалі, і пра гэта ўсюды паведамлялі, туды прыходзілі. Можна было харчавацца адзін раз у дзень.

РС: Ці адчыненыя прадуктовыя крамы? Ці ёсьць праблемы з дастаўкай харчаваньня?

Ірына: У нас была буйная сетка «АТБ». Яна часова спыніла працу, таму што пастаўкі ажыцьцяўляліся з Данецку, а там, відаць, былі зачыненыя склады. Цяпер крамы поўныя прадуктаў, абы былі грошы, якіх няма.

РС: Паводле вашых назіраньняў, колькі ў горадзе засталося працаваць прадпрымальнікаў — у параўнаньні з тым, што было ў пачатку гэтага году?

Ірына: Калі прайсьціся па цэнтральных вуліцах, вельмі шмат крамаў закрыта — і адзеньня, і абутку, і сувязі. Больш за палову прадпрымальнікаў дакладна не працуюць.

РС: Вы кажаце, што перасталі выплачваць зарплаты. Гэта азначае, што людзі працягваюць хадзіць на працу, але пры гэтым заробак не атрымліваюць?

Ірына: Так, гэта так. Але гэта тычыцца ў асноўным бюджэтнай сфэры. Прыватныя прадпрыемствы прымусілі пару тыдняў таму перарэгістравацца паводле правілаў «ДНР». Яны за гэта плацілі прыблізна 200 грыўняў, і пасьля месяца працы будуць рабіць нейкія адлічэньні. Незразумела, куды гэтыя грошы пойдуць, бо бюджэту як такога няма. Таксісты кожны месяц плацяць нейкую даніну — за тое, што яны працуюць у горадзе. Вялікія праблемы і на шахтах. У нас ёсьць дзяржаўная арганізацыя, «Макееўвугаль», якая цэнтралізавана займалася збытам вугалю. Яе супрацоўнікі працягваюць хадзіць на працу, але шахты працуюць аўтаномна: калі яны знойдуць, куды збываць вугаль, тады і атрымаюць зарплату. Не на ўсіх шахтах, якія працуюць, зарплату плацяць. Шахцёры да канца верасьня атрымлівалі з украінскага бюджэту датацыі ў памеры 2/3 ад заробку — у сувязі з тым, што супрацоўнік не выходзіць на працу не па сваёй віне. Але з кастрычніка ўкраінскія выплаты спыніліся. Цяпер наогул ніякіх заробкаў няма.

РС: Сытуацыю ў Данбасе некаторыя відавочцы параўноўваюць з цяжкім крызысам 90-х гадоў, які пачаўся пасьля распаду СССР. Ці можна сапраўды правесьці такую паралель?

Ірына: Я сказала б, што сытуацыя цяпер іншая. Па вуліцах ходзяць узброеныя людзі, і ў горад выходзіць страшна. Людзі працягваюць гінуць: мой сусед пайшоў у лесапаласу і падарваўся на міне — аказваецца, там былі расьцяжкі. Здараецца, што па сацсетках адсочваюць прыхільнікаў Украіны і прыходзяць проста дадому. Проста страшна. Гэта не 90-е. Гэта нашмат горш. У 90-х людзі хадзілі на працу і атрымлівалі хоць бы частку заробку. Цяпер выплат няма зусім ніякіх. Тыя, хто падтрымлівае сэпаратыстаў, спадзяюцца, што ў «ДНР» зьявіцца бюджэт, які нібыта хочуць папаўняць за кошт адлічэньняў з шахтаў. Але шахты адпусьцілі ў вольнае плаваньне, датацыяў ад Украіны яны не атрымліваюць. Напаўняць бюджэт за кошт прыватных прадпрыемстваў мне здаецца нерэальным. Забясьпечыць горад ўсім неабходным — і заробкамі, і працоўнымі месцамі — яны ня змогуць. У 90-х была пэрспэктыва, надзея, што будзе лепш. У нас было горадаўтваральнае прадпрыемства — мэталюргічны завод: яго прадукцыя была запатрабавана, і частку з продажу мы атрымлівалі. Цяпер няма ніякіх пэрспэктываў. Нічога не прадаецца. Адчуваньне, што будучыні няма.

РС: Паводле вашых назіраньняў, бытавыя праблемы, праблемы з працай, з выплатамі заработнай платы, схіляюць людзей на бок ўкраінскага ўраду? Ці тыя, хто падтрымліваў сэпаратыстаў, застаюцца верныя сваіх поглядах?

Ірына: Калі летам былі ваенныя дзеяньні, людзі бачылі, што адбываецца, хто бамбуе горад. Яны зразумелі сваю памылку, што дарма яны хадзілі на рэфэрэндум. Цяпер, калі праблемы з пэнсіямі, іх прыходзіцца пераафармляць на Украіне, калі ўсе, хто мог, зьехалі — я ня бачу, каб тыя, што засталіся, апамяталіся. Былі выбары ^[2 лістапада на тэрыторыях, якія кантралююцца сэпаратыстамі — РС^] — былі чэргі. Людзі ідуць, як статак, па капусту і бульбу... Сумна на гэта ўсё глядзець.

РC: Капусту і бульбу бясплатна раздавалі за галасы?

Ірына: Прадавалі кіляграм бульбы, капусты, морквы ўсяго па 1 грыўні. Гэта вельмі танна.

РС: А баявыя дзеяньні спыніліся, ці часам у горадзе і ваколіцах здараюцца перастрэлкі?

Ірына: У чацьвер стралялі. У пятніцу, суботу і нядзелю была цішыня. А сёньня мы чуем, што дзесьці далёка раздаюцца выбухі.

РС: Хадзілі чуткі, што Ігар Безьлер, які кантралюе Горлаўку, Енакіева, Макееўку, нібыта заяўляў, што на падкантрольнай яму тэрыторыі часткова будуць дзейнічаць законы Украіны. Вы што-небудзь чулі пра гэта?

Ірына: Не. Тут такой інфармацыі няма. Ніхто нікому нічога вяртаць не зьбіраецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG