Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціве мне сустрэўся артыкул паўтарагадовай даўніны, які, тым ня менш, заслугоўвае таго, каб уключыць яго ў анталёгію сучаснай дыскусіі пра геяў і гамафобаў.

Аўтар, палітоляг Павал Сьвяцянкоў, на маю думку, трапна выхапіў самую сутнасьць сёньняшняй дыскусіі – яна зусім не пра сэксуальную арыентацыю. Усё нашмат глыбей. Праўда хаваецца ў бураломе савецкай гісторыі. І калі ты ведаеш гісторыю ГУЛАГу, а таксама норавы чынавенства – савецкага і постсавецкага, табе дастаткова празорлівага погляду ў гэтую цемрадзь, каб пазл імгненна склаўся ў ясную карціну.

Памятаю са школы, як шмат у размовах дарослых і дзяцей было незразумелых мне выразаў кшталту «ён цябе ракам паставіць», «што ты бяз мыла ў ср*ку лезеш», «мужык ты ці не мужык»… Толькі пасьля высьветлілася, што ўсё гэта – ГУЛАГ.

Але чытаем варты ўвагі артыкул у перакладзе з расейскай.

КРЫЗЫС РАЗЬВІТОГА ГОМАСЭКСУАЛІЗМУ

Сучасная барацьба з «гомасэксуалізмам» – гэта не канфлікт гомасэксуалаў з гетэрасэксуаламі, як пра тое пішуць СМІ. Гэта канфлікт дзьвюх розных вэрсій гомасэксуалізму – савецкай і заходняй.

Савецкі разьвіты гомасэксуалізм заснаваны на створаным пры Хрушчове лягерным мужаложніцтве. Іосіф Сталін у ссылках бываў, патрэбнасьці зьняволеных разумеў добра. Таму жаночая зона і мужчынская разьмяшчаліся побач, у пары кілямэтраў адна ад адной. Мноства мэмуарыстаў сьведчаць, што ў лягерах існавала нармальнае (з агаворкай наконт ненармальнасьці саміх канцлягераў) сямейнае жыцьцё. Жанчыны выходзілі замуж за сустрэтых у лягеры мужчын, таму што ўжо не спадзяваліся ўбачыць жывымі сваіх мужоў.

Хрушчоў і яго кліка выявілі, што ў лягерах «ябутсі» і разьнесьлі мужчынскія і жаночыя зоны на адлегласьць 100 кілямэтраў (гэтую інфармацыю я вычытаў у «Крутым маршруце» Яўгеніі Гінзбург). У лягерах расквітнеў гомасэксуалізм, прычым асаблівага кшталту.

З гледзішча блатной філязофіі, ганебна быць пасіўным гомасэксуалістам, «петухом». Затое актыўны гомасэксуаліст успрымаецца як «сапраўдны пасан». У лягерах ёсьць саслоўе «апушчаных», але няма саслоўя «тых, хто апускае». Яно сарамліва тоіцца ў ценю.

Паколькі для таго, каб «апусьціць», трэба валодаць сілай і ўладай, адносіны лягерных гомасэксуалістаў хутка супалі са структурай панаваньня, у аснове якой ляжаць адносіны ўлады-падпарадкаваньня. Лягерная філязофія пранізала ўсё савецкае грамадзтва, асабліва «сілавікоў» і спэцслужбы.

Філязофія савецкага разьвітога гомасэксуалізму пранікла нават у тыя сацыяльныя пласты, у якіх яе не павінна быць па вызначэньні. Што мае на ўвазе мэнэджэр, калі кажа, што начальства яго «вы*бала ў ж*пу»? Відавочна: «кіраўніцтва зрабіла строгую вымову». Інакш кажучы, адносіны ўлады-падпарадкаваньня ў Расеі многімі асэнсоўваюцца ў тэрмінах гомасэксуальнага палавога акту.

Гэта значыць сама «вэртыкаль улады», знакаміты «чэкісцкі крук» – гэта па сутнасьці... ну так, вы зразумелі.

Адсюль, дарэчы, і культ «сапраўднага пасана» або «мужыка», асабліва разьвіты ў гопніцкім (гэта значыць паўкрымінальным) асяродзьдзі. «Пасан» – гэта паважаны ў канцлягеры актыўны гомасэксуаліст, а зусім не нікчэмны «пятух». А навошта патрэбны гэты культ? Ды людзі проста баяцца. Баяцца, што іх «апусьцяць». А каб не «апусьцілі», трэба «апускаць» самому. Адсюль і адпаведныя паводзіны.

«Пасан» – гэта гетэрасэксуальны мужчына, які пад ціскам абставінаў і сацыяльнага асяродзьдзя паводзіць сябе як актыўны гей, але пры гэтым выдае свае паводзіны за праяву мужнасьці.

Сыстэма савецкага разьвітога гомасэксуалізму, якая асэнсоўвае адносіны ўлады-падпарадкаваньня ў тэрмінах гомасэксуальнага палавога акту, трымаецца на трох кітах. Кіт першы: страх быць «апушчаным» і тым самым прылічаным да ніжэйшай касты. Кіт другі: «веданьне жыцьця», гэта значыць веданьне пра сапраўдны характар ерархіі і прэтэнзіі на ўладу на падставе гэтага веданьня (звычайна гэта ўласьціва чыноўнікам сярэдняга зьвяна). Кіт трэці: асэнсаваньне ўладарамі працэсу кіраваньня краінай менавіта ў тэрмінах разьвітога гомасэксуалізму.

Самае пацешнае, што пераважная большасьць удзельнікаў сыстэмы савецкага разьвітога гомасэксуалізму – гетэрасэксуалы.

Савецкі разьвіты гомасэксуалізм перажывае сёньня сур'ёзны крызыс, сутыкаючыся з заходняй мадэльлю адносінаў да гомасэксуалістаў. «Што, “петухі” таксама людзі?» – гэты стогн, як песьня, нясецца з усіх узроўняў уладнай ерархіі. Менавіта канфліктам мадэляў тлумачыцца цяперашняя «гамафобія». Бо калі прызнаць «петухоў» і наогул геяў людзьмі, гэта будзе значыць, што губляюцца самі асновы панаваньня савецкага начальства.

«Пасан», які прызнаў, што ён актыўны гей, больш не «пасан». «Пятух», прызнаны ў якасьці чалавека, больш не «пятух». Савецкія лягерныя касты трашчаць па швах і гатовыя абрынуцца. Адсюль і гістэрычная барацьба з гомасэксуалізмам, на пярэднім краі якой савецкія «пасаны» зь піўнымі бутэлькамі наперавес. Каб даказаць, што яны ня геі, «пасаны» гатовыя на многае. Напрыклад, яны здольныя засунуць бутэльку ў азадак «апанэнту».

Што з гэтага ўсяго вынікае? Эўрапеізацыя закране і гэтую, вельмі інтымную галіну савецкага пекла. Разьвіты гомасэксуалізм асуджаны на той жа лёс, што і разьвіты сацыялізм. Пытаньне толькі ў тым, ці прыйдзе Расея да заходняй мадэлі адносінаў да геяў ці распрацуе якісьці свой, «сувэрэнны гомасэксуалізм».​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG