Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буда-Кашалёве рэканструююць помнік Леніну, а ў Патапаўцы дзеці мерзнуць на ўроках


У Буда-Кашалёве чакаюць абласных «Дажынак»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00

У Буда-Кашалёве чакаюць абласных «Дажынак»

Сёлета ў Беларусі ня будзе агульнарэспубліканскіх «Дажынак».

На апошнім такім фэсьце летась у Жлобіне Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што гэта даволі дарагое мерапрыемства, таму варта зьмяніць фармат і ладзіць лякальныя фэсты-кірмашы для працаўнікоў вёскі.

На пад'езьдзе да Буда-Кашалёва
На пад'езьдзе да Буда-Кашалёва

На Гомельшчыне абласныя «Дажынкі» прызначаныя на 14 лістапада ў Буда-Кашалёве. Цяпер тут пануе аўрал — райцэнтар выглядае адной вялікай будаўнічай пляцоўкай.

Самы цяжкі пэрыяд, калі перакопвалі цэнтральныя вуліцы, жыхары райцэнтру збольшага перажылі. Але працы тут, што называецца, яшчэ вышэй галавы. На вуліцы 50 год Кастрычніка дарожнікі ладзяць ходнікі. На Леніна — перакрываюць дахі пафарбаваных старых дамоў чырвонай мэталадахоўкай, парадкуюць мэмарыял воінам-вызваліцелям. Паміж вуліцай Інтэрнацыянальнай і аўтастанцыяй — руйнуюць безгаспадарныя сядзібы. Побач — будуюць танцпляцоўку, парадкуюць сквэр. А на цэнтральным пляцы перад райвыканкамам узяліся за рэканструкцыю помніка правадыру пралетарыяту Ўльянаву-Леніну.

Пэнсіянэрка Лідзія з вуліцы 21 Партзьезду апавядае:

«Абнаўляецца горад — слава Богу. Вельмі ўсё прыгожа, душа радуецца. Мы чакаем „Дажынак“. Дзякуй нашаму прэзыдэнту! Ён пра нас клапоціцца, любіць нас, старых пэнсіянэраў. Такое абнаўленьне гораду — гэта любата. Платы нам паставілі, асфальт паклалі, палісаднічкі абгарадзілі, пафарбавалі ўсё. Выйду з дому, дык мне прыемна глядзець. Не пазнаю ўжо свой дом і вуліцу 21 Партзьезду. Усё зрабілі. Куды ні едзь, ні ідзі — усюды гэтыя асфальты і платы робяць — і па сёньняшні дзень».

Майстар мясцовай дарожна-будаўнічай арганізацыі тлумачыць:

«Дарогу зрабілі: Буда-Кашалёва — Патапаўка — Забаб’е, што ідзе да аграрнага каледжа. Мы скончылі гэты аб’ект у мінулым месяцы. Але яшчэ аб’ектаў шмат. Далей вунь па вуліцы робяць мэмарыял, плітку ўкладваюць веткаўскія рабочыя разам са жлобінскімі. Па ўсіх аб’ектах трэба дарабляць».

Рамонт ходнікаў
Рамонт ходнікаў

У Буда-Кашалёве ўжо каторы месяц працуюць будаўнікі й дарожнікі, па сутнасьці, з усёй вобласьці. На падрыхтоўку да «Дажынак» ня толькі выдзелілі бюджэтныя грошы, але й абавязалі раскашэліцца шэраг арганізацыяў. У прыватнасьці, аб’яднаньне «Беларуснафта», акцыянэрнае таварыства «Гомельтранснафта „Дружба“», прадпрыемства «Гомельэнэрга», а таксама Гомельскі хімічны завод.

Апрача таго, мясцовыя ўлады ад лета ладзілі суботнікі й нядзельнікі з прыцягненьнем гараджанаў, якія працуюць, і ўтрыманьнем пэўных сумаў грошай на парадкаваньне райцэнтру. Пра гэта, прынамсі, распавядаў жыхар райцэнтру Мікалай, які працуе ў сыстэме адукацыі.

Вуліца Цэнтральная
Вуліца Цэнтральная

Мясцовая кабета Валянціна лічыць, што, плянуючы рамонтныя працы, варта было ня толькі фасады дамоў фарбаваць ды мэмарыялы парадкаваць, але і ў пад’езды шматпавярховікаў зазірнуць. У прыватнасьці, у мікрараёне «Ўсходні»:

«Мэмарыял — навошта яны наагул яго трывожылі? Яно ж там добра ўсё было. А з рамонтам трэба было пахадзіць па пад’ездах, паглядзець, якія ў нас лесьвіцы — усё абшарпана, плітка адвалілася. Грошы на капрамонт кожны месяц бяруць, а каб што рабілі — ня бачна. Канкрэтна кажу пра наш мікрараён «Усходні».

Гараджанін Барыс нарадзіўся й вырас у Буда-Кашалёве:

«Мне не спадабалася — я тут абарыген, можа, мяне будуць асуджаць, — што вадакачку прыбралі. Няхай бы яна стаяла як помнік. Узарвалі, разбурылі, зьнесьлі. Яна не перашкаджала, як мне здаецца. Можна там было зь цягам часу кавярню зрабіць. І арыенцір быў у Будзе. І яшчэ чыгунка была абгароджаная такой адлітай чыгуннай агароджай. Зьнесьлі. Паставілі бэтонную агароджу — цёмна, змрочна. Як бы ізалявалі. Гэта мне таксама не падабаецца».

На вуліцы Інтэрнацыянальная
На вуліцы Інтэрнацыянальная

Парадкуюць да «Дажынкак» у раёне й вёскі — дзе-нідзе кладуць асфальт. І асабліва — аднаўляюць і фарбуюць платы ўздоўж бойкіх трас.

Спадарыня Тацяна зь вёскі Патапаўка, аднак, кажа пра іншую праблему ў іхняй вёсцы, якая ніяк не вырашаецца:

«Мы ўбаку, да нас не даедуць госьці, але хацелася б. У нас не фарбуюць так, як тут. Але выграбаюць усё, кусты высякаюць.Усё спальваюць. Цэнтар наш, дзе школа, — адны руіны. Клюб разбураны, дзіцячы садок разбураны. У школе холадна, дзеці на ўроках у вопратцы сядзяць. Хацелася б, каб і да нас «Дажынкі» дабраліся.

Рэканструкцыя помніку Леніну
Рэканструкцыя помніку Леніну

Раённая дошка гонару з героямі.
Раённая дошка гонару з героямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG