Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парк савецкага пэрыяду


Зьезд КПСС, які адбыўся на мінулым тыдні ў Менску,— добрая нагода паразважаць наконт таго, што ў цяперашнім беларускім жыцьці засталося савецкага.

Дзейства, якое палітычна нагадвала сьпілбэргаўскі «парку юрскага пэрыяду», сьведчыць хутчэй пра тое, што істотнага ад той эпохі засталося зусім няшмат. Тэза, што Беларусь — рэлікт «саўка», даволі папулярная ў айчыннай публіцыстыцы і палітычнай рыторыцы. У адрозьненьне ад амаль што ўсіх поставецкіх краінаў у Беларусі ўлада як бы падыгрывае гэтай гульні, савецкі антураж у краіне б’е ў вочы — ад звароту «таварышчы» з вуснаў кіраўніка дзяржавы і «лініі Сталіна» да архітэктуры цэнтра Менску і шматлікіх леніных па ўсёй краіне. Наконт антуражу не паспрачаесься. А вось па сутнасьці...

Калі б жыхара БССР зь якіх 70-х гадоў машына часу перанесла ў сучаснасьць, ён бы хадзіў увесь час з адкрытым ротам.

Калі б жыхара БССР зь якіх 70-х гадоў машына часу перанесла ў сучаснасьць, ён бы хадзіў увесь час з адкрытым ротам. У крамах чаго хочаш — навалам, чэргі, блат, дэфіцыт забытыя, як дрэнны сон. Выезд з краіны, які тады быў ледзь не як падарожжа на Месяц,— калі ласка, сеў ды паехаў. Ну, не зусім, у чарзе ў пасольства трэба пастаяць, але ніякіх перашкодаў з боку ўладаў, «нашчадкаў Кастрычніку», няма. Прыватная ўласнасьць, якая ўвесь савецкі пэрыяд разглядалася як замах на сьвятыя скрыжалі, ёсьць, і ў немалых памерах, ёсьць багатыя і вельмі багатыя людзі, якія ўзбагаціліся менавіта на прыватнай уласнасьці. Ну, а наконт чытаньня, глядзеньня, слуханьня ў параўнаньні з савецкімі часамі — неба і зямля. Цяжка сказаць, што б рабіла КПСС пры наяўнасьці інтэрнэту, але цяпер тагачасную ступень інфармацыйнай манаполіі і ізаляванасьці немагчыма нават штучна ўявіць. Словам, стомісься пальцы загінаць, што зараз зусім па-іншаму, чым тады.

Гэта другаснае? Ну, як сказаць. Для мільёнаў жыхароў БССР жыцьцё складалася менавіта з гэтага, менавіта гэта іх турбавала ў першую чаргу.

Што не зьмянілася, дык гэта палітычная несвабода.

Што не зьмянілася, дык гэта палітычная несвабода. Але і тут не зусім дакладна. Несвабода засталася, зьмянілася яе прырода. Цяпер ужо забылася, таму і зьяўляюцца развагі кшталту таго, што сучаснае беларускае чынавенства, «Белая Русь», народныя сходы, якія склікаюцца раз на 5 гадоў,— гэта, маўляў, КПСС і ёсьць.

Аднак палітычная несвабода — асаблівасьць зусім ня толькі грамадзтваў савецкага тыпу. Сьвет стагодзьдзямі жыў безь яе. Значная, калі не пераважная, частка сьвету і зараз жыве пры абмежаванай палітычнай свабодзе ці пры яе адсутнасьці. Аўтарытарныя ўладары краін Лацінскай Амэрыкі ХХ стагодзьдзя, Ататурк, Садам Хусэйн, Хосьні Мубарак, правадыры Савудаўскай Арабіі, лідэры большасьці краінаў міжваеннай Усходняй Эўропы (называю першае, што прыгадалася) — хіба яны ўсе былі камуністамі ці нашчадкамі камуністаў? Не. А строгія былі рэжымы — і з палітычнымі рэпрэсіямі, і з палітвязьнямі, і цэнзурай, і з жорсткім кантролем над палітычным працэсам.

Ну так, ёсьць яшчэ адно вызначэньне, якога спасьціг лёс, падобны на лёс камунізму — фашызм. Калі не камунізм, дык фашызм. Асабліва яскрава гэта можна назіраць зараз ва ўкраінскім канфлікце, дзе бакі параўноўваюць адзін аднаго з нацыстамі і гітлераўскай Нямеччынай. Як палітычная рыторыка гэта някепска, як дакладнае апісаньне варагуючых бакоў — поўная лухта. Ну хаця б з той сумнай прычыны, што камунізм і нацызм зьнішчылі мільёны людзей, такіх маштабных людазабойцаў, як Гітлер і Сталін, сьвет ня бачыў напэўна з часоў Чынгісхана. Менавіта з гэтай прычыны абедзьве ідэалёгіі сталі зараз сынонімам пекла, а не з нацыяналізму Гітлера (у чым ён быў не самотны) і ня зь левых поглядаў Сталіна (у чым ён быў не самотны таксама). Цяперашнія аўтарытарыі адстаюць ў сэнсе людажэрнасьці ад гэтых пэрсанажаў на некалькі парадкаў. Значыць, яны — ня тыя.

І што да пуцінскіх анэксій, то Гітлер не адзіны, хто рабіў іх да яго. Бісмарк, напрыклад, казаў, што Нямеччына будзе створаная «жалезам і крывёй». І як абяцаў, так і зрабіў. Чаму Пуцін — Гітлер, а не, скажам, Бісмарк? Гэта ж атрымліваецца і не лаянка наагул. Дык справа ўся ў тым, каб аблаяць?

Тое самае і наконт «камунізму» ў сучаснай Беларусі. Гэта на погляд многіх (на мой, напрыклад) кепска арганізаваная, рэпрэсіўная, несвабодная дзяржава. Але кепская інакш, ня так, як былі кепскімі камуністычныя дзяржавы. Ну, можа яно неяк больш пачэсна супрацьстаяць сыстэме, ў якой бачыцца рэінкарнацыя абсалютнага зла нацызму ці камунізму. Але тое, што ёсьць у Беларусі — гэта не яна. Палітычна — такі сабе сярэдняй рукі аўтарытарны рэжымчык, якіх безьліч было і да ХХ стагодзьдзя, і ў ім, і пасьля. Ані кіроўнай партыі — касьцяку сацыяльна-палітычнай сыстэмы, ані ідэі, якая натхняе масы ахвяраваць і забіваць, ані мэгаламанічных плянаў заваяваньня сьвету, ані выразнага праекту будучыні. Ідэалёгія вонкі хутчэй абарончая — не чапайце нас, дайце ціха пажыць у аўтарытаным спакоі і парадку, а ўнутры — спажывецкая: чарка, скварка, патрыманая іншамарка. І гэта камунізм?

Ізноў жа — можа прадстаўляць сёньняшняе зло ў абліччы ўчорашняга, пераможанага, ў інтарэсах барацьбы і карысна: перамаглі ўчора, перамаглі дзяды і бацькі — пераможам і мы сёньня.

Але ў сэнсе посьпеху і тым больш разуменьня — ня ведаю, мне так не здаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG