Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтру анкалёгіі ў Бараўлянах перадалі частку накладу кнігі «Жыцьцё пасьля раку»


Сёньня больш за 100 асобнікаў кніжкі «Жыцьцё пасьля раку», выдадзенай у сэрыі «Бібліятэка Свабоды», трапілі да сваёй мэтавай аўдыторыі — у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі ў Бараўлянах. Цяпер пацыенты, якім пастаўлены такі дыягназ, на досьведзе 22 герояў кнігі могуць пераканацца — перамагчы анкалёгію цалкам рэальна. Але для гэтага патрэбны супольныя намаганьні лекараў, саміх хворых і блізкіх ім людзей.

Кнігі, міні-плякаты з выявамі герояў шчырых аповедаў, налепкі і ўлёткі «пеРАКможам!» Свабода перадала загадчыку аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы анкалягічнага цэнтру, кандыдату мэдычных навук Паўлу Маісееву. Імправізаваную цырымонію раз-пораз перарывалі тэлефанаваньні тых, каму патрэбная ўвага ці парада спэцыяліста.

Наколькі важна разбураць стэрэатыпнае ўяўленьне пра нібыта сьмяротны дыягназ? Ці трэба выводзіць рак з закрытай, непублічнай прасторы, афішуючы тых, хто даказаў неабгрунтаванасьць падобных сьцьвярджэньняў?

«Найперш, павінен сказаць, што трэба афішаваць не саму хваробу — яна і так афішаваная ў нас больш, чым варта. А вось тое, што трэба афішаваць нашы посьпехі ў барацьбе з гэтай хваробай, дык гэта відавочна. Бо вядома: каб людзі прыйшлі сёньня да таго ўспрыняцьця, што рак — гэта не прысуд, а гэта дыягназ, што з гэтым дыягназам трэба і спраўляцца, і вылечвацца — вось гэта, бадай, першае, што трэба, як вы кажаце, афішаваць. Больш за тое, афішаваць трэба супольныя намаганьні лекараў, пацыентаў, хворых і іх блізкіх, родных, знаёмых і г.д. Тых, хто дапамагае змагацца з гэтай хваробай».

Абсалютная бальшыня людзей, атрымаўшы анкалягічны дыягназ, не выпускаюць гэтую вестку за межы сямейнага кола. І нават адолеўшы хваробу, ня хочуць бравіраваць перамогай — хтосьці так і не дасягнуў ранейшых кандыцыяў, хтосьці — проста каб не сурочыць. Тое, што ў кнізе «Жыцьцё пасьля раку» два дзясяткі чалавек упершыню ў гісторыі беларускай мэдыцыны расказалі пра свой шлях да выздараўленьня, — гэта, на перакананьне Паўла Маісеева, сапраўдны грамадзянскі ўчынак:

«Абавязкова павінен сказаць наступнае. Я так разумею, што каб гэтая кніжка выйшла, людзі, якія тут распавядаюць пра сваё жыцьцё, пра сваю барацьбу з гэтай хваробай, пра жыцьцё пасьля хваробы, што найбольш важна, зьдзейсьнілі — хай можа сабе і ня подзьвіг, але сапраўдны грамадзянскі ўчынак. Як паказвае практыка, ня кожны з нас адважыцца вось так адкрыта распавядаць пра свае справы, пра сваю хваробу, пра тое, што адбываецца ў жыцьці пасьля гэтай хваробы. Таму відавочна, што гэта вельмі важная справа, і я лічу, што гэтая кніга таксама будзе своеасаблівай цаглінкай у нашу агульную, будучую перамогу. На што мы, прынамсі, усе спадзяёмся».

Цікаўлюся ў спадара Маісеева: каму найперш будзе адрасаваная кніга, хто будзе сярод першых яе чытачоў у анкалягічным цэнтры?

«Я думаю, гэтая кніга патрэбная перш за ўсё тым, хто выходзіць з гэтых сьценаў, хто атрымаў лекаваньне і ў каго жыцьцё, скажам так, пачынаецца наноў. Калі нават не наноў, то адназначна ў новых абставінах, бо ў любым выпадку трэба будзе нешта мяняць — звычкі, погляды на жыцьцё і шмат што іншае. Таму перш за ўсё кніга спатрэбіцца тым, хто атрымаў шанец у барацьбе з хваробай».

Націсьніце, каб загрузіць сабе кнігу «Жыцьцё пасьля раку» ў PDF

Націсьніце, каб загрузіць сабе кнігу «Жыцьцё пасьля раку» ў PDF

Масавасьць зьявы прывяла да таго, што профільныя стацыянарныя аддзяленьні запоўненыя па ўсёй краіне, значная колькасьць лекуецца амбуляторна. Пытаюся ў суразмоўцы: колькі анкалягічна хворых у Бараўлянах цяпер?

«Цяжка сказаць дакладна. Больш за 800 ложкаў у цэнтры, і відавочна, што столькі ж пацыентаў знаходзіцца на стацыянарным лячэньні. А ёсьць яшчэ тыя, хто лечыцца амбуляторна — гэта і прамянёвая тэрапія, і хіміятэрапія. Так што даволі шмат. Адзначу, што за год праводзіцца амаль 10 тысяч толькі хірургічных умяшаньняў. Шмат людзей, фактычна цэнтар запоўнены круглы год. Але ў дадзеным выпадку гэта наша плата за тое, што мы жывём. Бо чым даўжэй мы жывём, тым большая рызыка займець такую хваробу. Так ёсьць на самой справе. Калі раней людзі жылі 40–50 гадоў, то яны проста не дажывалі да раку. Сёньня гэта амаль што натуральная рэч, я ўжо неаднаразова прыводзіў вядомую ў нашым коле цытату: калі б людзі жылі да 100 гадоў, то яны ўсе паміралі б ад раку. Гэта хвароба старых людзей: чым больш чалавек жыве, тым больш у яго шанцаў мець такую хваробу».

Рак — гэта наша плата за тое, што мы жывём

Карэспандэнт: «Тым ня меней, у кнізе „Жыцьцё пасьля раку“ ёсьць людзі, якім дыягназ быў пастаўлены ў зусім маладым узросьце...»

«Канечне, гэта так. Увогуле любая хвароба мае выключэньні, і сёньня няма ніякіх сумневаў, што і для маладых людзей гэтая кніжка таксама будзе вельмі каштоўная. Моладзь як разважае? Я малады, значыць, мне рак ніяк не пагражае. Такая думка ў корані няправільная. Хвароба не выбірае — стары ты ці малады. Проста на сёньняшні дзень справа выглядае так, што найперш ад яе церпяць людзі сталага ўзросту. Але хто ведае, што будзе праз 10 ці 20 гадоў? Магчыма, усё зьменіцца, адбудуцца нейкія генэтычныя зрухі, і мы атрымаем нашмат маладзейшы ўзровень хворых. Зрэшты, і цяпер ёсьць формы раку ці злаякасныя лімфомы, якія больш характэрныя якраз для людзей маладога ўзросту, чым для сталага. Так што тут ёсьць розныя моманты, якія трэба ўлічваць».

Паводле статыстыкі, у Беларусі штогод анкалягічны дыягназ ставіцца блізу 40 тысячам чалавек, парадку 18 тысяч дачасна паміраюць. Але, як паказвае досьвед герояў кнігі «Жыцьцё пасьля раку», адцягнуць сыход, вярнуўшыся да жыцьця — зусім рэальна.

XS
SM
MD
LG