Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну не загоніш сілаю працаваць» — vox populi ў Горадні


Улада распачынае кампанію барацьбы з «дармаедамі». Як вы да гэтага ставіцеся? Ці варта залічваць у «дармаеды» тых, хто часова выяжджае на заробкі за мяжу? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Калі чалавек імкнецца ад’ехаць на заробкі, гэта азначае, што ён ня можа тут знайсьці прыстойнае працы. Калі ў нас будзе дастаткова працы, якая прыстойна аплочваецца, то ніхто нікуды не паедзе. А што да людзей, якія наагул ня хочуць працаваць, то іх і не прымусіш».

Спадар (беспрацоўны): «Я думаю, яны хочуць зь людзей грошай, бо бюджэт пусты. Але наўрад ці ў іх гэта атрымаецца. Хутчэй за ўсё, яны спусьцяць гэты закон на тармазах. Бо як гэта ўсё зрабіць практычна? Гэта ўсё пустыя словы. Сьмешна. Ну не загоніш усіх сілаю. Што гэта за рабаўладальніцкі лад? Ды ўвесь сьвет будзе сьмяяцца...»

Спадарыня: «Я станоўча стаўлюся да гэтай кампаніі. Я ўсё жыцьцё працую на дзяржаўнай працы, і чаму я павінна плаціць падаткі і забясьпечваць тых, хто не працуе, у шпіталях, паліклініках, дзіцячых садках, у турмах?.. Чаму?»

Дзяўчына: «Мне здаецца, што людзі, якія выяжджаюць працаваць за мяжу, папросту шукаюць лёгкіх грошай і лёгкай працы...»

Карэспандэнт: «А калі ў чалавека сям’я, дзеці і ён ня можа іх утрымаць за заробкі, якія плацяць у Беларусі?»

Дзяўчына: «Ну, а як тады дабіцца росквіту сваёй краіны?»

Спадар (беспрацоўны): «А калі я не магу знайсьці нармальнай працы? За мільён 700 працаваць? Гэта ня выхад са становішча. Як выжыць за гэтыя грошы? А працу нават за тры мільёны знайсьці немагчыма. Гэта толькі па знаёмстве альбо па блату знайсьці можна...»

Спадар: «Памятаеце, хацелі ўвесьці 100 даляраў на выезд за мяжу? Нічога не атрымалася. Я думаю, што і з гэтым будзе такі самы вынік. Людзі знойдуць нейкія новыя шляхі, каб пазьбегнуць перасьледу».

Спадар: «У нас многія насамрэч нідзе не працуюць, займаюцца кантрабандай, а карыстаюцца дармовымі сацыяльнымі паслугамі. Таму трэба нешта рабіць, каб яны плацілі...»

Ягоная жонка: «То што, калі чалавек будзе паміраць, ты скажаш — у вас няма сацыяльнай страхоўкі, і яго ня варта ратаваць?..»

Спадарыня: «Трэба прымушаць да працы, каб не ішлі і ня кралі, а зараблялі сваімі рукамі. Але ў наш час маладым вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Яны паезьдзілі па Расеі, набылі спэцыяльнасьці. Але тут глядзяць, якая ў іх працоўная кніжка, і ня хочуць браць на працу. І куды ім ісьці ўладкоўвацца?»

XS
SM
MD
LG