Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Карбалевіч тры дні пражыве ў аэрапорце Франкфурту: яму забаранілі ўезд у Нямеччыну

абноўлена

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч да серады вымушаны жыць у аэрапорце Франкфурту. Там яго затрымала паліцыя за тое, што перасякаў мяжу, маючы ў пашпарце славацкую шэнгенскую візу.

«Падчас пашпартнага кантролю 2 лістапада мне адмовілі ва ўезьдзе ў Нямеччыну. Але назад паехаць я ня змог, таму што не было квітка. Я цяпер вымушаны чакаць серады ў аэрапорце, на сераду маю зваротны квіток у Беларусь. Буду чакаць у аэрапорце», — паведаміў палітоляг.

Валер Карбалевіч атрымаў славацкую шэнгенскую візу ў амбасадзе Славаччыны ў Менску. Кажа, што падставай для затрыманьня магло стаць тое, што гэта яго першая паездка з новым пашпартам і новай візай:

«У мяне новы пашпарт і новая віза. І першую паездку я раблю не ў краіну, якая дала візу. Відаць, у гэтым праблема. Супрацоўнікі аэрапорту выклікалі паліцыянтаў, якія вынесьлі рашэньне, што я мушу зьехаць зь Нямеччыны. Але праз тое, што квітка няма, сытуацыя безвыходная», — сказаў Валер Карбалевіч і дадаў, што супрацоўнікі аэрапорту не прапанавалі яму ані харчаваньня, ані гатэля, дзе б ён мог дачакацца дня вяртаньня.

Палітоляг кіраваўся праз Франкфурт у Страсбур на форум за дэмакратыю, дзе адбываецца сустрэча групы беларускіх журналістаў з супрацоўнікамі Рады Эўропы.

Аэрапорт у Франкфурце
Аэрапорт у Франкфурце

У амбасадзе Славаччыны Радыё Свабода паведамілі, што памежнікі любой з краін шэнгенскай дамовы маюць права не прапусьціць чалавека празь мяжу, калі першы ўезд па візе адбываецца ня ў тую краіну, якая яе выдала:

«Калі спадар Карбалевіч прасіў у нас візу, ён павінен ведаць, што першая краіна ўезду — гэта Славаччына. Падчас падачы заявы на візу мы патрабуем дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што чалавеку трэба ў Славаччыну.

Але ўвогуле трэба ведаць, што наяўнасьць візы не азначае, што вас прапусьцяць у іншую краіну. Нават калі б ён з гэтай візай ехаў у Славаччыну, магло б так здарыцца, што яго б не прапусьцілі. Але прычыны гэтага могуць назваць толькі супрацоўнікі памежнай службы, якія вынесьлі рашэньне не прапускаць.

Наконт правіла першага ўезду — мы не памежнікі, мы не разьбіраемся. Звычайна са славацкай шэнгенскай візай першы візыт трэба зрабіць у Славаччыну. Выключэньне можа быць у выпадку, калі мерапрыемства, куды ён кіраваўся, адмянілася ці перанесенае ў іншую краіну. Тады, пры наяўнасьці дакумэнтальных пацьверджаньняў, праблемаў зь перасячэньнем мяжы іншай краіны ня будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG