Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін ня спыніцца. Вайна непазьбежная»


Вікторыя Прыдушчанка
Вікторыя Прыдушчанка

У ДНР не хаваюць, што зноў гатовыя захапіць Марыюпаль. Украінскія добраахвотнікі наракаюць на крах мірных менскіх пагадненьняў і рыхтуюцца да вайны.

Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Аляксандр Захарчанка заяўляе, што яго байцы гатовыя захапіць Марыюпаль. «Мы вядзём перамовы па Марыюпалю мірам — ня хочуць. Не атрымліваецца мірна — будзем сілай».

Пра сытуацыю ў горадзе Радыё Свабода расказала Вікторыя Прыдушчанка, кіраўніца добраахвотнай «Марыюпальскай дружыны», якая была сфармаваная для дапамогі ўкраінскім войскам у часе вызваленьня гораду ад сэпаратыстаў. У дружыне каля 200 чалавек, як цывільных, так і тых, хто мае ваенны вопыт. Дружыньнікі набылі бесьпілётны самалёт для контравыведкі на карысьць украінскіх сілаў, праводзяць валянтэрскую працу, падтрымліваюць блёк-пасты.

Свабода: Ці ўспрымаеце вы ўсур’ёз пагрозы Захарчанкі?

Прыдушчанка: Так, таму што яны ўсё бліжэй і бліжэй падыходзяць да Марыюпалю. Яны ўжо на адлегласьці 8 км. Трыццацікілямэтровая буфэрная зона, узгодненая ў Менску, якая павінна быць 15 км. з аднаго боку і 15 км. з другога, дэнээраўцамі не датрымліваецца. У чацьвер яны захапілі яшчэ адну частку з усходу, паміж імі і Марыюпалем дзесьці 10 км. Ёсьць інфармацыя, што яны спрабуюць абыйсьці яго з захаду, узяць у абцугі.

Калі Марыюпаль быў захоплены сэпаратыстамі, Вікторыі давялося яго пакінуць. Вярнуўшыся ў горад, яна стала рыхтавацца да выбараў у парлямэнт Украіны, аднак у яе мажарытарнай акрузе перамог Сяргей Мацьвіенка, які быў членам фракцыі Партыі рэгіёнаў у папярэдняй Радзе. У цэлым у Марыюпалі перамогу атрымаў Апазыцыйны блёк, рэфармаваная партыя Януковіча. Прыдушчанка кажа, што фактычна не было магчымасьці выбіраць:

Прыдушчанка: Адміністрацыйны рэсурс быў выкарыстаны на ўсе 100%. Я не магла надрукаваць улёткі ў Марыюпалі. Мне прапаноўвалі надрукаваць толькі праз 2-3 тыдні або ў 2-3 разы даражэй, чым, напрыклад, у Запарожжы. Я друкавала ўлёткі ў Запарожжы. Білборды я таксама не магла замовіць. Калі мы тэлефанавалі, каб даведацца пра свабодныя месцы, мне казалі, што палітычныя рэклямы і білборды яны не разьмяшчаюць. Не далі выкарыстаць адведзены час у эфіры ні па радыё, ні па тэлебачаньні. Адпаведна, нідзе не дастукацца і магчымасьці паказаць сябе, мець на роўных з тым, што меў Апазыцыйны блёк, у нас, дэмакратычных сіл, не было.

Вікторыя кажа, што ў горадзе складана зьявіцца з украінскім сьцягам, што яна ў свой адрас атрымлівае пагрозы.

Свабода: Вы і вашы прыхільнікі адчуваеце сябе ў меншасьці ў горадзе?

Прыдушчанка: У меншасьці. Прарасейскі настроеных грамадзян тут працэнтаў 70. Многія па-ўкраінску настроеныя людзі ўжо пакінулі Марыюпаль, эвакуаваліся. Аб’яўляе пра банкруцтва і зачыняецца адзін з самых буйных заводаў. Бізнэс паціху сыходзіць з гораду. Шматлікія крамы зачыніліся, завозяць толькі самае неабходнае, запасаў няма.

Свабода: А што Захарчанка меў на ўвазе, калі казаў, што вядуцца перамовы па Марыюпалі і нібыта яго павінны аддаць мірна? Зь кім такія перамовы вядуцца?

Прыдушчанка: Ня ведаю. У нас падазрэньне, што, мабыць, зь кіраўніцтвам краіны. Некалькі патрыятычна настроеных грамадзкіх арганізацый, у тым ліку валянтэрскіх, ініцыявалі ліст нашаму прэзыдэнту аб увядзеньні ваеннага становішча ў Данецкай і Луганскай абласьцях, ды і па ўсёй Украіне. Мы разумеем, што калі наступ пойдзе, то захопліваць будуць ня толькі Марыюпаль, а пойдуць далей. І на Запарожжа будуць падымаць людзей, і на Харкаў, і на Херсон, і на Адэсу. Трэба прызнаць, што мірны плян пацярпеў фіяска, таму што калі мы выконваем мірнае пагадненьне, то з боку ДНР і ЛНР гэтыя пагадненьні ігнаруюцца цалкам. 14 кастрычніка пахавальную працэсію ў Сартане абстралялі з мінамётаў, у нас загінула сем мірных жыхароў. Мы практычна кожны дзень губляем людзей. Нічога не мяняецца. Нашы ваенныя ня маюць права адказваць адказ агнём на наступ, на абстрэлы дэнээраўцаў. Тут падымаюцца хваляваньні, па-прарасейску настроеныя грамадзяне ўжо зараз пачалі збор подпісаў аб вывадзе ўкраінскіх войскаў. У Сартане і Талакоўцы былі мітынгі супраць украінскіх войскаў. Мы заклікаем ўвесьці ваеннае становішча. Іншага выйсьця з гэтай сытуацыі мы ня бачым.

Свабода: Вы думаеце, што аднаўленьне сур’ёзных баявых дзеяньняў непазьбежнае?

Прыдушчанка: Думаю, што непазьбежнае. Мы разумеем, што Пуцін ня спыніцца, што вайна непазьбежная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG