Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысты абвясьцілі пра перамогу на «выбарах» Захарчанкі і Платніцкага


Аляксандар Захарчанка

Аляксандар Захарчанка

Цэнтравыбаркамы сэпаратыстаў абвясьцілі вынікі «выбараў» кіраўнікоў ДНР і ЛНР. Украіна, ЭЗ і ЗША лічаць гэтыя «выбары» нелегітымнымі.

Як паведамляе ЦВК сэпаратыстаў, на «выбарах» кіраўніка ДНР перамог дзейны прэм’ер-міністар Аляксандар Захарчанка. Захарчанка набраў больш за 765 340 галасоў, намесьнік старшыні «парлямэнту Наваросіі» Аляксандар Кофман — 111 024 галасы, а дэпутат «Вярхоўнага савету» ДНР Юры Сіваконенка — 93 280 галасоў выбарцаў.

На выбарах у «парлямэнт» ДНР найбольшую колькасьць галасоў набрала грамадзкая арганізацыя «Данецкая рэспубліка», якую ўзначальвае Захарчанка.

На «выбарах» кіраўніка ЛНР таксама перамог дзейны прэм’ер-міністар — Ігар Платніцкі. Як паведамляе ЦВК сэпаратыстаў, Платніцкі набраў 63,4% галасоў (440 613), кіраўнік прафсаюзаў Алег Акімаў — 15,15% галасоў, прадпрымальнік Віктар Пенер — 10,08%, «міністар аховы здароўя» ЛНР Ларыса Айрапецян — 7,29%.

На выбарах у «парлямэнт» ЛНР перамагла грамадзкая арганізацыя «Мір Луганшчыне», якая набрала 69,46% галасоў. Выбарчы сьпіс гэтай арганізацыі ўзначальваў Платніцкі.

Ігар Платніцкі

Ігар Платніцкі

Украіна, ЭЗ і ЗША лічаць выбары ў ДНР і ЛНР незаконнымі і нелегітымнымі, і ад самага пачатку заяўлялі, што яны ня будуць прызнаныя.

У сваю чаргу, Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што «паважае волевыяўленьне жыхароў паўднёвага ўсходу» Ўкраіны і лічыць, што «абраныя прадстаўнікі атрымалі мандат для вырашэньня практычных задач па аднаўленьні нармальнага жыцьця ў рэгіёнах».

XS
SM
MD
LG