Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утвораны міжнародны грамадзкі аргкамітэт па кананізацыі Францішка Скарыны. Пра гэта паведаміў прафэсар Адам Мальдзіс 2 лістапада на зьезьдзе Таварыства беларускай мовы, якое носіць імя ўсходнеславянскага першадрукара.

Час для посьпеху такой ініцыятывы надзвычай спрыяльны. Праз тры гады Беларусь будзе сьвяткаваць 500-годзьдзе сваёй першай друкаванай кнігі, якую выдаў у Празе Францішак Скарына. Той кнігай быў перакладзены ім на беларускую мову «Псалтыр». Потым ён выдаў яшчэ 22 перакладзеныя кнігі Сьвятога Пісьма.

Да таго ж, па словах спадара Мальдзіса, немалаважным момантам ёсьць і супадзеньне імёнаў беларускага першадрукара і цяперашняга рымскага першагерарха.

Як неаспрэчны факт, які таксама ўлічылі ініцыятары, дасьледчык назваў тое, што Францішак Скарына быў ахрышчаны манахамі-бэрнардынамі ў 1498 годзе ў Полацку ў касьцёле сьвятога Францішка. Імя, якое ён атрымаў пры хросьце, у беларускай вэрсіі мае два варыянты. Сам сябе славуты палачанін у сваіх тэкстах тройчы называў Францішкам і дваццаць сем разоў Францыскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG